Тавары́ства стра́жы крэсо́вай, скарочана Страж крэсо́ва () — польская грамадска-палітычная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1918—1927 гадах з мэтай абароны і прасоўвання польскіх інтарэсаў на так званых «усходніх крэсах» (землях былога Вялікага Княства Літоўскага і Украіны).
Гісторыя Арганізацыя была ўтворана 19 лютага 1918 года ў Любліне самаарганізаванымі коламі польскага грамадства. Першапачатковай мэтай стварэння была абарона Холмшчыны і Падляшша ад адрыву ад польскіх зямель у выніку рашэнняў Брэсцкага мірнага дагавора.
Хутка дзейнасць таварыства пашырылася на ўсе ўсходнія тэрыторыі. Арганізацыя афіцыйна падтрымлівала федэрацыйную палітыку Начальніка дзяржавы Юзафа Пілсудскага і яго «Адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага». Таварыства ставіла сваёй мэтай адраджэнне і развіццё польскага грамадскага, палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця на ўсходніх землях праз стварэнне на месцах сеткі польскіх грамадска-гаспадарчых арганізацый. Для прасоўвання сваіх ідэй арганізацыя выдавала газету «Зорка».
Аднак унутры арганізацыі існавала моцная нацыяналістычная і антыфедэралісцкая плынь. Яшчэ ў маі 1919 года ў структуры Стражы крэсовай было створана таемнае ўнутранае кола пад назвай «Страж польская» (ініцыяванае інжынерам Тэафілам Шопам), якое ставіла на мэце барацьбу з любой палітычнай дзейнасцю, што магла б пагражаць непасрэдным інтарэсам польскай дзяржавы (напрыклад, беларускаму і літоўскаму нацыянальным рухам). Да верасня 1920 года кіраўніцтва гэтай групоўкі фактычна перахапіла ўладу ў таварыстве і пачало адкрыта праводзіць жорсткую паланізатарскую палітыку, накіраваную супраць федэралізму Пілсудскага.
Дзейнасць на тэрыторыі Беларусі У 1919—1920 гадах, падчас польска-савецкай вайны, эмісары (інструктары) Стражы крэсовай дзейнічалі паралельна з афіцыйным Грамадзянскім упраўленнем усходніх зямель (ZCZW). Яны выконвалі ролю своеасаблівых інспектараў Вышэйшай кантрольнай палаты, збіраючы падрабязную інфармацыю пра палітычныя і грамадскія настроі на месцах (асабліва ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Пружанскім, Брэсцкім і Слонімскім паветах) і дасылаючы справаздачы непасрэдна ў Бельведэр Пілсудскаму. Сярод найбольш актыўных інструктараў былі Вацлаў Форбрат-Братоўскі, Стэфан Мыдлярж, Уладзіслаў Касторы і Яўген Весэ.
У сваіх рапартах польскія эмісары адзначалі, што значная частка праваслаўнага насельніцтва рэгіёна была моцна зрусіфікавана і часта атаясамлівала сябе з рускімі («маскалямі»), а не з беларусамі. Яны фіксавалі слабасць беларускага нацыянальнага руху сярод сялянства і адзначалі выпадкі, калі мясцовыя прарасійскія дзеячы і духавенства штучна выкарыстоўвалі «беларускую» шыльду для супрацьстаяння польскай уладзе і распаўсюджвання расійскіх або бальшавіцкіх уплываў (напрыклад, дзейнасць арганізацыі «Беларуская ўправа» ў Гродна). Інструктары таксама паведамлялі, што ў некаторых мясцовасцях сяляне адмаўляліся ад адкрыцця беларускіх школ, патрабуючы замест іх польскія або рускія.
Дзейнасць Стражы крэсовай падвяргалася вострай крытыцы з боку беларускіх нацыянальных арганізацый, якія бачылі ў ёй небяспечны інструмент урадавай палітыкі паланізацыі і ліквідацыі беларускага школьніцтва.
Кіраўніцтва Станам на 29 лютага 1920 года ў кіраўніцтва (Управу) Стражы крэсовай уваходзілі: Здзіслаў Ляхніцкі (старшыня) Станіслаў Слівінскі (на той момант міністр харчавання) Стэфан Плявінскі (былы старшыня арганізацыі) Уладзіслаў Радван Тадэвуш Крыжаноўскі (намеснік падольскага ваяводы) Ян Офенберг (урач) Станіслаў Раман Дангель Юзафат Блыскаш (пасол Сойма) Лявон Бяляўскі (рэгент)
У Рэвізійную камісію ўваходзілі Міраслаў Аблязерскі, Тамаш Вільконскі, прафесар Вітальд Камянецкі, ксёндз Ян Гралеўскі і Віктар Амбразевіч.
Заняпад У 1921—1922 гадах, пасля заканчэння польска-савецкай вайны і ўсталявання новых дзяржаўных межаў паводле Рыжскага міру, актыўнасць арганізацыі паступова заняпала. Афіцыйна таварыства не было скасавана, але яго дзейнасць была фактычна прыпынена і канчаткова спынілася ў 1927 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Кароткая прадмова да «Кароткага нарысу беларускага пытаньня» Трубчык А. Г. Асноўныя кірункі дзейнасці Таварыства Стражы Крэсовай на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў час польска-савецкай вайны (1919—1921 гг.)
Катэгорыя:Арганізацыі Польшчы Катэгорыя:Заходняя Беларусь Катэгорыя:Зніклі ў 1927 годзе
Катэгорыя:Арганізацыі Польшчы Катэгорыя:Гісторыя Літвы Катэгорыя:Крэсы ўсходнія