Барунскія святочныя маналогі — беларускія вершы сярэдзіны XVIII ст. з рукапісу базыльянскага манастыра ў Барунах (каля Ашмян).
Рукапісы пакінуў манах-базыльянін Нікадзім Грыневіч. Невядома, хто спісаў вершы. Гэта камічныя маналогі, іх прамаўляюць персанажы-калядоўшчыкі — стралец, селянін, кухта, купец рыбы, слуга татарскі і іншыя. Толькі словы Стральца звязаны не з Калядамі, а з Вялікаднем, бо ён просіць валачобнага. Побач з беларускімі вершамі ёсць польскія, прысвечаныя тром каралям і пастухам. Мусібыць, усё было часткаю школьнага каляднага паказу, дзе вучні-акцёры чаргавалі жартоўныя прамовы-інтэрмедыі з тэматычнымі пабожнымі вершамі. Усе вершы запісаны лацінкай. Загалоўкі, імёны вучняў, пазнакі на палях — кірыліцай. Даты кірылічныя. 1751—1752 : ҂аѱна, ҂аѱнв. Некаторыя закрэслены, бо вершы ў розныя гады чыталі розныя хлопцы. Згаданы Смаргоні, Крэва. Імёны: Антос Закревскі, Томаш Закревскі, Маліновскі, Мілаше[в]скі, Сымонко. Мова беларуская, толькі двойчы стаіць польскі канчатак у дзеясловах прошлага часу. Трапляюцца словы з украінскім (ці беларускім заходнепалескім) вымаўленнем.
Вершы адкрыў і апублікаваў Антон Францішак Брыль, пры ўдзеле Дз. Лісейчыкава і В. Мартысюка (2020 год).
Адзін з вершаў у сучасным запісе:
СТРАЛЕЦ (1752) Хапаю маўчаць, гаварыць не смею, Што я за чалавек і што я умею. Ў слаўнам месце Шмаргонях калісь-то учыўся, А што умеў — у том нігды не памыліўся. Білі там мяне часта, палажыўшы на сталец, От з мяне мудры учыніўся стралец. Зараз купілэм сабе жалізны пісталеты І два старасвецкі набылэм мушкеты, Немаль на сажань была ручніца, Каваная з спіжу адна гакаўніца, Такжа дастаўся мне карабінішча, А таго уцякаючы згубіў цыганішча. Але найлепей я тагды страляю, Ат калі трохі сабе падгуляю. Як вып’ю піва хоць адну шкляніцу - Зараз у рукі хапаю ручніцу. Калі гарэлкаю змочыцца чупрына, Тагды ся моцна дзяржу карабіна. Скора мяне людзі просяць на банкет - Ўнэт я на плечы укладаю мушкет. Але пры святах от тую пташыну, Кулі і глёты гдзе-кольвек пакіну Не буду болей з аружжа страляць - Волю па людзях валачэбнага прахаць. Дайце што-кольвек мне цяпер у рукі - Буду вам рубаць я дрова на штукі
Арыгінальны пачатак:
҂АѱнВ СТРѢЛЕЦЪ Сымонко
Chopaju mołczać howoryc niesmiej[u] Szto ja za czołowiek y sto ja umieju W sławnom mesci Szmorgoniax kolis to uczyłsia A szto umieł u tom nigdy niepomyliłsia
Літаратура Антон Брыль. Барунскія святочныя маналогі: беларускія вершы сярэдзіны XVIII ст. у Базыльянскім рукапісе // Роднае слова № 3, 2020
Катэгорыя:Ананімныя творы Катэгорыя:Літаратурныя творы Катэгорыя:Вершы Катэгорыя:З’явіліся ў 1751 годзе Катэгорыя:Творы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Беларуская літаратура XVIII стагоддзя Катэгорыя:Літаратурныя творы на беларускай мове Катэгорыя:Баруны (Ашмянскі раён)