Марцін Адэрскі (нар. 5 верасня 1958) — нямецкі інфарматык і прафесар ў Лазанскай федэральнай політэхнічнай школе (EPFL) ў Швейцарыі. Працуе над статычным аналізам кода і мовамі праграмавання. Разам з калегамі рэалізаваў мову праграмавання Scala, джэнерыкі ў Java і мову праграмавання Pizza (Піцца).

У 1989 годзе Адэрскі атрымаў ступень доктара філасофіі (Ph.D.) ў Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыха пад кіраўніцтвам Ніклауса Вірта. Пасля атрымання доктарскай ступені працаваў у IBM і Ельскім універсітэце.

У 1997 годзе распрацаваў кампілятар GJ, і яго рэалізацыя стала падмуркам для javac, кампілятара Java.

У 2001 годзе Адэрскі разам з калегамі пачаў працу над Scala, першая публічная версія якой была выпушчана ў 2003 годзе.

У 2007 годзе стаў ганаровым членам Асацыяцыі вылічальнай тэхнікі.

12 траўня 2011 года Адэрскі і яго супрацоўнікі запусцілі кампанію Typesafe Inc. (пазней Lightbend Inc.), якая прадастаўляла камерцыйную падтрымку і навучанне Scala.

Адэрскі вядзе тры курсы на платформе анлайн-навучання Coursera: Прынцыпы функцыянальнага праграмавання ў Scala, Функцыянальны дызайн праграм у Scala і Праграмаванне рэактыўных сістэм.

Спасылкі

Біяграфічная звестка , сайт EPFL Інтэрв'ю з Марцінам Адэрскі пра Scala Dr. Dobb's, 2011 Марцін Адэрскі пра будучыню Scala, інтэрв'ю Садэка Дробі 10 студзеня 2012 года

Катэгорыя:Постаці нямецкай інфарматыкі