Алена Пятроўна Швайбовіч (у дзявоцтве Ксенжык; нар. , Мінск) — беларуская, польская і расійская баскетбалістка. Абаронца. Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1992 года. Заслужаны майстар спорту СССР (1992).

Біяграфія Нарадзілася 3 лютага 1966 года ў Мінску.

У 10 гадоў прыйшла ў мінскую СДЮШАР-10. Першы трэнер Алены — Аляксандр Мікалаевіч Малашка — не хацеў браць яе ў групу з-за невялікага росту. Пазней ён паверыў у яе, і ў 1978 годзе яна разам з трэнерам перайшла ў ДЮСШ «Гарызонт» (Мінск).

У 1984 годзе разам з юніёрскай зборнай Беларусі стала чэмпіёнкай Спартакіяды школьнікаў СССР у Ташкенце і атрымала запрашэнне ад вядомага трэнера Сямёна Львовіча Халіпскага ў асноўную каманду «Гарызонт».

Выступала за каманды «Гарызонт» (Мінск) (1984—1992), «Алімпія» (Познань, Польшча) (1992—1994), «Дынама» (Масква) (1994—2000).

У 1990 годзе скончыла Мінскі політэхнічны інстытут.

Муж — Аляксандр Хажайнаў, начальнік баскетбольнай каманды «Лакаматыў-Растоў». У 2003 годзе пераехала разам з мужам з Масквы ў Растоў, дзе ўладкавалася каментатарам баскетбола на мясцовым тэлебачанні.

У лютым 2006 года стала генеральным дырэктарам жаночага баскетбольнага клуба «Растоў-Дон».

Дасягненні Чэмпіёнка Польшчы (1993, 94) і Расіі (1998, 99, 2000), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў СССР (1989) і Расіі (1996), бронзавы прызёр чэмпіянату Расіі (1995, 97). Фіналіст Кубка Ронкеці (1992), удзельнік «фіналу чатырох» Еўралігі (2000), бронзавы прызёр Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (1993). Выступала ў складах юніёрскай, маладзёжнай, нацыянальнай зборных СССР, СНД і Беларусі. Сярэбраная медалістка чэмпіянату Еўропы сярод моладзі (1984), чэмпіёнка свету сярод моладзі (1985), чэмпіёнка Еўропы (1989), сярэбраны прызёр Гульняў добрай волі (1990), чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў (1992).

Узнагароды Заслужаны майстар спорту СССР (1992).

Спасылкі Швайбовіч (Ксенжик) Елена Петровна на сайце НАК Беларусі Команда мечты по баскетболу на Олимпиаде-92

Катэгорыя:Баскетбалісткі СССР Катэгорыя:Баскетбалісткі Беларусі Катэгорыя:Алімпійскія чэмпіёны па баскетболе Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Алімпійскіх гульняў 1992 года Катэгорыя:Баскетбалісты на летніх Алімпійскіх гульнях 1992 года Катэгорыя:Алімпійскія чэмпіёны ад Аб’яднанай каманды Катэгорыя:Чэмпіёны Еўропы па баскетболе Катэгорыя:Ігракі «Гарызонта» Мінск Катэгорыя:Ігракі ЖБК «Дынама» Масква Катэгорыя:Ігракі ЖБК «Алімпія» Познань