Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый (Асамблея НДА) — саюз грамадскіх аб’яднанняў у справе развіцця прававой дзяржавы, заснаваны ў лютым 1997 годзе.

Гісторыя 22 лютага 1997 года адбыўся Устаноўчы сход Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі з удзелам звыш 250 грамадскіх аб’яднанняў. У пачатку лістапада 1998 г. прайшоў другі з'езд Асамблеі НДА з удзелам звыш 500 грамадскіх аб’яднанняў, якія складалі звыш 25% з амаль 2000 грамадскіх аб’яднанняў Беларусі«Трэці сэктар» імкліва набірае сілу // Звязда. — 1998. — № 226-227 (23577-23578). — 20 лістапада. — С. 2.. Першапачаткова Асамблея НДА дапамагала ў рэгістрацыі няўраўдавых арганізацый. Прычым работнікі Міністэрства юстыцыі самі арыентавалі арганізацыі, якія хочуць прайсці рэгістрацыю, звяртацца па дапамогу ў Асамблею НДА. У 2001 годзе Асамблея правяла кампанію «Выбірай!», у якой бралі ўдзел каля 200 НДА. Кампанія праводзілася асобна ад палітычнай агітацыйнай прэзідэнцкай кампаніі для павышэння электаральнай актыўнасці. Яе асноўнымі задачамі было «данесці аб'ектыўную інфармацыю пра перадвыбарчае становішча і агульную сітуацыю ў краіне да асноўных груп насельніцтва, стварыць аптымістычны пасыл і веру ў магчымасць пераменаў да лепшага, у пераадоленне страху перад рэпрэсіямі і боязі застацца ў меншасці, паведаміць як мага большай колькасці людзей, што неабходна прагаласаваць менавіта ў дзень выбараў — 9 верасня, што значна паменшыць магчымасць фальсіфікацый».

Асамблея правяла грамадзянскія кампаніі «Зробім лепш» (2002—2003), «Наша салідарнасць» (2003—2005), «За свабоду» (2005—2007). Да 2012 года прайшло 7 кангрэсаў Асамблеі.

Па стане на 2016 год налічвала больш за 300 аб’яднанняў-членаў. У склад Асамблеі ўваходзяць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. Асамблея працуе таксама з НДА, якія не ўваходзяць у яе склад, але прыярытэтная ўвага аддаецца сваім сябрам — як зарэгістраваным арганізацыям, так і незарэгістраваным ініцыятывам.

Асамблея НДА спрабавала тройчы атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, аднак, па розных прычынах, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адмаўляла ў рэгістрацыі.НДА: трэцяя спроба зарэгістравацца не ўдалася

З 2009 г. уручае прэмію «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». У ліпені 2011 года Асамблея НДА была зарэгістраваная ў Літве.

Адсутнасць выразных прыярытэтаў у дзейнасці і супольных мэтах у арганізацый-членаў вызначылі крызіс самаідэнтыфікацыі гэтай структуры. Пачынаючы з сярэдзіны 2000-х гадоў значнасць Асамблеі для арганізацый-членаў знізілася, хоць бюракратычная структура захавалася. Асамблея страціла свой кансалідацыйны патэнцыял.

Мэты і задачы Асамблея НДА вызначае для сябе наступныя кірункі дзейнасці: прасоўванне і адстойванне інтарэсаў НДА Беларусі шляхам салідарных дзеянняў; спрыянне развіццю НДА; забеспячэнне камунікацыі паміж арганізацыямі-членамі; інфармацыйнае забеспячэнне; падтрымка і развіццё ініцыятыўных груп; маніторынг, аналіз і ацэнка стану грамадскага сектара і прававога становішча.

Структура Кангрэс. Збіраецца аднойчы на 2 гады. Складаецца з прадстаўнікоў аб’яднанняў-удзельнікаў. Абірае Рабочую групу і Рэвізійную камісію з ліку прадстаўнікоў аб’яднанняў-членаў. Рабочая група. Збіраецца аднойчы на некалькі месяцаў. Выконвае пастановы Кангрэсу і абірае старшыню і намеснікаў з ліку сваіх членаў. Зацвярджае парадак дзейнасці падраздзяленняў. Праўленне. Складаецца са старшыні, яго намеснікаў і кіраўніка Выканаўчага бюро. Збіраецца кожныя 2 тыдні. Зацвярджае загады падраздзяленням Асамблеі. Выканаўчае бюро. Выконвае пастановы Праўлення і Рабочай групы. Рэвізійнай камісія. Падае справаздачу Кангрэсу пра грашовую дзейнасць Асамблеі.

Літаратура Арцёменка, А. (Дэ)кансалідацыя грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: зніжэнне патэнцыялу да салідарнага дзеяння, дэпалітызацыя і каштоўнасны разнабой / Алена Арцёменка // ARCHE Пачатак. — 2015. — № 4 (137). — С. 65—66.

Спасылкі Belngo.info

Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1997 годзе