Плошча Перамогі — самая вялікая плошча ў Віцебска. Знаходзіцца побач з перакрыжаваннем Маскоўскага праспекта, вуліцы Леніна, праспекта Чарняхоўскага. Плошча — адзін з лепшых архітэктурна-мастацкіх ансамбляў горада.

Гісторыя Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я гады. Аўтары праекта забудовы — архітэктары А. Бельскі, В. Данілаў, З. Конаш, З. Озерава, А. Расейкін, А. Фрыдман, Ю. Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А. Данілава, З. Даўгяла, Р. Княжышча і інжынер-азеляніцель Л. Нячай. Будаўніцтва плошчы праводзілася сіламі трэста № 9 з удзелам рабочых і супрацоўнікаў віцебскіх прадпрыемстваў, навучэнцаў, студэнтаў і школьнікаў.

Урачыстае адкрыццё адбылося 30 чэрвеня 1974 года — да святкавання 30-годдзя вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзя Віцебска.

Архітэктура Плошча размешчана па перакрыжаванні 2 агульнагарадскіх транспартных магістралей — Маскоўскага праспекта і праспекта Чарняхоўскага. Прамавугольная ў плане, з 3 бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, падзелена перакрыжаваннем транснартных магістралей на 2 няроўныя часткі. Яе даўжыня — 380 м, шырыня 190 м, перыметр — 1140 м, а агульная плошча — 16,5 га.

Ад вуліцы Леніна фронт забудовы ўтвараюць пяціпавярховыя жылыя дамы, пабудаваныя ў 1950-я гады. На процілеглым баку — шасціпавярховыя жылыя дамы з гандлёвымі прадпрыемствамі па першаых паверхах, былы кінатэатр «Беларусь», грамадскія будынкі, шаснаццаціпавярховы жылы дом на рагу Маскоўскага праспекта і праспекта Чарняхоўскага. 3 боку Маскоўскага праспекта плошчу замыкае дзевяціпавярховы першы ў рэспубліцы каркасна-панельны дом. Процілеглы бок плошчы арыентаваны на р. Заходняя Дзвіна і зарэчную частку горада.

Кампазіцыйны цэнтр плошчы — мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны (архітэктар Ю. Шпіт, скульптары Б. Маркаў, Я. Печкін) у выглядзе трох трапецападобных пілонаў-абеліскаў вышынёй 56 м.

У аснову азелянення плошчы пакладзены ландшафтны прынцып, асноўнае месца адведзена зялёнаму газону з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Афармленне плошчы дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі валуноў, дэкаратыўнай тэматычнай скульптурай і іншымі малымі архітэктурнымі формамі. Плошча абсталявана спецыяльна распрацаванай сістэмай пражэктараў і ліхтароў, якія асвятляюць скульптурныя кампазіцыі, дарожкі і фантан. Па перыметры плошчы ўсталяваныя камеры відэаназірання.

У 2009 годзе пачата рэканструкцыя часткі плошчы. На месцы зоны адпачынку (сквера) пабудавана пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў з чатырма фантанамі.

Крыніцы

Літаратура

Віцебск / П. І. Рогач // Беларуская энцыклапедыя : у 12 т. — Мінск, 2001. — Т. 4. — С. 210. Віцебск / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993. — С. 117. Витебск // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 684.

Спасылкі heritage.gov.by

Перамогі