Беларуская нумізматыка — тэрытарыяльная галіна нумізматыкі.
Гісторыя Станаўленню нумізматыкі як навукі папярэднічаў у гісторыі працяглы перыяд збірання манет. На землях Беларусі захапленне манетамі пашырылася ў 2-й палове XVII стагоддзя.
Найперш гэта багатая манетна-медальная калекцыя Радзівілаў у Нясвіжы, якая існавала ў XVI—XVIII стагоддзях.
Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1585) меў першую вядомую на землях Беларусі калекцыю манет у Нясвіжы. Значную калекцыю складалі скарбы, якія знаходзілі сяляне, апрацоўваючы яго зямлю. Для манет спецыяльна былі зроблены дзве велізарныя шафы з шуфлядкамі. Усе манеты былі раскладзены па асобных ячэйках, абшытых аксамітам, раскладзеныя ў шуфлядках па краінах і па гораду чаканкі. У калекцыі пераважна былі манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай — дукаты, талеры, пенязі, шэлегі, арабскія, рымскія, галандскія і іншыя грашовыя знакі.
Мікалай Радзівіл Сіротка (1549—1616) працягнуў збор калекцыі. У наноў збудаваным замку ў Нясвіжы Сіротка змясціў нумізматычную калекцыю ў спецыяльным пакоі.
У 1812 годзе, пасля сыходу французскага войска, расійскія часткі захапілі ў Нясвіжы сярод іншага 12 209 залатых і сярэбраных манет і медалёў. Усе яны былі перададзены ў 1813 годзе Харкаўскаму ўніверсітэту, пры якім у 1807 годзе быў заснаваны музей.
Крыху меншую, але таксама вялікую і славутую калекцыю старажытнасцей мелі Сапегі. Так званы «Сапежынскі збор» у Ружанах меў нумізматычную калекцыю. Потым той збор дзяліўся паміж спадкаемцамі, а асноўная частка перавезена ў Дзярэчын. Пасля паўстання 1831 года калекцыю канфіскавалі. Далейшы лёс яе невядомы.
Частка з «Сапежынскага збору» трапіла да Ганны Казіміраўны Сапега (па мужы Яблонская) (1728—1800). Тая, жывучы ў Сямяцічах на Гродзеншчыне, стварыла «Кабінет натуральнай гісторыі», дзе ў другой зале разам з вырабамі мастацтва была выстаўлена і нумізматычная калекцыя.
Вядома, што Альбета Агінская (? — пам. 1767) у сваім маёнтку Лучай паміж Глыбокім і Паставамі збірала антыкварыят, плаціла сваім сялянам, калі яны знаходзілі ў зямлі старыя рэчы ці манеты.
Мікалай Румянцаў распачаў збор сваёй калекцыі ў пачатку 1820-х гадоў. У лісце ад 7 лістапада 1821 года ён пісаў, што ў належачым яму Гомелі знайшлі збан з сярэбранымі манетамі Жыгімонта Вазы 1620-х гадоў. У 1822 годзе да калекцыі патрапіў скарб манет Арабскага Халіфату IX—X стагоддзя, знойдзены таксама ў Гомелі. Напрыканцы таго самага года да Румянцава патрапіў скарб з-пад Магілёва, які змяшчаў арабскія манеты VIII—IX стагоддзяў. Тады ж Румянцаў набывае скарб з Трокаў і шукае звесткі пра скарб, адкапаны ў Віцебску. У 1825 годзе ўсходняе аддзяленне Румянцаўскага збору налічвае 950 манет. У 1828 годзе ў калекцыі 524 антычных грэчаскіх манет. Пасля смерці Румянцава ў 1826 годзе яго калекцыя трапляе ў казённае ведамства (Санкт-Пецярбург) і ў 1831 годзе выстаўляецца для прагляду. У 1861 годзе калекцыя трапляе ў Маскву, дзе складае аснову Румянцаўскага музея.
Буйным збіральнікам манет у 1840—1860 гадах быў Яўстах Тышкевіч. Ён перадаў у створаны Віленскі музей старажытнасцей 3072 манеты. Той музей меў асобны аддзел, дзе выстаўляліся манеты і медалі, падзеленыя па дзяржавах. У 1858 годзе нумізматычны збор Віленскага музея налічваў 3264 манет (539 антычных, 283 усходніх, 426 расійскіх, 2016 літоўскіх, польскіх і заходнееўрапейскіх). У 1879 годзе манет было ўжо 4659 (319 Старажытнай Грэцыі, 160 старажытнарымскіх, 720 ўсходніх, 1318 расійскіх, 2142 літоўскіх, польскіх і заходнееўрапейскіх) і 1283 медаля.
Юзаф Слізень у сярэдзіне XIX стагоддзя ў сваім маёнтку Мсціжы (Барысаўскі павет) сярод іншых старажытных рэчаў меў вялікі збор манет.
Значную калекцыю манет меў у 1880—1890-я і Марачэўскі (Вільня), уладальнік маёнтку Хожава Вілейскага павета. Напачатку XX стагоддзя — Брадоўскі (Вільня). У 1870—1890-я вельмі актыўна на Міншчыне пачаў збіраць манеты Генрых Татур — значная частка яго калекцыі патрапіла ў 1921 годзе ў Беларускі музей у Вільні.
У той самы час на Міншчыне таксама вядомы вялікі збор Эмерыка Чапскага, які выпускаў таксама і каталогі манет Рэчы Паспалітай. У 1894 годзе частка калекцыі была перавезена ў Кракаў, дзе склала аснову музея імя Чапскага.
У 1880-х гадох распачаў працу ў Віцебску музей Вацлава Федаровіча, дзе былі манеты, знойдзеныя ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях.
Напрыканцы XIX стагоддзя рэгістрацыя і збор манетных скарбаў паступова пераходзіць да музеяў, якія стварылі ў 1870—1880 гадах пры статыстычных камітэтах Віленскай, Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Багатыя німізматычныя калекцыі мелі Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, Мінскі царкоўна-археалагічны музей.
Нумізматыка ў БССР
Міжваенны перыяд Ліхалецце Першай сусветнай вайны, рэвалюцый і перасоўванне па беларускай зямлі розных акупацыйных войскаў не лепшым чынам спрыяла захаванню манетных збораў, не кажучы ўжо пра вывучэнне і новыя даследванні.
Замежнае войска і проста злодзеі расцягнулі большасць збораў. Вядома напрыклад, што ў 1920 годзе польскае войска вывезла з Мінска Беларускі абласны музей разам з манетным зборам.
У 1918 годзе Антон Брадоўскі падараваў частку сваёй калекцыі (4,5 тыс. манет і медалёў) Віцебскаму губернскаму музею.
Пасля падзелу Беларусі і ўсталявання міру ў Заходняй Беларусі й БССР пачаўся падлік захаванага і аднаўленне страчанага.
Найлепшыя зборы манет ў Савецкай Беларусі ў міжваенны перыяд захоўвалі: Беларускі Дзяржаўны музей у Мінску (заснаваны 19 лістапада 1922 году на падставе калекцый мінскага царкоўна-археалагічнага музея, мінскага гарадскога музея, музеяў з Горак, Мсцілава і Чэрыкава. У 1927 годзе налічваў 14 тысяч манет, з якіх 11 тысяч са скарбаў, знойдзеных на землях Беларусі) Віцебскі абласны краязнаўчы музей (у лістападзе 1918 году меў перавезены Віленскі вайсковы збор) Гомельскі абласны краязнаўчы музей (створаны ў 1919 годзе, з нацыяналізаваных прыватных збораў — аснова калекцыя Паскевічаў) Магілёўскі абласны краязнаўчы музей (створаны ў 1919 на падставе былога Магілёўскага царкоўна-археалагічнага музея і калекцыі беларускага этнографа Еўдакіма Раманавіча Раманава)
У Заходняй Беларусі: Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей (заснаваны ў 1922 годзе на аснове калекцыі Юзафа Ядкоўскага. Працягваў працу пасля ўваходу ў склад Беларусі і пасля вайны) Віленскі беларускі музей
Большасць са збораў згаданых музеяў загінулі падчас Другой сусветнай вайны ці былі назаўсёды перавезены ў музеі РСФСР.
Навуковыя нумізматычныя працы ў міжваенны перыяд у БССР былі распрацаваныя слаба. Першымі працамі па нумізматыцы лічацца два артыкулы, надрукаваныя у 1927 годзе дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея Паўлам Харламповічам у Гісторыка-археалагічным зборніку. Адзін артыкул пра пражскія грошы XIV—XV стагоддзя ў манетных скарбах, другі — апісваў манетныя скарбы на землях Беларусі.
Дасюль не надрукаваны нумізматычныя працы Н. Н. Шчакаціхіна. У Дзяржаўным Эрмітажы захоўваюцца два ягоныя рукапісы «Топография кладов с литовскими монетами на территории древнего Литовского государства» (1933—1934) і «Очерк истории литовской монеты 16—17 веков», першая частка (1932—1937). Вядома, што ў 1929 годзе Шчакаціхін падрыхтаваў да друку «Обзор монетных находок Белоруссии за 1926—1928 гг.» і «Описание монетных находок на территории Минска». Аднак лёс тых прац невядомы.
У Заходняй Беларусі ў 1933 годзе Юзаф Ядкоўскі апісаў на польскай мове скарбы, знойдзеныя ў 1928—1930 гадах.
Пасляваенны перыяд Нумізматычныя даследаванні аднавіліся ў Беларусі толькі ў 1960-я гады. Аднак мелі спарадычны характар. Першым сталым даследчыкам і заснавальнікам сучаснай беларускай нумізматыкі стаў Валянцін Рабцэвіч. Дзякуючы яму і на аснове яго ўласнай калекцыі ў БДУ быў заснаваны нумізматычны кабінет.
Сучасны стан Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе грамадства пачало праяўляць зацікаўленасць да беларускай нумізматыкі, як, зрэшты, і да ўсёй гісторыі Беларусі. У СМІ і гістарычных выданнях пачалі з’яўляцца артыкулы пра грошы ВКЛ. Выдаюцца значныя працы: энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі» ў 1993 годзе, значная праца Валянціна Рабцэвіча «Нумизматика Беларуси» з’яўляецца ў 1995 годзе.
Пасля на нейкі прамежак часу надыходзіць зацішша. І толькі на пачатку XXI стагоддзя адбываецца ўздым беларускай нумізматыкі. У «Банкаўскім весніку» рэгулярна друкуюцца артыкулы, прысвечаныя манетам ВКЛ. У 2005 годзе выходзіць першы каталог-цэннік «Монеты Великого княжества Литовского, 1492—1707», праз два гады ўбачылі свет дзве кнігі на беларускай мове: навукова-папулярная «Манеты беларускай даўніны» Дзмітрыя Гулецкага і даведнік «Манеты Беларусі да 1707 года» Дзмітрыя Гулецкага, Аляксандра Грамыкі, Аляксандра Крываручкі. Матэрыялы па нумізматыцы друкуюцца ў энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». У Беларусі адбываюцца міжнародныя нумізматычныя канферэнцыі. У 2008 годзе выходзіць на прыватную ініцыятыву беларускіх калекцыянераў кніга «Калекцыйная спадчына Вялікага княства», дзе найбольш друкуецца матэрыялаў па нумізматыцы.
Гл. таксама Нумізматыка
Літаратура
Дзмітрый Гулецкі, Аляксандр Грамыка, Аляксандр Крываручка. Манеты Беларусі. да 1707 года: даведнік. — Мінск: выд. І. П. Логвінаў, 2007. Дзмітрый Гулецкі. Манеты беларускай даўніны. — Мінск: Беларусь, 2007. Генадзь Каханоўскі. Вытокі музейнай справы на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс № 2-1994. С. 79—86 Віктар Какарэка, Ілля Шталенкоў. Монеты Великого княжества Литовского, 1492—1707: каталог. — Мінск: УП «Экоперспектива», 2005. Валянцін Рабцэвіч. Нумизматика Беларуси. — Мінск: Полымя, 1995. Иван Синчук. Клады Беларуси: законодательство и практика. Минск : РУП «Минсктиппроект», 2003. Іван Сінчук. Беларуска-літоўская нумізматычная бібліяграфія 1950—2000 . Мінск : ДУ «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», 2017. Павел Харламповіч. Пражскія грошы ў беларускіх манетных скарбах // Гісторыка-археалагічны зборнік № 1. — Мінск, 1927. Павел Харламповіч. Манетныя скарбы, знойдзеныя ў Беларусі // Гісторыка-археалагічны зборнік № 1. — Мінск, 1927.
Спасылкі Барацінкі Банкноты і манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ІЗРОЙ Беларускі нумізматычны партал Скарбонка — Беларускі нумізматычны партал Нумізматыка Беларусі Нумізматычныя працы з Банкаўскага весніка ў фармаце pdf
Катэгорыя:Нумізматыка Нумізматыка