Радыелагічная зброя — зброя масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на баявым выкарыстанні іанізавальнага выпраменьвання радыеактыўных матэрыялаў. Дзеянне радыелагічнай зброі можна параўнаць з дзеяннем радыеактыўных рэчываў, якія выкідаюцца ў атмасферу пры аварыях на АЭС, або з выбухам ядзерных боепрыпасаў. Пры прымяненні такой зброі забруджваецца навакольнае асяроддзе і ўзнікаюць шкодныя наступствы для жывёл (прамяневая хвароба) і раслін.

Самы просты прыклад радыелагічнай зброі — гэта так званая «брудная бомба», якая прадстаўляе сабой кантэйнер з радыеактыўным ізатопам (ізатопамі) і зарадам выбуховага рэчыва. Пры падрыве зарада выбуховага рэчыва кантэйнер з ізатопамі разбураецца, і радыеактыўнае рэчыва распыляецца ўдарнай хваляй на вялікай плошчы. Асноўнай крыніцай матэрыялаў для стварэння радыелагічнай зброі, у тым ліку і «бруднай бомбы», з’яўляюцца адходы, якія ўтвараюцца падчас працы ядзерных рэактараў, але магчымы і наўмысны падрыў абсталявання неваеннага прызначэння, дзе выкарыстоўваюцца радыеактыўныя матэрыялы.

Ваеннае прымяненне радыелагічнай зброі можа ажыццяўляцца з дапамогай авіяцыйных распыляльнікаў, авіябомбаў, беспілотных лятальных апаратаў, артылерыйскіх снарадаў і іншых боепрыпасаў. Радыелагічная зброя можа выкарыстоўваць не толькі гатовыя радыеізатопы, але і тыя, што ўтвараюцца ў момант дэтанацыі ядзернай або тэрмаядзернай бомбы. Пад уздзеяннем нейтронаў, якія ўтвараюцца пры выбуху такой бомбы, некаторыя рэчывы, такія як кобальт і тантал, могуць ператварацца ў надзвычай радыеактыўныя ізатопы. Такі варыянт радыелагічнай зброі ў англамоўнай літаратуры часта называецца «Salted bomb».

Нягледзячы на тое, што некаторыя краіны (напрыклад, СССР у 1953—1958 гадах) займаліся распрацоўкай і выпрабаваннямі радыелагічнай зброі, у наш час, па афіцыйных дадзеных, не існуе асобных тыпаў боепрыпасаў, якія б стаялі на ўзбраенні войскаў дзяржаў. Прычына ў тым, што такая зброя не мае неадкладнага паражальнага эфекту (светлавога выпраменьвання, ударнай хвалі і іншых відаў уздзеяння традыцыйнай ядзернай зброі) і, такім чынам, мала карысная ў баявых умовах. Напрыклад, выкарыстанне «бруднай бомбы» прывядзе да радыяцыйнага заражэння глебы, вады і ўзнікнення прамянёвай хваробы (і з’яўлення мутацый жывел і раслін) на вялікіх тэрыторыях. Ачыстка гэтых тэрыторый будзе займаць працяглы час, ёсць верагоднасць апраменьвання сваіх салдат. Усё гэта не з’яўляецца жаданым вынікам, асабліва калі вайна вядзецца дзеля заваявання тэрыторыі і атрымання матэрыяльнай выгады ад вайны. Таму ў сучаснасці дадзены тып зброі ў асноўным выкарыстоўваецца як элемент запалохвання.

Літаратура Ковтуненко О. П., Богучарський В. В., Слюсар В. І., Федоров П. М. Зброя на нетрадиційних принципах дії (стан, тенденції, принципи дії та захист від неї). — Полтава: ПВІЗ, 2006. — 248 с. Kirby R. Radiological Weapons: America’s Cold War Experience. — 2020.

Катэгорыя:Зброя масавага знішчэння Катэгорыя:Радыеактыўнасць