37-я партызанская брыгада імя А. Я. Пархоменкі — партызанская брыгада, створаная ў студзені 1943 года. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Бабруйскага, Старобінскага, Любанскага, Акцябрскага, Глускага раёнаў. 30 чэрвеня 1944 года брыгада (1195 партызан, 5 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй.

Склад Брыгада была арганізавана на базе атрадаў: атрад М. В. Храпко (пазней атрад імя Кірава, арганізаваны ў студзені 1942 года); атрад У. М. Шваякова (пазней імя Шчорса, арганізаваны ў студзені 1942); атрад П. Я. Ігуменава (пазней «За Савецкую Радзіму»); атрад У. К. Якавенкі (пазней імя Варашылава); атрад М. П. Сезіка (пазней імя Чапаева).

На момант злучэння з Чырвонай Арміяй у склад брыгады ўваходзілі: атрад імя Шчорса; атрад імя Чапаева; атрад імя Кірава; атрад імя Фурманава; атрад імя Арджанікідзе.

Камандаванне Камандзіры П. М. Канавалаў; А. В. Львоў.

Камісары С. К. Ляшчэня; М. В. Храпко.

Начальнікі штаба Я. М. Качанаў; С. В. Сыракваша; Я. С. Раманаў.

Гісторыя Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на лініях камунікацый. 3 жніўня 1943 года падарвалі больш за 600 рэек, 23 верасня — больш за 900 рэек, 20 чэрвеня 1944 года — каля 940 рэек. Разбілі гарнізоны ў вёсках Усцярхі Глускага, Брожа, Гарбацэвічы, Орсічы Бабруйскага раёнаў, удзельнічалі ў ліквідацыі гарнізона ў вёсцы Пратасы Акцябрскага раёна. На аэрадроме ў Бабруйску з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі 15 самалётаў. 1—20 снежня 1943 года брыгада дзейнічала разам з 37-й гвардзейскай стралковай дывізіяй. 17—25 мая 1944 года партызаны вялі баі з карнікамі падчас карнай аперацыі «Марабу» ў раёне гарадскога пасёлка Ленін, вёскак Залюцічы, Мілевічы Ленінскага раёна. 30 чэрвеня 1944 года брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй.

Памяць У 1965 годзе ў вёсцы Скаўшын Салігорскага раёна ў гонар брыгады быў пастаўлены помнік.

Літаратура

Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1943 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе