Церабунская сядзіба — колішняя сядзіба ў Церабуні Брэсцкага раёна.
Гісторыя Упершыню згаданы як Церабунскі двор, вялікакняская ўласнасць у канцы XIV ст. Да 1430 года Церабунь належала роду Кучукаў, а неўзабаве Церабунскі маёнтак зноў у ліку вялікакняскіх уладанняў. У 1483 годзе кароль Казімір надаў «пруд» на Лясной, што пад Церабунем, Солтану Аляксандравічу, а ў пачатку XVI ст. Церабунскі двор перайшоў да наступнага ўласніка — Яўстафія Дашковіча.
Пасля смерці Дашковіча каралеўскім прывілеям Церабунь перададзены князю Івану Дзмітрыевічу Шуйскаму. Удава Івана Шуйскага Марына Багданаўна з Багавіцінавічаў выйшла замуж за Пятра Гнаенскага, але маёнтак застаўся ў сыноў Шуйскіх — Мануіла і Івана. З 1580 года маёнтак ва ўласнасці Мануіла, а з 1609 года Яна Шуйскага. У гэты час Ян Шуйскі пабудаваў у сваім маёнтку ўніяцкую царкву (захавалася як праваслаўная і размешчана ў Кацельні-Баярскай) і мураваны замак каля ўпадзення Лясной у Буг.
Пасля Шуйскіх у Церабуні гаспадарылі Грабоўскія, якія пабудавалі тут невялікі дом (часткова захаваўся). Напярэдадні Першай сусветнай вайны маёнтак нядоўга належаў Нямцэвічам.
Пасля Другой сусветнай вайны палац значна перабудаваны і прыстасаваны пад школу. Цяпер у ім размешчаны сельскі клуб.
Архітэктура Дом графаў Грабоўскіх уяўляў сабой аднапавярховы мураваны мансардавы будынак з нізкім чатырохсхільным дахам. Ад старога парку, што абкружаў палац, засталася толькі вузкая алея, абсаджаная ліпамі 150-гадовага ўзросту.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Колішнія сядзібы Беларусі Катэгорыя:Сядзібы Брэсцкага раёна Катэгорыя:Церабунь Катэгорыя:Шуйскія Катэгорыя:Грабоўскія Катэгорыя:Нямцэвічы