Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны (Скарынаўскі цэнтр) — дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі, якая існавала ў 1991—2004 гадах.

Дзейнасць Асноўныя напрамкі дзейнасці: гісторыя і тэорыя беларускай культуры; распрацоўка беларускай тэрміналогіі; праблемы выяўлення, вяртання і супольнага выкарыстання беларускіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, што знаходзяцца па-за межамі краіны; стварэнне інфармацыйнага банку ў галіне адукацыі, навукі, гісторыі, культуры, рэлігіі Беларусі ды інш.

Пры Нацыянальным цэнтры з 1991 года дзейнічала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў.

З 1993 года ў Цэнтры збіралася інфармацыйная база даных у дзесяці галінах: адукацыя; гісторыя; дыяспара; краязнаўства; культура; навука; нацыянальныя супольнасці; персаналіі; рэстытуцыя; сувязі паміж культурамі Беларусі і замежных краін.

У 1993 годзе ў Цэнтры была створаная бібліятэка з калекцыяй выданняў беларускай дыяспары, фонды якой папаўняліся за кошт падарункаў, па кнігаабмене, з дапамогай сувязяў Цэнтра з аб’яднаннямі беларусаў замежжа. Самыя раннія беларускамоўныя выданні ў калекцыі — кнігі ваеннага і паваеннага часоў (1940-я гады), надрукаваныя ў лагерах для перамешчаных асоб. Найбольшую частку складалі беларускія выданні ў ЗША.

На аснове сабранай базы Скарынаўскі цэнтр выдаў шасцітомны энцыклапедычны даведнік «Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах» (2000), сем зборнікаў «Вяртанне», 29 зборнікаў «Беларусіка=Albaruthenica», каля сотні нумароў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі», зборнікі, прысвечаныя культурнаму ўзаемадзеянню краін і народаў.

З сабраных з дапамогай беларусаў з усяго свету карцін, скульптур, тканін, дакументаў, кніг і іншых прадметаў у 1993 года быў створаны музей «Беларусь у свеце». Пры перадачы збораў музея педагагічнаму ўніверсітэту частка экспанатаў знікла.

Супрацоўніцтва Сумесныя даследаванні са Скарынаўскім цэнтрам ладзілі звыш 200 беларусазнаўцаў з 23 краін Азіі, Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Супрацоўнічалі з навуковымі ўстановамі Ізраіля і ЗША (Беларускі інстытут навукі і мастацтва), а таксама такіх краін Еўропы, як Латвія, Літва, Польшча (Варшаўскі ўніверсітэт і Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы У Любліне), Расія (Інстытут славяназнаўства і балканістыкі РАН) і Украіна, Англія (Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны), Балгарыя, Італія, Германія і Францыя. Да 2002 года зладзілі 45 міжнародных навуковых канферэнцый і выдалі 40 кніг. Сумесна з «Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў» зладзілі 3 міжнародныя кангрэсы беларусістаў.

Склад На 2004 год Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны (ННАЦ) налічваў 6 аддзелаў: гісторыі і тэорыі беларускай культуры; праблем хрысціянства і нацыянальнага развіцця; культурных узаемасувязяў і беларускай дыяспары; сацыяльна-палітычнай культуры і грамадскай думкі Беларусі; беларускай навуковай тэрміналогіі; інфармацыйна-асветніцкі.

Сярод загадчыкаў аддзелаў былі кандыдат гістарычных навук Сяргей Віцязь, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан, доктар фізіка-матэматычных навук Генадзь Пятроўскі і прафесар Генадзь Цыхун. Таксама навуковымі супрацоўнікамі былі дактары навук Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Крукоўскі і Леанід Лыч. У Скарынаўскім цэнтры працавала бібліятэка, якая ўключала: рукапісны фонд, 2) збор выданняў беларускай дыяспары; 3) фонд фота- і фонадакументаў; 4) дасье выразак з перыёдыкі; 5) картатэку постацяў, паселішчаў, краін, дыяспары і рэстытуцыі; 6) камп’ютарную базу даных; 7) пастаянную выставу «Беларусы ў свеце» з больш як 2000 экспанатаў. На захоўванні знаходзіліся мастацкія творы Валерыя Дзевіскібы, Яна Кузьміцкага, Пятра Мірановіча, Галіны Русак, Тамары Стагановіч і Вячкі Целеша. Пры ННАЦ дзейнічалі: грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» («МАБ»), Тэрміналагічная камісія Міністэрства адукацыі Беларусі і Скарынаўскае брацтва.

Гісторыя Ідэя стварэння Інстытута Беларусі з’явілася ў прафесара Адама Мальдзіса пасля ўбачання ім дзейнасці Славацкай маціцы. Навукова-асветніцкі цэнтр (ННАЦ) быў створаны ў 1991 годзе па рашэнні ЦК КПБ у межах мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага першадрукара Францыска Скарыны; Адам Мальдзіс стаў яго першым дырэктарам. Першапачаткова ННАЦ дзейнічаў пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Размяшчаўся ў Мінску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15 — у тым самым будынку, дзе ў савецкія часы дзейнічаў Інбелкульт.

З 1993 года Цэнтр быў перададзены з Акадэміі навук у падпарадкаванне Міністэрства адукацыі. Гэта абмежавала магчымасці яго дзейнасці, у якую ўваходзіла далёка не адукацыя. У 2002 года праз недахоп фінансавання Цэнтр быў вымушаны скараціць штат супрацоўнікаў да 20 чалавек (на 40 %).

У 2004 годзе Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр стаў структурным падраздзяленнем педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, пазбавіўшыся рэгістрацыі як юрыдычная асоба.

Пасля канчатковай ліквідацыі зборы Цэнтра былі схаваныя, картатэкі і друкаваныя выданні перададзеныя на захаванне ў Нацыянальную бібліятэку і музей літаратуры і мастацтва, экспанаты музея «Беларусы ў свеце» — у Нацыянальны гістарычны музей. Пазней частка сабраных збораў, датычная беларускай дыяспары, была перададзена ў Інстытут культуры Беларусі.

Кіраўнікі Адам Мальдзіс (1991 — снежань 1998) Любоў Уладыкоўская-Канаплянік (снежань 1998 — чэрвень 2004)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Архіў афіцыйнай старонкі ННАЦ

Катэгорыя:Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ Катэгорыя:Францыск Скарына Катэгорыя:Адукацыя ў Беларусі Катэгорыя:БДПУ імя Максіма Танка Катэгорыя:Зніклі ў 2004 годзе Катэгорыя:Беларуская дыяспара Катэгорыя:Цэнтральны раён (Мінск)