Kernel panic (з англ.  —  «Трывога, збой у ядры», даслоўна паніка ядра) — паведамленне аб крытычнай памылцы ядра аперацыйнай сістэмы, пасля якой аперацыйная сістэма не можа працягваць далейшую працу ці далейшы працяг працы мае высокую рызыку страты дадзеных.

Звычайна гэты тэрмін ужываецца ў асяроддзі аперацыйных сістэм тыпу UNIX. Эквівалент такой памылкі – "сіні экран" у аперацыйных сістэмах Microsoft Windows. Яе імя звязана з тэкстам памылкі віду Kernel panic: … і імем функцыі ядра panic() з арыгінальнай АС UNIX.

Kernel panic таксама магчымы на Android, які грунтуецца на ядры Linux, і ў саміх Linux-сістэмах. Паколькі Mac OS X і iOS грунтуюцца на Darwin, якая з’яўляецца падсямействам UNIX-сістэм, яны таксама схільныя kernel panic.

Прычыны Kernel Panic Адной з самых распаўсюджаных прычын kernel panic з’яўляецца немагчымасць знайсці і змантаваць каранёвую файлавую сістэму. Часта гэта памылка канфігурацыі, якая можа быць выпраўлена пры перазагрузцы ядра ўручную.

У Linux узнікненню панікі ядра часта папярэднічае стан пад назвай "oops". У шэрагу выпадкаў «oops» можа прыводзіць да такога ж непрацаздольнага стану сістэмы, як і паніка ядра.

У большасці астатніх выпадкаў чыннікам kernel panic з’яўляецца крытычная апаратная памылка (адмова аператыўнай памяці, памылка працэсара, матчынай платы, відэакарты ці іншай крытычна важнай прылады) ці памылка ў самім ядры АС (напрыклад, спроба звароту да няслушнага ці забароненага адрасу ў памяці). Таксама прычынай для панікі ядра могуць быць памылкі ў апаратных драйверах (асабліва перыферыйных) прылад або адсутнасць гэтых драйвераў. Ядро таксама можа перайсці ў panic(), калі ёсць памылкі ў файлавай сістэме або яно ўвогуле яе не знайшло. Падчас фінальнай стадыі ініцыялізацыі прасторы карыстальніка, kernel panic звычайна ўзнікае тады, калі не атрымліваецца запусціць init, бо, нягледзячы на запушчанае і працаздольнае ядро, сама сістэма ўсё яшчэ застаецца ў непрацоўным стане. Kernel panic можа быць выкліканы і прыкладной праграмай, калі тая некарэктна працуе з ядром. Так, памылка ў Google Chrome выклікала kernel panic у Mac OS X.

Катэгорыя:Linux