Пашпарты́ На́нсена, афіцыйнай найменне пашпарты асо́б без грамадзя́нства — міжнародна прызнаныя замежныя пашпарты ўцекачоў, якія дзейнічалі ў 1922—1938. Выдавала гэтыя пасведчанні Бюро Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў Лігі Нацый асобам без грамадзянства. Распаўсюджаная назва «пашпарты Нансена» паходзіць ад імя нарвежскага дзяржаўнага дзеяча і палярнага даследчыка Фрыцьёфа Нансена, які прапанаваў ідэю выдачы гэткіх пашпартоў на пасадзе Вярхоўнага камісара.

Гісторыя Пасля сканчэння Першай сусветнай вайны пачалося агульнае бязладдзе, звязанае з развалам адных дзяржаў і стварэннем іншых, перакраеннем межаў паводле нацыянальных прыкмет, выбухам грамадзянскіх войнаў. З гэтых прычын мноства людзей былі вымушаны пакінуць сваю радзіму, хтосьці без дакументаў, а хтосьці з дакументамі ўжо няісных дзяржаў, з-за чаго страцілі магчымасць перасякаць дзяржаўныя граніцы.

Непасрэднай нагодай для ўвядзення пашпартоў Нансена стаў прыняты ў 1921 годзе дэкрэт бальшавіцкага ўраду пра пазбаўленне права на атрыманне савецкага грамадзянства асоб, якія эмігравалі за мяжу. У гэту катэгорыю трапілі і каля 800 000 уцекачоў ад грамадзянскай вайны. З 3 да 5 ліпеня 1922 года ў Жэневе адбылася скліканая Вярхоўным камісарам па справах уцекачоў Лігі Нацый Фрыцьёфам Нансенам міжурадавая канферэнцыя ў пытаннях пасведчанняў асобы для расійскіх уцекачоў, якая ўхваліла выдачу такім асобам пашпартоў асоб без грамадзянства. Да 1942 года яны былі прызнаны ўрадамі 52 дзяржаў.

У 1924 годзе пагадненне Нансена было распаўсюджаная на армян, а ў 1928 — на асірыйскіх, асіра-халдзейскіх, балгарскіх і турэцкіх уцекачоў. Было выдадзена каля 450 000 пашпартоў Нансена асобам без грамадзянства і ўцекачам, якія не маглі атрымаць пашпартоў у краіне грамадзянства.

Па смерці Нансена ў 1930 годзе выдачай пашпартоў займаўся Міжнародны офіс Нансена для ўцекачоў Лігі Нацый. З гэтай пары пашпарт спасылаўся не на канферэнцыю 1922 года, а выдаваўся ад імя Лігі. У 1938 годзе офіс быў закрыты; выдачу пашпартоў працягнула новая ўстанова, Офіс Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў пад эгідай Лігі нацый у Лондане.

Галерэя

Вынікі У 1938 годзе Міжнародны офіс Нансена для ўцекачоў за свае намаганні па ўвядзенні пашпартоў Нансена атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Вядомыя ўладальнікі

Роберт Капа Серджу Чэлібідаке прынцэса Вера Канстанцінаўна Раманава Марк Шагал Аляксандр Галіч Зузана Гінчанка Аляксандр Гротэндык Георгій Гурджыеў Зэеў Жабацінскі Юрый Месэн-Яшын Арыстоцель Анасіс Том Паркер Ганна Паўлава вялікая княгіня Марыя Паўлаўна святы Рыгор Перадзэ Ядвіга Пілсудская Сяргей Рахманінаў Рабін Менахэм Мендэль Шнеерсон Ота Скарцэні Ігар Стравінскі кароль Альфонса XIII

Гл. таксама Сусветны пашпарт

Крыніцы

Спасылкі Фрыцьёф Нансен адказвае расійскім бальшавікам // Радыё „Свабода“ Пашпарт Нансена Dead Media Archive

Катэгорыя:Фрыцьёф Нансен Катэгорыя:Неграмадзяне Катэгорыя:Міжнароднае права Катэгорыя:Руская эміграцыя першай хвалі Катэгорыя:Бежанцы Катэгорыя:Пашпарты гістарычных дзяржаў Катэгорыя:Пасведчанне асобы