«Паштальён» () — дэбютны верш Уладзіслава Сыракомлі. Адносіцца да жанру гутаркі, які надалей паэт актыўна развіваў.
Твор быў апублікаваны ў віленскім часопісе «Athenaeum» (Т. 6, 1844) Язэпа Крашэўскага. Верш меў падзагаловак «народная гутарка» (), быў падпісаны крыптанімам NN. У публікацыі адзначана, што верш напісаны ў красавіку, але, паводле Уладзіміра Мархеля, — у траўні. У 1853 г. твор увайшоў у зборнік «Гутаркі і дробныя вершы» ().
Прататып Гэты верш заснаваны на гісторыі з жыцця старога селяніна, пачутай пісьменнікам у адзін кірмашовы дзень у мірскай карчме. У маладыя гады гэты селянін служыў фурманам на пошце ў Міры. У вёсцы, непадалёку ад тых мясцін, жыла яго каханая. Неяк сярод ночы, у лютую мяцеліцу, разбудзіў яго пісар і загадаў спешна везці лісты. Дарогаю пачулася фурману, што ў полі нехта, заблудзіўшыся, кліча на дапамогу, просіць паратунку. Ён памкнуўся на голас, але перадумаў, хацеў хутчэй справіцца з заданнем. Вяртаючыся назад, паштальён убачыў каля дарогі замёрзлую на марозе дзяўчыну. Жах і адчай ахапіў яго, калі, падышоўшы бліжэй, пазнаў у незнаёмай сваю каханую. Паэта так уразіла, што ён у тую ж ноч запісаў гэта вершам.
Рэдакцыі Першапачаткова ў вершы былі радкі, дзе тлумачылася, што паштальён мусіў спяшацца, інакш бы атрымаў пакаранне нагайкай. Пазней гэтае чатырохрадкоўе апускалася. Пераклады У 1868 г. Леанід Трэфалеў вольна пераклаў верш Сыракомлі на рускую мову, дзякуючы чаму верш стаў надзвычайна папулярнай песняй у Расіі. У 1879 г. ў Маскве выйшаў зборнік выбраных твораў песняра ў перакладзе на рускую, дзе быў змешчаны і новы пераклад пад назвай «Почтарь» паэта Ліядора Пальміна.
На ўкраінскую мову перакладаў Міхайла Старыцкі, упершыню апублікаваў у зборніку «З даўняга сшытка. Песні і думы» () 1881 г. У 2014 г. з’явіўся аматарскі пераклад Валерыя Якаўчука.
Упершыню на беларускую мову верш пераклаў Янка Лучына і апублікаваў у №19 «Мінскага лістка» 1890 года («Ямшчык»). Гэты пераклад увайшоў у пасмяротны зборнік Лучыны «Вязанка» (1903). Пазней верш перакладаў Максім Лужанін.
У культуры Уладзімір Уродніч напісаў карціну «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999).
Літаратура
Катэгорыя:Вершы Уладзіслава Сыракомлі Катэгорыя:Творы 1844 года Катэгорыя:Вершы на польскай мове