Баты́ўля — рака ў Лельчыцкім і Ельскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Славечна (басейн Дняпра).
Гідраграфія Даўжыня ракі 36,5 км, 33,9 км з іх у Ельскім раёне. Плошча вадазбору 808 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰.
Пачынаецца за 2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Заброддзе Лельчыцкага раёна, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе. Упадае ў Славечну прыкладна за 2 км на паўночны захад ад пасёлка Зялёны Бор. Даліна слабавыразная, месцамі адсутнічае, шырынёй 0,8—1,6 км. Абалона вузкая, забалочаная.
Вадазбор у межах Мазырскага Палесся. 56 % пакрыта лесам (14 % — забалочаным, 42 % — сухім). Сярэдняя вышыня вадазбору 142 м.
Рэчышча на ўсім працягу каналізавана. Берагі стромкія, абрывістыя, радзей спадзістыя і забалочаныя.
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае да 45 % гадавога сцёку.
Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. Асноўныя прытокі: каналы Забродскі, Гала, Валаўскі (справа), Зашыр’еўскі, Лукаўцы, Высока-Махнавіцкі, Белякоўскі (злева). У пойме ракі каля аграгарадка Зашыр’е Ельскага раёна створана наліўная сажалка плошчай 20 га.
Працякае па тэрыторыі мясцовага заказніка «Ельскі».
Крыніцы
Літаратура
Ліст карты M-35-10. Выданне 1989 г. Стан мясцовасці на 1986 г.
Спасылкі
Общая характеристика речной сети Гомельской области (в разрезе районов) // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора более 200 кв. км) Гомельской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Рэкі Лельчыцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Ельскага раёна Катэгорыя:Басейн Славечны