Сквер імя А. А. Грамыкі — сквер у Гомелі, размешчаны ў Цэнтральным раёне паміж адрэзкамі вуліц Савецкая, Пушкіна і ІрынінскаяГомель. Атлас. / Справоч. изд. Ред. В. А. Змачинская. — Минск : РУП «Белкартография», 2014. — С. 15.. Названы ў 2009 годзе ў гонар савецкага дзяржаўнага дзеяча А. А. ГрамыкіИсполняется 110 лет со дня рождения Андрея Громыко // Гомельское городское радио. 8 июля 2019 г..
Гісторыя
Да пачатку ХІХ ст. мясцовасць цяперашняга сквера імя А. А. Грамыкі знаходзілася за гарадскімі межамі Гомеля, прылягаючы да дарогі, якая згодна з дакументамі 1560 г. называлася ЧачэрскайАкты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 364.. Прыроднай асаблівасцю мясцовасці было яе знаходжанне ў нізіне на перападзе рэльефу і блізкасць да глыбокага яра. Яе ўласніцкую прыналежнасць і характар выкарыстання за часы Гомельскага староства пакуль прасачыць немагчыма. Верагодна, яна складала частку «грунту мѣстъ и застѣнковъ мѣстскихъ» (1560). На планах генеральнага межавання 1784 г. — аднесена да ўладанняў П. А. Румянцава-ЗадунайскагаГенеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г.Планы дач генерального и специального межевания, 1746—1917 гг. (коллекция). Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий. Л. 4.. Краязнавец А. Ф. Рогалеў паведамляе аб размяшчэнні тут да пачатку ХІХ ст. праваслаўных могілак, якія былі зладжаны пасярод ліставога лесуРогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 116.. Указанне на імавернасць гэтага ўтрымліваецца ў плане Гомеля 1799 г., дзе на адпаведнай мясцовасці паказаны невялікі лапік зямлі, пазначаны крыжамПлан местечка Гомель, 1799 г. // Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 49..
Планы 1830 і 1838 гг. фіксуюць наяўнасць у гэтай мясцовасці пэўнага аб’екта простакутнай формы, выцягнутага паралельна дарозе (будучая вуліца Румянцаўская)Гомель. Генеральный план местечка. 1830 г.Карта окрестностей местечка Гомеля снятая глазомерно в 1838 году.. Ёсць падставы меркаваць, што ён згаданы ў статыстычным апісанні Гомеля 1867 г.Гусаков, Д. Это было давно… // Гомельские ведомости. — 2008. — 26 февраля.: «У горадзе, недалёка ад гарадской бальніцы, пры шашэйнай дарозе, месціцца штучная сажалка або стаў, патрэбны ў разе пажараў. Месца вакол сажалкі нічым не занятае, пустапарожняе і ў цяперашні час не мае ніякай дагледжанасці». Прапаноўвалася зладзіць вакол сажалкі гарадскі бульвар. Невядома, як хутка гэтая прапанова была рэалізавана, але ў 1880-я гг. муніцыпальныя ўлады рупіліся аб ператварэнні бульвара «з традыцыйнай зоны масавага адпачынку ў культурны асяродак цэнтра горада»: раз на тыдзень (зазвычай на выхадных) там выступаў мясцовы аркестр, а 18 кастрычніка 1887 г. быў урачыста адкрыты «зімовы» тэатр, разлічаны на аўдыторыю больш за 400 гледачоўАляксейчанка, Г. А. Гомель у другой палове XIX — пачатку XX ст.: муніцыпальная палітыка i развіццё горада // Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст]: зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — С. 31-37..
У 1911 г. мясцовасць ужо характарызавалася як «стары гарадскі сад»Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 8.. У тагачаснай краязнаўчай літаратуры, прэсе, на планах Гомеля ён таксама называўся Бульварам (у ліку чатырох грамадскіх садоў)Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 3-4. ці Гарадскім бульварамГомель. План города на 1910 г.Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией железн. дороги и предм. Белицей [на 1913 г.] / Состав. Г. Ханин и А. Месин-Поляков.. Адзначалася, што ў ім было шмат зеляніны, што «дрэвы купамі густа разрасліся» і давалі дастаткова ценю. Бульвар лічыўся месцам пераважна («по преимуществу») дзіцячым. Шэфства над ім ажыццяўляла кіраўніцтва Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунак, намаганнямі якога сад атрымаў ажурную металічную агароджу, усталяваную ўвосень 1911 г.Гомельская копейка. — 1911. — 29 сентября. — С. 3. Ранейшая драўляная агароджа ўвесну 1912 г. была перанесена на хрысціянскія могілкі ў Новай БеліцыБульварная ограда // Полесье. — 1912. — 10 апреля. — С. 3..
Улетку 1911 г. паведамлялася аб усталяванні на бульвары чатырох новых ліхтароў фірмы «Люкс» «на жалезных рэйкавых слупах», коштам па 100 руб. кожныНовые фонари // Гомельская копейка. — 1911. — 18 июня. — С. 3.. Гаворка, хутчэй за ўсё, пра так званыя газалінавыя ліхтары.
У сувязі са святкаваннем 100-годдзя вайны 1812 г. адмысловая камісія пад старшынствам гарадскога галавы І. В. Дамброўскага ўлетку 1912 г. асобным пунктам вынесла пажаданне ўвекавечыць у Гомелі памяць аб азначанай гістарычнай падзеі праз наданне «вялікаму гарадскому саду» імя расійскага імператара Аляксандра І і ўсталяванне яму бюста ў гэтым садзе насупраць Аптэчнай вуліцыЮбилей Отечественной войны 1812 г. в Гомеле // Полесье. — 1912. — 19 июля. — С. 3.. Па ўсім відаць, прапанаваная назва так і не прыжылася, а бюст не быў усталяваны.
Адсутнасць на тэрыторыі бульвара пэўнай дамінанты (памятнага знака, цікавосткі) паўплывала на безуважнасць да яго аўтараў фатаграфічных паштовак пачатку ХХ ст. Напрыклад, сярод сарака паштовак з краявідамі тагачаснага Гомеля, апублікаваных калекцыянерам В. М. Целешам няма ніводнай, дзе б непасрэдна быў паказаны бульвар, і толькі на двух ён паказаны ўскоснаЦелеш, В. М. Гарады Беларусі на старых паштоўках [Выяўленчы матэрыял] / Вячка Целеш. — Мінск : Беларусь, 2014. — С. 128—142; 131, 140..
У 1920-я гг. Гарадскі бульвар быў перайменаваны ў Парк Парыжскай КамуныГомель и городские поселения Гомельщины: предварительные итоги переписи 1926 года и некоторые данные текущих учетов и обследований / БССР, Гомельское окружное статистическое бюро. — Речица : Тип. Комтреста, 1927. — С. 38.. У 1930-я гг. — перададзены піянерскай арганізацыі Гомеля і атрымаў назву сквера Юных піянераў ці Піянерскага сквера (парка)Гор. Гомель. У сквера Юных пионеров // Рабочий. — 1936. — 22 июля. — С. 4.Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 117.. Апошняя працягвае бытаваць сярод гамяльчан да нашага часу. На ўваходзе ў сквер былі ўсталяваны гіпсавыя фігуры піянера і піянеркі. У лакацыях сквера сталі сталі праводзіцца мерапрыемствы піянерскай арганізацыі.
Мяркуючы па аэрафотаздымках 1930-х гг. і лета 1941 г., сквер на дзве часткі падзяляла дарожка ад вуліцы Савецкай да вуліцы Парыжскай Камуны. Большая гушчыня расліннасці назіралася ў паўднёвай частцы сквера. Але і ў паўднёвай, і ў паўночнай частках меліся даволі прыкметныя пляцоўкі, вольныя ад дрэў. На поўдні месціліся круглай формы фантан (або клумба) і будынак з двусхільным дахамНямецкія аэрафотаздымкі Гомеля, 1941 год.. Апошні, верагодна, з’яўляўся жылым домам, дзе станам на 1927 г. пражывала дзве сям’і, галовы якіх значыліся як «асобы, што жывуць на дзяржаўныя ці грамадскія сродкі»Гомель и городские поселения Гомельщины: Предварит. итоги переписи 1926 г. и некоторые данные текущ. отчетов и обследований. — Речица, 1927. — С. 6-7..
Невядома, ці пераймяноўваўся сквер у часы нямецка-фашысцкай акупацыі Гомеля 1941—1943 гг. На адпаведным нямецкім плане назва аб’екта пазначана не былаМалікаў Я., Панкоў Ю. Тапаніміка Гомеля пад час нацысцкай акупацыі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2020. — № 7. — Разварот укладкі між стар. 36 і 37.. Пры гэтым уласна зялёны масіў, нягледзячы на шматлікія руйнаванні наўкол, у вайну захаваўсяГл. адпаведнае фота 1943 г. у галерэі ніжэй..
Пасля вайны ў сектары сквера на рагу вуліц Савецкай і Першамайскай была ўзведзена манументальная дошка гонару перадавікоў Гомельскай вобласці (архітэктар І. Д. Спірын). Яна ўяўляла сабой простакутную стэлу на высокім падмурку, левая і правая часткі якога мелі выступы, што служылі пастаментам для скульптур працоўных мужчыны і жанчыны адпаведна. Стэлу аздаблялі герб БССР і тытульны надпіс на беларускай мове. Ніжэй размяшчаліся шыльды з указаннем асоб і арганізацый, якія адзначыліся сваімі высокімі дасягненнямі. На падмурку знаходзілася шыльда з ленінскай цытатай на рускай мове: «Прадукцыйнасць працы, гэта, у апошнім рахунку, самае важнае, самае галоўнае для перамогі новага грамадскага ладу». Перад стэлай мелася клумба з кветкаміГомель у фотаілюстрацыях: [Альбом / Рэдкал.: У. А. Кароль (гал. рэд.) інш. — Мінск. : Звязда, 1961. — С. 83 (без пагінацыі). .
У 1983 г. тут з боку вуліцы Савецкай быў усталяваны бюст А. А. Грамыкі (скульптар І. Рукавішнікаў, архітэктары А. Клімачкін, М. Пасохін)Громыко А. А. бюст // Гомель. Энциклопедический справочник. — Мінск.: БелСэ, 1991. — С. 201., з прычыны чаго ў народзе за скверам замацавалася паралельная назва — сквер Грамыкі. Аднак яе афіцыйнае замацаванне адбылося толькі ў 2009 г. і было прымеркавана стагоддзю з дня нараджэння А. А. Грамыкі. Узвядзенне бюста ў свой час абстаўлялася ў характэрным для савецкай рыторыкі стылі як пашана з боку працоўных Гомельшчыны, што ганарацца сваімі землякаміГомель: [альбом / складальнік В. М. Некрашэвіч. — Мінск : Беларусь, 1986. — С. 30..
Розныя факты
У час гомельскіх сутыкненняў на рэлігійна-нацыянальнай глебе канца жніўня — пачатку верасня 1903 г. група антыяўрэйскіх пагромшчыкаў з ліку рабочых узброілася дошкамі, вырванымі з агароджы Гарадскога бульвара. Тут жа адбылася адна з сутычакКревер, Б. А. Гомельский процесс : Подробный отчет [сост. Б. А. Кревером по протоколам защитников и отчетам, попадавшимся в журн.: «Право» и «Восход» и в газ.: «Киев. отклики», «Одес. новости», «Рус. сл.», «Новости» и «Правительств. вестн.»] / [Предисл.: М. К.]. — Санкт-Петербург : тип. т-ва «Обществ. польза», 1907. — С. 838, 868.. У ліпені 1911 г. гомельская паліцыя затрымала двух 17-гадовых хлапцоў, якія «стралялі на бульвары з рэвальвераў»Стрельба на бульваре // Гомельская копейка. — 1911. — 4 июля. — С. 3.. 16 студзеня 2014 г. 40-гадовы кіроўца аўтобуса «МАЗ» у раёне сквера імя А. А. Грамыкі выехаў на ходнік, збіўшы 43-гадовую жанчыну, якая сканала на месцы. Прычынай здарэння з боку кіроўцы стаў «упершыню і раптоўна ўзніклы сутаргавы прыступ са стратай прытомнасці, падчас якога мужчына не мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі». Крымінальны пераслед у дачыненні да яго быў па выніках следства спыненыЗаворотная, Т. ДТП у сквера имени Громыко: поставлена точка // Правда. Гомель. Новостной портал, 18.07.2014..
Галерэя
Катэгорыя:Сады і паркі паводле алфавіта Катэгорыя:Гісторыя Гомеля Катэгорыя:Скверы Гомеля