Іва́н Ігна́тавіч Крамко́ ( в. Беражна, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства — , ) — беларускі мовазнавец.
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Другой сусветнай вайны з восені 1943 г. да ліпеня 1944 г. быў сувязным атраду «Камсамолец» на тэрыторыі Мірскага раёна.
Пасля заканчэння ў 1950 годзе сярэдняй школы ў мястэчку Мір паступіў на філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1955 годзе. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1958 года да снежня 2004 года працаваў у сектары (аддзеле) гісторыі беларускай мовы на пасадах малодшага і старшага навуковага супрацоўніка.
У 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сінтаксіс складанага сказу Слонімскіх актаў другой паловы XVI стагоддзя» (навуковы кіраўнік — М. А. Жыдовіч). У 1970 годзе яму было прысвоена навуковае званне старшага навуковага супрацоўніка.
Навуковая дзейнасць Займаўся самымі рознымі аспектамі гісторыі беларускай мовы, але ў першую чаргу яго цікавілі пытанні гістарычнай лексікалогіі і лексікаграфіі, гістарычнага сінтаксісу, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, культуры беларускай мовы. Плёнам яго шматгадовай дзейнасці сталі звыш ста трыццаці навуковых работ, сярод якіх манаграфіі «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (Т. 2, Мінск, 1968; у суаўтарстве), («Сінтаксіс Слонімскіх актаў XVI ст. (складаны сказ)» (Мінск, 1970), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (Мінск, 1970; у суаўтарстве), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (Мінск, 1979, у суаўтарстве), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст.» (Мінск, 1988, у суаўтарстве) і інш.), артыкулы ў навуковых зборніках, перыядычных выданнях («Беларуская лінгвістыка» і інш.). Даследаваў лексіку роднай вёскі Беражаны, пра што друкаваў дыялекталагічныя нататкі ў зборніках «З народнага слоўніка» (Мінск, 1975), «Жывое слова» (Мінск, 1978), «Народная словатворчасць» (Мінск, 1979); Народнае слова (Мінск, 1986), «Жывое народнае слова» (Мінск, 1992).
Прымаў удзел у рабоце VII Міжнароднага з'езду славістаў (Варшава, 1973).
Пад кіраўніцтвам К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) удзельнічаў у падрыхтоўцы другога выдання «Русско-белорусского словаря» (Мінск, 1982). Ён уваходзіў у склад рабочай групы, якая папаўняла рэестр слоўніка новымі словамі і праводзіла іх лексікаграфічную апрацоўку.
З'яўляўся сябрам калектыву па падрыхтоўцы да выдання «Статуту Вялікага Княства Літоўскага» 1588 года, выконваў адаптацыю тэксту Статута («Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведеднік. Каментарыі» [Мінск, 1989]).
Але адной з галоўнейшых спраў у навуковым жыцці стала праца над «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы». Ён быў сярод тых, хто распачынаў гэту дзейнасць, і прайшоў усе этапы работы над гэтым сапраўды ўнікальным і фундаментальным выданнем беларускай мовазнаўчай навукі.
Для слоўніка расчытаў і апрацаваў тэксты пісьменнасці розных жанраў: «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Арыстоцелевы вароты» (60-я гады XVI ст.), «Метрыка Вялікага Княства Літоўскага», дакументы, змешчаныя ў «Актах, издаваемых Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов» (Т. XIX, XX, XXXVI, XXXIX), зборнік жыцій святых другой паловы XVII ст. і інш. Прымаў удзел у стварэнні картатэкі слоўніка. Выпісаў 126 тысяч картак-цытат з вышэйназваных помнікаў старабеларускай пісьменнасці. Распрацаваў слоўнікавыя артыкулы для дваццаці васьмі выпускаў слоўніка (2, 6-9, 12, 15, 16, 18-37). Увёў у навуковы ўжытак і адпаведна ў кола крыніц «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» раней невядомы помнік «Гистория, або Повесть людей розных веры годных о образе чудовным пренайсвятейшей девы Маріи Жировицком…», упершыню надрукаваны сумесна з А. І. Мальдзісам у зборніку «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (Мінск, 1985. С. 128—132).
Узнагароды Медаль «Партызану Айчыннай вайны» II ступені (1949, за подпісам сакратара Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР А. Ф. Горкіна). Медаль «Ветэран працы» (1987). Ганаровая грамата НАН Беларусі за вялікі ўклад у падрыхтоўку «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» і ў сувязі з 70-годдзем з дня заснавання Інстытута. Падзяка Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У. Р. Гусакова за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць і значны ўклад у стварэнне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37-мі выпусках.
Спасылкі Пайшоў з жыцця Крамко Іван Ігнатавіч, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа
Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі