Пе́ршая сусве́тная вайна́ — вайна двух геапалітычных блокаў, Антанты і Цэнтральных дзяржаў (28 ліпеня 1914 — 11 лістапада 1918).

Гэтая назва ўмацавалася ў гістарыяграфіі толькі пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе. У міжваенны перыяд ужывалася назва «Вялікая вайна» (, ), часам «Сусветная вайна» (), у Расійскай імперыі яе часам называлі «Другой Айчыннай»; затым у СССР — «імперыялістычнай вайной». Сучасную назву вайны даў афіцэр брытанскай арміі і ваенны журналіст Чарлз Рэпінгтан у сваёй публікацыі ў «Morning Post» у 1918 годзе — «World War One».

Непасрэднай нагодай да вайны паслужыла Сараеўскае забойства 28 чэрвеня 1914 года аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда сербскім студэнтам Гаўрылам Прынцыпам, які быў членам тэрарыстычнай арганізацыі «Млада Босна».

Першапачаткова вайна вялася 8 дзяржавамі, у канцы — 38 дзяржавамі з агульнай колькасцю насельніцтва звыш 1,5 млрд чал. Доўжылася 51 месяц і 2 тыдні, чалавечыя страты ўсіх бакоў каля 9,5 млн забітых, каля 20 млн параненых.

У выніку вайны спынілі сваё існаванне тры імперыі: Расійская, Аўстра-Венгерская і Асманская.

Прычыны

Перадгісторыя

Венскі кангрэс, які тэрытарыяльна ўпарадкаваў Еўропу, не даваў правоў на самавызнанне і свабоду «іншым» народам, пакідаючы ім месца пад патранажам магутных дзяржаў. Доўгі час пастанаўленні кангрэса існавалі дзякуючы так званаму Свяшчэннаму саюзу, але з часам паміж еўрапейскімі краінамі сталі ўзнікаць непаразуменні. Аб’яднанне Італіі ў 1861 годзе і Германіі ў 1871 годзе, дасягнутыя нацыяналістамі, прывялі да перастаноўкі сіл. У выніку франка-прускай вайны, Францыя страціла на карысць Германіі Эльзас і Латарынгію, што пасеяла сярод французаў жаданне помсты суседзям. У Аўстра-Венгрыі і на Балканах усе часцей узнікалі канфлікты этнічнага характару. У асноўным хваляванні адбываліся ў паўднёвай частцы імперыі, якую насялялі славяне, прыхільнікі панславізму, пашыранага Сербіяй і Расіяй. Аналагічнай дактрынай панславянізму, з’яўлялася дактрына пангерманізму, якая была пашырана сярод урадаў Германіі і Аўстра-Венгрыі, што, безумоўна, вяло да абастрэння супярэчнасцяў.

Адным з фактараў напружання паміж дзяржавамі быў імперыялізм. У выніку прагрэса індустрыяльнай рэвалюцыі Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі былі неабходны вялікія рынкі збыту для сваіх тавараў, колькасць якіх штогод павялічвалася. Гэтыя краіны актыўна ўдзельнічаюць у эканамічнай экспансіі Афрыкі, Азіі і Акеаніі. Англія і Францыя здолелі мірна вырашыць пытанні, датычныя сваіх калоній. Але яны не хацелі мірыцца з агрэсіўнай каланіяльнай палітыкай Другога Рэйха, што яшчэ больш павялічвала напружанне. На Блізкім Усходзе за распадам Асманскай імперыі ўважліва сачылі Расія і Аўстра-Венгрыя, якія рыхтаваліся да падзелу тэрыторый саслабелага суседа.

Пад канец 19 ст. узнікла новая сацыяльная і філасофская дактрына, якая атрымала назву «Сацыяльны дарвінізм». Паводле гэтай тэорыі, усе нацыі, народы і этнічныя групы павінны былі весці канкурэнцыю за сусветнае лідарства. Будавалася гэтая тэорыя на думках Дарвіна, а менавіта на біялагічнай эвалюцыі і міжвідавай канкурэнцыі, што разумелася як «выжыванне найбольш прыстасаваных». Такая ідэалогія выдатна спалучалася з імперскай палітыкай, якую праводзілі еўрапейскія дзяржавы. Апраўданая жорсткая «бітва за выжыванне» паміж краінамі, вымушала мацнейшых «з’ядаць» слабейшых, што пазней, у міжваенны перыяд, дало пачатак нацыскаму расізму. Сацыяльны дарвінізм таксама служыў апраўданнем каланізацыі ў Азіі і Афрыцы.

У дадатак, у такіх краінах як Аўстра-Венгрыя і Германія, шла барацьба паміж германскай і славянскай культурамі. Менавіта ў гэты час ваенная перавага над суседзямі стала галоўным фактарам развіцця для шматлікіх еўрапейскіх цывілізацый. Такая філасофія была каталізатарам для фармавання патрабавальных адносін паміж дзяржавамі.

Большасць краін пачала праводзіць агрэсіўную прапагандысцкую кампанію, выклікаючы такім чынам у грамадстве нянавісць і агрэсію да супернікаў. Любыя дыпламатычныя крокі разглядаліся як правакацыя.

Унутраная палітыка Германіі На парламенцкіх выбарах 1912 года ў Германіі, адносна вялікую колькасць галасоў атрымала партыя левых сацыял-дэмакратаў (Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі). Прускія юнкеры, якія склалі большасць новага парламента, асцерагаючыся росту папулярнасці левых, імкнуліся адцягнуць увагу грамадства ад палітычных спраў. Правыя пачалі шукаць знешняга канфллікту, які б з’яднаў народ і выклікаў патрыятычныя пачуцці да ўрада. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што шматлікія прускія кансерватары выступалі супраць любых ваенных дзеянняў, нават пераможных, лічачы што вайна можа выклікаць рэвалюцыйны настрой, калі б яна была доўгай і знішчальнай.

Крах саюзаў

Першая сусветная вайна часткова была справакавана існаваннем двух варожых саюзаў: Антанты (Вялікабрытанія, Францыя і Расія) і Траістага саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя і Італія), які ўзнік дзякуючы канцлеру Рэйха — Бісмарку пасля франка-прускай вайны. Бісмарк, жадаючы ізаляваць Францыю, у 1879 годзе заключыў з Аўстра-Венгрыяй ваенную дамову супраць Расіі (у выпадку вайны паміж Германіяй і Францыяй, Аўстра-Венгрыя павінна была захоўваць нейтралітэт). У 1882 годзе, скарыстаўшыся сітуацыяй, «жалезны канцлер» уцягнуў у альянс Італію, якая была незадаволена захопам французамі Тунісу. Італія павінна была застацца нейтральнай, калі б Расія атакавала Аўстра-Венгрыю. А немцы і аўстра-венгры, у сваю чаргу, згаджаліся дапамагчы італьянцам у выпадку напада французаў. Тым часам адносіны паміж Аўстра-Венгрыяй і Расіяй пагаршаліся праз сітуацыю на Балканах.

Яшчэ перад адстаўкай Бісмарк заключыў з Расіяй мірную дамову, паводле якой абодва бакі мусілі захоўваць нейтралітэт у выпадку, калі адзін з бакоў знаходзіцца ў стане вайны. Але на змену Бісмарку прыйшоў Вільгельм II (20 сакавіка 1890 года), які крута змяніў кірунак знешняй палітыкі Рэйха. Новыя прадстаўнікі ўрада былі нецярпімыя да славян, а менавіта да Расіі. Такім чынам нядаўняя мірная дамова не мела шанцаў на далейшае існаванне. Францыя скарыстала магчымасць і знайшла сабе новага саюзніка ў асобе Мікалая II, расійскага цара, заключыўшы з ім шэраг абарончых трактатаў у 1892 годзе. Тым часам Вялікабрытанія пачала насцярожана ставіцца да нямецкіх палітычных праграм, у прыватнасці велізарнага пашырэння германскага флоту, якое ставіла пад пагрозу панаванне англійскага флоту.

У 1904 годзе Францыя і Вялікабрытанія вырашылі пераадолець узаемную варожасць і аб’яднацца ў палітычна-ваенны саюз, які атрымаў назву Антанта. У 1907 годзе да саюзу далучылася Расія. Вялікабрытанія таксама мела саюзныя адносіны з Японіяй. Так Еўропа ў пачатку ХХ стагоддзя была падзелена на два варожыя лагеры: Антанта і Траісты саюз.

План Шліфена

Напружанне нарастала, вайны было не пазбегнуць. Тэарэтыкі пачалі распрацоўваць ваенныя планы. Большасць з іх лічыла, што для перамогі неабходна напасць першым і такім чынам атрымаць перавагу над праціўнікам. Для ажыццяўлення гэтага плана неабходна было як мага хутчэй аб’явіць мабілізацыю і не апынуцца ў абароне.

Нямецкае вярхоўнае кіраўніцтва разлічвала ў выпадку вайны паміж дзяржавамі хутка разабрацца з Францыяй, для таго каб Расія не паспела мабілізаваць свае велізарныя чалавечыя рэсурсы. Пасля ліквідацыі аднаго праціўніка ўсе нямецкія войскі павінны былі перайсці на ўсходні фронт. Нягледзячы на тое, што план бліцкрыга быў распрацаваны яшчэ ў 1905 годзе графам Адольфам Шліфенам, нямецкае кіраўніцтва ўскладала на яго вялікія надзеі, асабліва пасля расійска-японскай вайны, якая выявіла слабыя месцы царскай Расіі.

Гонка ўзбраенняў Еўропа рыхтавалася да вайны. Большасць краін увялі воінскую павіннасць і распрацавалі планы дзеянняў на выпадак пачатка канфлікту. Тэхналагічнае і арганізацыйнае развіццё прывялі да стварэння генеральных штабаў з выразным раскладам для мабілізацыі і наступальных аперацый.

Войскі Францыі і Германіі павялічылі сваю колькасць амаль што ўдвая. Гонка ўзбраенняў на моры была відавочнай, асабліва паміж Вялікабрытаніяй і Германіяй. Першая дзеля забеспячэння марскога панавання распрацавала новыя мадэлі ваеннай марской тэхнікі, як вынік — стварэнне ў 1906 годзе дрэдноўтаў Джонам Фішарам. Вайна 1905 года паміж Расіяй і Японіяй паказала ўсю моц сучаснага флоту і падштурхнула еўрапейскія дзяржавы да стварэння вялікай колькасці браніраваных, буйнакаліберных караблёў. Калі Вялікабрытанія павялічыла вытворчасць ваенных судоў, Германія ў адказ зрабіла тое ж, наладзіўшы вытворчасць дрэдноўтаў. Між тым міжнародныя высілкі былі накіраваныя на спыненне і запавольванне гонкі ўзбраення, у тым ліку Гаагскія канвенцыі 1899 і 1907 гадоў, якія, на жаль, не мелі поспеху.

Мараканскі і Балканскі крызісы

Інтарэсы еўрапейскіх дзяржаў яшчэ больш разышліся падчас Мараканскага і Балканскага крызісаў. У 1905 годзе Германія падтрымала Марока на шляху да незалежнасці, афрыканскую калонію, якую Брытанія перадала пад пратэктарат Францыі ў 1904 годзе. У германска-французскім канфлікце англічане занялі французскі бок, а вайны ўдалося пазбегнуць дзякуючы канферэнцыі ў Альхесірасе ў 1906 годзе, на якой Марока было замацавана за ФранцыяйAdam Stankiewicz: Geneza wybuchu I wojny światowej (pol.). konflikty.pl, 21-02-2009. [dostęp 7-06-2010]..

Іншы канфлікт быў справакаваны Аўстра-Венгрыяй, якая ў 1908 годзе анэксавала былую турэцкую правінцыю — Боснію. Пасля гэтай падзеі так званы «вялікасербскі рух» паставіў перад сабою мэту здабыць славянскую Боснію, абвастрыўшы такім чынам адносіны Аўстрыі і Сербіі. Расія, звязаная з Сербіяй саюзам, падтрымала яе ў спрэчцы і аб’явіла мабілізацыю. Але пачатак вайны гэтым разам быў адкладзены, бо Расія вырашыла выйсці з канфлікту. Тым не менш аўстра-расійскія адносіны засталіся вельмі напружаннымі.

Другі мараканскі крызіс успыхнуў у 1911 годзе, калі немцы адправілі сваіх кананераў у Агадзір, у адказ на ўвод французскіх войскаў у сталіцу Марока, горад Фес. Гэтыя войскі павінны былі абараняць еўрапейскіх жыхароў Феса ад мараканцаў, патрабуючых незалежнасці. Аднак Германія палічіла гэта парушэннем Альхесірасскага пагаднення. Англія зноў заняла бок Францыі і засцерагла Германію ад неразважлівых крокаў. Германія атрымала частку Французскай Экватэрыяльнай Афрыкі, а Францыя атрымала поўны пратэктарат над Марока.

Тым часам на Балканах успыхнулі дзве вайны, пад час якіх Грэцыя, Сербія і Балгарыя спачатку занялі амаль усю еўрапейскую тэрыторыю Турцыі, а пасля прыняліся дзяліць паміж сабою здабытую тэрыторыю (Грэцыя, Сербія і Румынія супраць Балгарыі). Таксама абвастраліся аўстра-сербскія стасункі, у прыватнасці Аўстра-Венгрыя вымусіла сербаў саступіць некаторыя тэрыторыі, здабытыя падчас нядаўніх балканскіх войн.

Сараеўскае забойства

28 чэрвеня 1914 года эрцгерцаг аўстрыйскі Франц Фердынанд, нашчадак аўстрыйскага стальца, быў застрэлены ў баснійскім Сараеве. На той час Боснія была заселена шматлікімі этнічнымі сербамі. Забойцам быў Гаўрыла Прынцып — сербскі нацыяналіст, які належаў да тэрарыстычнай арганізацыі «Чорная рука». Адразу пасля забойства Германія выказала падтрымку Аўстра-Венгрыі ў любых дальнейшых дзеяннях, тым самым правакуючы яе на ваенны канфлікт з Сербіяй. Між тым Францыя выказала падтрымку Расіі. Аўстра-Венгрыя, інфармаваная, што ініцыятарам забойства быў сербскі ўрад, выдвінула Сербіі непрымальны ўльтыматум, які фактычна пазбаўляў краіну суверэнітэту. Сербія пагадзілася амаль на ўсе пункты, у тым ліку адмаўлялася ад любых правоў на Боснію і давала згоду на ўласнае аўстрыйскае расследаванне сараеўскага забойства, аднак адхіліла запыт, паводле якога аўстрыйская паліцыя мела права дзейнічаць у сваіх інтарэсах на тэрыторыі Сербіі. Аўстра-Венгрыя палічыла адказ нездавальняючым.

Пачатак вайны