«Лі́рнік вясковы» () — праграмны верш Уладзіслава Сыракомлі. Ад гэтага твора паэт атрымаў таксама літаратурны тытул «вясковы лірнік».

Твор быў напісаны 18 студзеня 1852 г. У ім аўтар раскрыў сваё разуменне дачыненняў паэта, паэзіі і свету. Ва ўсіх чатырох частках верша праводзіцца думка, што песня і ліра — шчасце і любоў паэта-лірніка, яго боль і пакуты, жыццёвы сэнс і пасмяротная слава. Аўтар атаясняе сябе з рамантычным вандроўным лірнікам, які натхнёна служыць роднай старонцы і добрым людзям.

На думку Уладзіміра Мархеля, вершам «Лірнік вясковы» Сыракомля «канчаткова сцвердзіў сябе ў польскай літаратуры як пясняр беларускай вёскі».

Захаваўся таксама рукапіс 1858 года невядомага аўтарства.

Пераклады У 1879 годзе ў Маскве выйшаў зборнік выбраных твораў Сыракомлі ў перакладзе на рускую мову, дзе быў змешчаны і «Лірнік вясковы» («Деревенскій гусляръ») у перакладзе Дзмітрыя Мінаева. Іншы рускі пераклад («Сельский лирник») зрабіла Муза Паўлава.

На беларускую мову ўпершыню верш пераклаў Гальяш Леўчык, аднак не апублікаваў (упершыню «Доля і хлеб», 1980). Таксама яго пераклаў Кастусь Цвірка.

У культуры У 1857 годзе Станіслаў Манюшка паклаў верш на музыку. У гонар двухсотгоддзя з дня нараджэння Манюшкі песню выконвалі Марыюш Гадлеўскі (2019) (2022) і Кася Мось (разам з аркестрам «AUKSO») (2021).

На 50-ю гадавіну смерці Сыракомлі Янка Купала напісаў аднайменны верш, прысвечаны песняру.

Літаратура

Катэгорыя:Вершы Уладзіслава Сыракомлі Катэгорыя:Творы 1852 года Катэгорыя:Вершы на польскай мове