Намазга-Дэпэ (, «малітоўны пагорак») — помнік археалогіі неаліту, меднага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Туркменістана. Агульная плошча — каля 70 га.

Намазга-Дэпэ месціцца за 80 км на ўсход ад Ашгабада каля мяжы з Іранам. Быў адкрыты і даследаваны ў другой палове XX ст. археолагамі і В. І. Сарыяніды.

Неалітычнае паселішча ўзнікла на месцы Намазга-Дэпэ 8200 гадоў таму. У раннім медным веку яго жыхары пачалі займацца сельскай гаспадаркай. Вырошчвалі мяккую пшаніцу, трымалі кароў, коз, авечак. Палеагенетычныя даследаванні паказалі, што генетычны склад насельніцтва Намазга-Дэпэ амаль не змяняўся з часоў неаліту. Хаця навукоўцы мяркуюць, што ў медным веку магла прысутнічаць міграцыя выхадцаў з суседняга Іранскага нагор’я, якія прынеслі новыя навыкі.

У перыяд існавання Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса Намазга-Дэпэ набыў памеры горада. У ім развіваліся рамёствы, вялося планавае будаўніцтва вуліц. Мяркуецца, што колькасць насельніцтва магла дасягаць 5 000 — 10 000 чалавек. Аднак з пачатку 2 тысячагоддзя да н.э. пачаўся заняпад, колькасць насельніцтва рэзка скарацілася. Прычынамі маглі быць пагроза з боку качэўнікаў-індаеўрапейцаў і змены клімату, якія вымушалі мясцовых жыхароў перасяляцца на паўднёвы ўсход.

Паселішча на месцы Намазга-Дэпэ праіснавала прыкладна да IV ст. да н.э.

Крыніцы

Спасылкі V. M. Masson, THE BRONZE AGE IN KHORASAN AND TRANSOXANIA Hiebert F.T., The Kopet Dag Sequence of Early Villages in Central Asia

Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты ў Туркменістане Катэгорыя:Неаліт Катэгорыя:Медны век Катэгорыя:Бронзавы век