14 жніўня 2022 года падчас нядзельнага богаслужэння ў копцкай царкве Абу-Сіфін у горадзе Эль-Гіза на ўскраіне Каіра, Егіпет, здарыўся пажар. Міністэрства аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта паведаміла, што загінуў 41 чалавек, у тым ліку некалькі дзяцей, і 12 чалавек атрымалі раненні. Святар царквы, Абдул Масіх Бахіт, быў сярод загінулых. Пажар стаў адной з самых трагічных падзей у найноўшай гісторыі Егіпта.

Храналогія падзей 14 жніўня падчас нядзельнага богаслужэння ў царкве Абу-Сіфін сабралася не менш за 5 тыс. чалавек. Пажар пачаўся незадоўга да 9 гадзін раніцы (UTC+02:00). Па звестках Reuters, агонь заблакаваў галоўны ўваход, а эвакуацыйны выхад не быў прадугледжаны. Людзі, якія знаходзіліся на трэцім і чацвёртым паверхах, сталі падаць адзін на аднаго. Відавочцы паведамілі, што людзі спрабавалі выскачыць з вокнаў, каб выратавацца ад агню. На месца пажару было накіравана 15 пажарных машын. Ратавальнікі і карэты хуткай дапамогі прыбылі толькі праз адну гадзіну.

Прычына ўзгарання У МУС Егіпта заявілі, што пажар быў выкліканы няспраўным кандыцыянерам на другім паверсе царквы, дзе знаходзіліся некалькі навучальных класаў. Выданне Egypt Today паведаміла, што сцены ў царкве былі з драўляным аздабленнем, з-за чаго агонь змог хутка распаўсюдзіцца на вялікай плошчы.

Загінулыя і пацярпелыя Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, большасць загінула ад удушэння дымам і ад таго, што іх затапталі ў цісканіне пры спробе выбрацца з будынка. Па дадзеных адной з мясцовых бальніц, паступіла 20 цел, сярод якіх 10 дзяцей, у той час як у іншую мясцовую бальніцу паступіла 21 цела. Прадстаўнік Копцкай праваслаўнай царквы Муса Ібрагім заявіў, што пахаванне загінуўшых пройдзе ў дзвюх цэрквах у суседнім раёне Эль-Варак.

Расследаванне Генеральны пракурор Егіпта Хамада эль-Саві распарадзіўся правесці расследаванне пажару, у царкву была накіравана група пракурораў.

Катэгорыя:Пажары Катэгорыя:Жнівень 2022 года Катэгорыя:Падзеі 14 жніўня Катэгорыя:Катастрофы 2022 года