Ведрыч, Ведрач — рака ў Калінкавіцкім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Дняпро.
Даўжыня ракі 68 км. Плошча вадазбору 1330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰.
Назва На карце 1846 г. пазначаная як Ведрач.
Гідраграфія Паводле карты XVIII ст. (ПГМ) пачыналася з былога возера ля вёскі Славань (з яго брала выток і рака Свіда). Паводле карты 1846 г. пачыналася з балота паблізу вёскі Залатая Дуброва.
Цяпер пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Уюнішчы Калінкавіцкага раёна, упадае ў Дняпро каля вёскі Азершчына Рэчыцкага раёна. Цячэ па Гомельскім Палессі.
Даліна невыразная, шырыня 0,6—0,8 км. Абалона шырынёй 0,3—0,5 км, сухая, лугавая. Рэчышча каналізаванае ў 1962 г. і 1972—1976 гг. ад вытоку да вёскі Коззе на працягу 49 км; у 1989 г. праведзена рэканструкцыя на ўчастку даўжынёй 9,4 км паміж вёскамі Галоўкі і Красная Дуброва (Рэчыцкі раён). Шырыня ракі ў межань 6—8 м. У абалоне меліярацыйныя каналы.
Асноўныя прытокі Праваруч: канава Рэбуска, Катынь. Леваруч: Днепрык, Дзяражня.
Гідралагічны рэжым На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 47 %, на летне-асеннюю межань — 30 %, зімовую — 23 % аб’ёму гадавога сцёку. У разводдзе максімальнае перавышэнне ўзроўню над межанным 2,5-2,7 м.
Экалогія Ведрыч праразае тоўшчу неаген-палеагенных парод, часткова ўскрываюцца падземныя воды верхнемелавых і верхняюрскіх карбанатызаваных адкладаў. У сувязі з гэтым вада ракі Ведрыч, вадазбор якой забалочаны і залесены ў сярэднім на 47 %, мае высокае ўтрыманне кальцыю (58,8 мг/дм³), магнію (10,9 мг/дм³) і гідракарбанатаў (209,8 мг/дм³) з мінералізацыяй, якая дасягае 317,2 мг/дм³. Характэрна павышанае ўтрыманне сульфатаў, звязанае з працэсам мінералізацыі арганічных рэчываў у глебе і вымываннем з яе сернакіслых солей з наступным іх вынасам у рачную сетку. Абсалютная колькасць сульфатаў складае 5,1-15,5 мг/дм³, павялічваючыся месцамі да 38,5 мг/дм³.
У вусці ракі размешчана зона адпачынку мясцовага значэння Салтанова.
2 ліпеня 2009 года ў рацэ, за два кіламетры ад вёскі Ліскі Рэчыцкага раёна, быў выяўлены масавы мор рыбы. Была ўсталявана наяўнасць ядахімікатаў, якія патрапілі ў раку з палёў мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, на якіх праводзілася хімічная праполка.У Рэчыцкім раёне адбыўся мор рыбы // БелаПАН
Крыніцы
Літаратура
Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971. Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
Спасылкі
Катэгорыя:Прытокі Дняпра Катэгорыя:Рэкі Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Рэчыцкага раёна