Павел Андрэевіч Місько () — беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Сцяг Леніна». У 1959—1964 гадах — уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці, у 1964—1967 — літаратурны супрацоўнік «Сельскай газеты», у 1967—1971 — загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1971—1972 — загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1972 года — загадчык рэдакцыі прозы, у 1976—1980 гадах — намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1968 года.

Творчасць Друкуецца з 1954 года. Як пісьменнік дэбютаваў апавяданнем у 1958 годзе (альманах «Брэст»). Першы зборнік апавяданняў і аповесцей «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваеннай вёсцы. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваеннае жыццё паказаў у рамане «Хлопцы, чые вы будзеце…» (ч. 1-2, 1990-94). Аўтар дэтэктыўна-фантастычнай аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці Паўла Місько ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматколернае народнае слова.

Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), аднаактовых п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (калектыўны зборнік «Радзіма мая дарагая», 1989) і інш.

У творы для дзяцей уваходзіць прыгодніцкі і фантастычны элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны»,1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.).

Пісаў вершы. Выдаў зборнік «Ружовыя ліўні» (2001), раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца…» (2005).

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Бібліяграфія

Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1991. «Адмаўленне ад крыжа». Кніга нарысаў. 1964 г. «Калодзеж». Зборнік апавяданняў і аповесцей. 1967 г. «Гаспадыні свайго лёсу». Кніга нарысаў. 1968 г. «Падарожжа ў калгас». Дакументальная аповесць. 1970 г. «Зямля ў нас такая». Кніга прозы для дзяцей. 1971 г. «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі». Кніга прозы для дзяцей. 1972 г. «Дзівак-чалавек». Зборнік гумару. 1972 г. «Дрэва жыцця». Кніга нарысаў. 1973 г. «Калянае лісце». Зборнік апавяданняў і аповесцей. 1974 г. «Мора Герадота». Раман. 1976 г. «Прыгоды Бульбобаў». Кніга прозы для дзяцей. 1977 г. «Чэрці ў коміне». Зборнік гумару. 1978 г. «Градабой». Раман. 1980 г. «Вясельны марафон». Зборнік гумару. 1984 г. «Грот афаліны». Кніга прозы для дзяцей. 1985 г. «Эрпіды на планеце Зямля». Кніга прозы для дзяцей. 1987 г. «Лекцыя з падвывам». Зборнік гумару. 1988 г. «Хлопцы, чые вы будзеце…». Раман. Кніга першая. 1990 г. «Мёртвыя душы». Пераклад на беларускую мову паэмы М. В. Гогаля. 1990 г. «Развітальная гастроль». 1991 г. «Прыйдзі, дзень-залацень!». Казкі дзеда Аўласкі і бабы Параскі.1993 г. «Хлопцы, чые вы будзеце…». Раман. Кніга другая. 1994 г. «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць». Аповесць (часопісны варыянт).1999 г. «Ружовыя ліўні». Зборнік вершаў. 2001 г. «Пакуль зямлю мілуе сонца…». Раман у вершах. 2005 г. «Прыгавораны да жыцця». Апавяданне, аповесці. 2007. «Востраў „Мёртвая галава“». Аповесць. «Зялёныя змеі». Аповесць.

Крыніцы

Літаратура Юрэвіч У. Абрысы. — Мн., 1976. Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. — Мн., 1977. Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. — Мн., 1982. Андраюк С. Жыць чалавекам. — Мн., 1983. Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. — Мн., 1984.

Спасылкі Прыгоды Бульбобаў (поўны тэкст па-беларуску) «Як на нашы імяніны…» (поўны тэкст па-беларуску) Пётр Яршоў. «Канёк-гарбунок». Пераклад Паўла Місько (поўны тэкст па-беларуску) Адарка і пацукі. Апавяданне. (поўны тэкст па-беларуску) Эрпіды на планеце Зямля. Аповесць. (поўны тэкст па-беларуску) Зямны вандроўнік: да 90-годдзя Паўла Місько // Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча

Катэгорыя:Паэты СССР Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі СССР Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Публіцысты СССР Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі СССР Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Драматургі СССР Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з балгарскай мовы Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі СССР Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі