Юзаф Прушынскі (; ) — вялікалітоўскі ўраднік, землеўласнік і рэлігійны дзеяч, рыма-каталіцкі біскуп.

Біяграфія З роду Прушынскіх герба «Любіч». Сын менскага крайчага Ежы Прушынскага (пам. да 4.4.1734). Нарадзіўся паміж 7 чэрвеня 1709 і 7 чэрвеня 1710 года.

Чашнік, падстароста, падкаморы (1765) менскі, маршалак Галоўнага Трыбунала (1771).

Пасля смерці жонкі Брыгіды з Янішэўскіх уступіў у Ордэн езуітаў, пакінуў яго пасля забароны 21 ліпеня 1773 года, 7 чэрвеня 1773 года ва ўзросце 63 гадоў высвечаны на дыякана, а 8 чэрвеня 1773 года рукапакладзены на святара. 17 лютага 1777 года намінаваны тытулярным біскупам Менітэнскім. Хіратонія адбылася 21 верасня 1777 года. Сакру біскупа атрымаў з рук архібіскупа Джавані Андрэа Аркецці, тытулярнага архібіскупа Халкідонскага ў прысутнасці Яна Стэфана Гедройця, біскупа Інфлянцкага, і Габрыэля Вадзынскага, біскупа Смаленскага.

Валодаў маёнткамі Лошыца, Новы Двор, Каралішчавічы, Трасцянец Менскага павета, Бігушкі Вількамірскага павета, Задняя, Сянежычы Новагародскага ваяводства, Свіраны Віленскага ваяводства, Гарадзечна Ашмянскага павета, Хелміца Слонімскага павета, трымаў у застаўным уладанні маёнткі Гранічы Мінскага ваяводства.

У канцы 1760-х фундаваў у сваім маёнтку ў Лошыцы будаўніцтва ўніяцкай царквы Успення Найсвяцейшай Багародзіцы і ўтрыманне святара.

У 1779 годзе падзяліў маёнткі паміж сынамі.

Памёр 4 лістапада 1790 года.

Узнагароды Кавалер ордэнаў Белага Арла, Св. Станіслава.

Сям’я У шлюбе з Брыгідай з Заранкаў Янішэўская. Дзеці: Ігнат, памёр нежанатым. Антоні (пам. да 15.11.1797), падкаморы менскі, валодаў маёнткамі Лошыца, Новы Двор, Трасцянец, Сянежычы, трымаў у застаўным уладанні маёнтак Барацін Навагрудскага ваяводства. Жонка дачка суддзі земскага (?) берасцейскага Багуміла Грабоўская. Тадэвуш, падчашы менскі, валодаў маёнткам Родзевічы Мінскага ваяводства і Бігушкі, трымаў у застаўным уладанні маёнтак Сташкунішкі Вількамірскага павета і Гранічы. Жонка дачка старосты калабжэгскага (?) Канстанцыя Качынская. Ян, памёр нежанатым. Феліцыян, суддзя земскі менскі, валодаў маёнткамі Гарадзечна, Гародзькі Ашмянскага павета, Трашчані Завілейскага павета. Станіслаў, генерал-ад’ютант, суддзя гродскі, падстораста судовы мінскі, маршалак Ігуменскага павета, кавалер ордэнаў Св. Ганны, Св. Станіслава, валодаў маёнткамі Каралішчавічы, Свіраны, рабіў вывад шляхецтва (1800), жонка дачка мечніка вількамірскага Ганна Камароўская. Казімір, шамбялян, валодаў маёнткам Лошыца, не пакінуў нашчадкаў. Ганна, муж лоўчы мінскі Аборскі. Францішка, муж павятовы ваўкавыскі маршалак Быхавец. Феліцыяна, муж падстолі мазырскі Лянкевіч. Юстына, манахіня-бенедыкцінка. Крысціна, памерла незамужняй.

Спасылкі

Катэгорыя:Падкаморыя менскія Катэгорыя:Падстаросты менскія Катэгорыя:Тытулярныя біскупы