Андрэй Уладзіміравіч Праневіч (нар. , Рудзенск, Мінская вобласць) — беларускі фехтавальшчык-калясачнік на шпагах і шаблях. Чэмпіён летніх Паралімпійскіх гульняў 2016 года.

Біяграфія і кар’ера Ураджэнец Рудзенска, ва ўзросце аднаго года з бацькамі пераехаў у вёску Салонікі Полацкага раёна. У 1993 годзе ў час гульняў на будоўлі зламаў пазваночнік, пасля чаго атрымаў інваліднасць I групы.

Спачатку гуляў у тэніс у Полацкім клубе інвалідаў, у 2008 годзе пачаў займацца паралімпійскім фехтаваннем пад кіраўніцтвам С. Я. Сушчына. З 2011 года ўваходзіць у склад Нацыянальнай паралімпійскай зборнай Рэспублікі Беларусь. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа па фехтаванні на інвалідных калясках.

У 2013 годзе — сярэбраны прызёр Чэмпіяната Беларусі, у 2016 годзе — чэмпіён Беларусі.

У 2014 годзе паспяхова выступіў на міжанродных спаборніцтвах: у студзені заняў 2-е месца на этапе Кубка свету ў Германіі, у сакавіку — 3-е месца на этапе Кубка свету ў Італіі, у чэрвені — 1-е месца на Чэмпіянаце Еўропы ў Францыі, у жніўні — 2-е месца на этапе Кубка свету ў Польшчы.

На Чэмпіянаце свету 2015 года ў Эгеры выйграў бронзавы медаль у індывідуальным фехтаванні на шпагах.

Выступаючы на XV летніх Паралімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра заняў першае месца ў фехтаванні на шпагах, абгуляўшы іракскага фехтавальшчыка Алі Амара з лікам 15:14. Андрэй Праневіч стаў першым беларускім паралімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.

У 2018 годзе — сярэбраны прызёр Чэмпіяната Еўропы, у 2019 годзе — бронзавы прызёр Чэмпіяната свету ў Карэі.

На пачатак 2021 года займаў першае месца ў сусветным рэйтынгу сярод спартсменаў па паралімпійскім фехтаванні.

На XVI летніх Паралімпійскіх гульнях у Токіа выступаў у фехтаванні на шпагах і шаблях. У матчы за бронзу на шпагах прайграў брытанскаму спартсмену Дзімітру Куцью і заняў 4-е месца, у спаборніцтвах на шаблях завяршыў выступленне паразай у 1/8 фінале і заняў выніковае 10-е месца.

Жыве ў Полацку. Студэнт гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Трэніруецца ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту.

Узнагароды і званні Узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені (2016). Удастоены званняў ганаровага грамадзяніна Полацка (2017), «Чалавек года Віцебшчыны-2016» і «Чалавек года Полаччыны-2014».

Спасылкі Андрэй Уладзіміравіч Праневіч на сайце «Чалавек года Віцебшчыны» Андрэй Уладзіміравіч Праневіч на сайце Полацкага краязнаўчага музея Статыстыка выступленняў на сайце olympics.com

Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Паралімпійскія чэмпіёны ад Беларусі Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Паралімпійскіх гульняў 2016 года Катэгорыя:Удзельнікі летніх Паралімпійскіх гульняў 2020 года Катэгорыя:Фехтавальшчыкі Беларусі Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Полацка Катэгорыя:Уладальнікі ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны»