Яўстах Станіслававіч Прушынскі (Прашынскі) (; ; каля 1798Прыблізны год нараджэння зыходзячы з узросту, прыведзенага ў яго фармулярных спісах за розныя гады; запіс пра нараджэнне (хрышчэнне) ў метрычных кнігах Каралішчавіцкага, Мінскага кафедральнага і Смілавіцкага касцёлаў не выяўлены. — , маёнтак Лошыца, Мінскі павет) — буйны землеўласнік Расійскай Імперыі, мінскі губернскі маршалак (1863—1877).
Паходжанне і сям'я Належаў да сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Прушынскіх (Прашынскіх) герба «Любіч»У шляхецкім генеалагічным вывадзе ад 04.08.1800 г. Прашынскія сцвярджалі, што паходзяць з княжацкага роду, і сваім родапачынальнікам называлі князя Канстанціна Фёдаравіча Прушынскага, які жыў у пачатку XVI ст. У рэчаіснасці род Прушынскіх да княжацкіх не адносіўся, а рэальную асобу клікалі «князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі», унесенага 4 сакавіка 1800 г. у 1-ю частку, а 13 ліпеня 1826 г. перанесенага ў 6-ю частку дваранскай радаводнай кнігі Мінскай губерні і зацверджанага ў дваранстве ўказам Сената Расійскай імперыі ад 10 лютага 1837 года.
Нарадзіўся ў дваранскай каталіцкай сям’і Станіслава-Ксаверыя Антонавіча Прушынскага (каля 1768—1813), мінскага павятовага падкаморага (1797—1800), і Ганны з роду Сямашкаў (каля 1770—1820), дачкі Андрэя Сямашкі. Бацька Станіслаў Прушынскі валодаў маёнткамі Новы Двор, Трасцянец і Лошыца ў Мінскім павеце Мінскай губерні.
Быў хрышчаны ў каталіцтва.
Меў сястру Станіславу, якая была ў шлюбе з Янам Віктаравічам Любанскім, вілейскім і мінскім павятовым маршалкам, уладальнікам маёнтка Любань Вілейскага павета; а таксама братоў Людвіга-Ірынея (1796 — пасля 1820), заўчасна памерлага; Прота-Фелікса-Раймунда (1799—1849), удзельніка Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гг., падпалкоўніка бельгійскіх войск, ад'ютанта бельгійскага караля; і, верагодна, Антона Станіслававіча Прушынскага (памёр каля 1873 г.), чыім сынам быў вядомы мінскі фатограф Антон Антонавіч Прушынскі (1826—1895), адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі.
10 чэрвеня 1829 г. у мінскім кафедральным касцёле Яўстах Прушынскі ажаніўся з дваранкай-каталічкай Аленай Вінцэнтаўнай Гечэвіч (20.04.1796, г. Мінск — 1871), сваёй траюраднай сястрой, дачкой мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча (1770—1840). Для Алены Гэчэвіч гэта быў трэці шлюб: яе першым мужам быў дваранін-каталік Апалінарый Іасафатавіч Сялява (к.1784—п.1836), мінскі павятовы харунжы (1808-1811), мінскі павятовы падкаморы (1820—1823), з якім яна ўзяла шлюб 5 мая 1814 г. у Мінскім кафедральным касцёле; а другім мужам — Генрык-Артур-Аляксандр Казіміравіч Рэйтан (08.08.1799—1823/1826), уласнік маёнтка Шумяцічы Бабруйскага павета і сын слуцкага павятовага маршалка Казіміра Міхалавіча Рэйтана.
На жнівень 1865 г. Яўстах Прушынскі быў у разводзе. Дзяцей не пакінуў.
У 1859 г. стаў хросным бацькам Яўстаху Янавічу Любанскаму (1859 — пасля 1915), які пазней стаў валодаць Лошыцкім маёнткам і палацам.
Адукацыя Выпускнік Мінскай губернскай гімназіі.
Пераход у статус губернскай эліты Прадстаўнікі роду Прушынскіх у часы маленства Яўстаха адносіліся да павятовай эліты Мінскага і Ігуменскага паветаў Мінскай губерні, дзе займалі мясцовыя выбарныя дваранскія пасады. Асаблівых кар’ерных поспехаў Прушынскія ў пачатку XIX ст. займелі толькі ў Ігуменскім павеце. Так, Станіслаў Юзафавіч Прушынскі (1753—1800) двойчы абіраўся ігуменскім павятовым маршалкам (1797—1800), а пазней яго сын Міхал Станіслававіч Прушынскі (1777—1835) займаў тую ж пасаду ў 1804—1805 гг. Напэўна, Яўстаху Прушынскаму таксама было б акрэслена толькі ў Мінскім павеце займаць па выбару дваран нейкую пасаду ці пайсці па ваеннай кар’еры, калі б не ўдалыя шлюбы яго блізкіх сваякоў з Ігуменскага павета.
Вырашальным для ўваходжання Прушынскіх у склад рэгіянальнай эліты Мінскай губерні быў шлюб дачкі Станіслава Юзафавіча Прушынскага Елізаветы з мінскім віцэ-губернатарам (1816—1818) і мінскім губернатарам (1818—1831) дваранінам-каталіком Вінцэнтам Янавічам Гечэвічам (1770—1840). Другую сваю дачку Гелену Станіслаў Прушынскі выдаў за маянткоўца-каталіка Ігната Станіслававіча Манюшку (1787—1869), мінскага павятовага маршалка (1811—1812) і ігуменскага павятовага маршалка (1832—1834), а сына Андрэя Прушынскага ажаніў з князёўнай Юліяй Радзівіл. Урэшце, дачка Вінцэнта Гечэвіча Алена стала жонкай Яўстаха Прушынскага. Іншая дачка Вінцэнта Гечэвіча Сузана ўзяла шлюб з Людвікам Антонавічам Слатвінскім, ігуменскім павятовым маршалкам (1826—1832, 1838—1850) і мінскім губернскім маршалкам (1853—1859).
Паводле даследаванняў гісторыка А.Р. Раюка, «у 1795—1863 гг. для мясцовай алігархічнай эліты Мінскай губерні характэрна дамінаванне 7-8 сямей сярэднезаможнага каталіцкага маянтковага дваранства (Валадковічы, Ваньковічы, Горваты, Гечэвічы, Зяновічы, Оштарпы, Прушынскія, Ракіцкія), а таксама ўстойлівасць складу, параднёнасць, салідарнасць і канцэнтрацыя ў сваіх руках зямельнай ўласнасці і мясцовай нефармальнай ўлады, якія стваралі тым самым рэгіянальную нефармальную эліту, што пераважала на пасадах губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства губерні)».
Службовая дзейнасць
Пачынаў сваю службу па выбару дваран 18 верасня 1820 г. з невялікай пасады дэпутата ад Мінскага павета для раскладкі земскіх павіннасцей, а з 25 верасня 1823 г. — засядацеля 2-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда. 12 верасня 1826 г. быў выбраны дваранамі Мінскай губерні на значную губернскую судовую пасаду — старшыні 2-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда (зацверджаны расійскім імператарам 25 сакавіка 1827 г., пасаду заняў 29 сакавіка 1827 г.), на якую выбіраўся на два трохгоддзі запар, быў зноў зацверджаны імператарам 17 студзеня 1830 г. да 1832 г. Пасля перайменавання інстанцыі, у 1832—1839 гг. па выбару дваран і зацвярджэнні імператарам быў старшынёй Мінскай палаты грамадзянскага суда. 31 верасня 1838 г. атрымаў чын калежскага асэсара.
Як прадстаўнік мінскай рэгіянальнай дваранскай маянтковай эліты, для якой у тыя часы быў характэрны ліберальны-кансерватызм у пытаннях зямельнай і сялянскай рэформы, з 2 кастрычніка 1844 г. быў членам Мінскага губернскага камітэта для разгляду інвентароў памешчыцкіх маёнткаў, з 28 лютага 1861 па 14 верасня 1863 г. членам Мінскай губернскай па сялянскіх справах прысутнасці.
Яшчэ ў ходзе падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864) у заходніх губернях Расійскай імперыі былі забаронены дваранскія выбары і на выбарныя дваранскія пасады, у тым ліку павятовых і губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства), з 1863 г. асоб пачалі прызначаць паводле ўказанняў расійскіх улад. Яўстах Прушынскі быў першым у Мінскай губерні нявыбарным губернскім прадвадзіцелем дваранства і апошнім з ліку дваран мясцовага паходжання: займаў пасаду мінскага губернскага прадвадзіцеля (маршалка) дваранства па прызначэнні з 14 верасня 1863 г. да сваёй смерці 4 сакавіка 1877 г.
Адносна яго матываў прыняцця на сябе пасады мінскага губернскага правадыра дваранства рускі паручнік гвардыі Мікалай Ксенафонтавіч Палявы, прызначаны ў 1864 г. ад Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі членам 2-й паверкавай камісіі Бабруйскага павета, пазней успамінаў: «…калі я зблізіўся з некаторымі памешчыкамі-палякамі, я пытаў іх: што за ахвота была Прушынскаму, багатаму незалежнаму чалавеку, ставіць сябе ў такое непрыстойнае, цяжкае, двухсэнсоўнае становішча? Яны растлумачылі мне, што Прушынскі рабіў гэта з любові да айчыны; на пасадзе губернскага прадвадзіцеля дваранства ён мог абараняць многіх, стрымліваць у губернскай па сялянскіх справах прысутнасці антыпольскі кірунак, мог папярэдзіць каго трэба пра пагрозу і заступіцца за яго». Студзеньскае паўстанне было праявай жадання многіх мясцовых дваран да аднаўлення сваёй дзяржаўнасці, а параза вымусіла іх шукаць спосабы захавання сваёй культуры і ідэнтычнасці, якія былі пад пагрозай русіфікацыі з-за пасляпаўстанчай ўрадавай палітыкі Расіі. У Расійскай імперыі да пачатку 1880-х гг. галоўнай этнавызначальнай прыметай лічылася не мова, а веравызнанне: усіх парафіян Рускай праваслаўнай царквы адносілі да «рускага народа», адзінага ў трох галінах (велікарусы, маларусы і беларусы), а каталік асацыяваўся з «палякам». Гэта было прычынай для многіх беларускіх дваран зацята трымацца гістарычна-традыцыйнага каталіцкага веравызнання і знешне называць сябе «палякамі», каб этнаканфесіянальна адрознівацца ад рускіх і пазбегнуць абрусення.
Калі адміністрацыя віленскага ваеннага генерал-губернатара прызначыла у 1863 г. новых павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства і падштурхоўвала мясцовае дваранства літоўска-беларускіх губерняў прыносіць вернападданыя адрасы расійскаму імператару, то новапрызначаны (з 14 верасня 1863 г.) мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Яўстах Прушынскі падаў 25 верасня 1863 г. свой адрас ад імя дваран Мінскай губерні, які быў падпісаны 2744 асобамі, і адначасова зрабіў зварот на беларускай мове. Рускі чыноўнік адміністрацыі віленскага ваеннага генерал-губернатара А. Масолаў, сведка падзеі, напісаў у мемуарах, што гэты беларускамоўны зварот расійскія ўлады палічылі за чарговую хітрасць «палякаў»: «Ковенскае дваранства прадставіла адрас за 500-мі подпісамі 26 жніўня, затым гродненскае — у сярэдзіне верасня; у канцы верасня і мінскае разам з новым прадвадзіцелем Прушынскім, чалавекам выдатнай сумленнасці, сілы волі і розуму. Вырашыўшы скласці адрас, ён напісаў агульнае пасланне на беларускай мове з выказваннем сваіх перакананняў. Ён выказаў у ім упэўненасць у гістарычнай неабходнасці зліцця заходніх губерняў з Расіяй, але ў той жа час неабходнасць гэтага зліцця ён даказваў думкай аб панславізме. Думка гэта пусціла карані ў Мінскай губерні, бо ў ёй заключалася вядомая хітрасць палякаў, якія на ўсё згодны, абы толькі не быць і не называцца рускімі». Зварот Прушынскага была скіраваны на тое, што Расійская імперыя павінна аб’яднаць усе славянскія народы ў адной дзяржаве (панславізм), але не асіміляваць іх, а пакінуць ім (у тым ліку беларусам) права на моўную і культурную самабытнасць у адзінай імперыі пад скіпетрам рускіх цароў.
4 красавіка 1865 г. атрымаў чын стацкага саветніка, а 16 красавіка 1867 г. — правадзейнага стацкага саветніка.
З 31 ліпеня 1864 па 4 сакавіка 1877 г. быў старшынёй Мінскага дабрачыннага таварыства.
Масонства Быў членам масонскай ложы «Паўночнага шэсця пад паўночнай зоркай» у г. Мінску: па стану на 1820 г. — член ложы 1-й ст.
Узнагароды Кавалер ордэнаў Св. Станіслава 3-й ст. (02.02.1834 г.), Св. Ганны 2-й ст. (20.12.1846 г.), Св. Уладзіміра 3-й ст. (04.10.1863 г.), Св. Станіслава 1-й ст. (27.12.1868 г.), Св. Ганны 1-й ст. (01.01.1872 г.).
Узнагароджаны бронзавым медалём «У памяць вайны 1853-1856» (26.08.1856 г.), цёмна-бронзавым медалём на стужцы з дзяржаўных кветак «У памяць здушэння польскага мецяжу 1863-1864 гг.» (31.03.1865 г.), знакам узнагароды «За ўвядзенне ў дзеянне Палажэнняў 1861 г.» (28.02.1869 г.), Найвышэйшым спрыяннем за стараннасць і карысныя працы па прад’яўленні і зацвярджэнні люстрацыйных актаў (27.07.1870 г.), знакам узнагароды «За працы па пазямельным уладкаванні дзяржаўных сялян» (жнівень 1870 г.).
Гаспадарчая дзейнасць
Суседзі адзначалі гаспадарчы талент маянткоўца Прушынскага, які здолеў дабіцца высокай ураджайнасці зямлі, у тым ліку дзякуючы па-сучаснаму механізаванай апрацоўцы.