Аляксандра Нічыпараўна Захарава, па нараджэнні Працэнка () — адна з кіраўнікоў партызанскага руху ў Гомельскай вобласці, дзяржаўная дзеячка БССР.

Рання біяграфія Нарадзілася 25 студзеня (паводле старога стылю) і была ахрышчаная 9 лютага 1903 у расійскай гарнізоннай царкве ў горадзе Керкі (Бухарскі эмірат, цяпер — Туркменістан) у сям’і выхадцаў з сяла Палііўка Глухаўскага павету Чарнігаўскай губерні (цяпер — Шосткінскі раён Сумской вобласці Украіны) Нічыпара Архіпавіча (1877—1918) і Наталлі Гаўрылаўны Працэнак (1877—1910). Бацька на той момант служыў фельчарам Керкінскага мясцовага лазарэта, у 1905 быў узнагароджаны бухарскім залатым медалём. Паводле нацыянальнасці — украінка, далёкая сваячніца праваслаўнага мітрапаліта Харкаўскага Стэфана (Працэнкі; 1889—1960).

У 1906—1907 сям’я згадваецца як жыхару хутару Аляксандраўскі ў Арэнбургскім павеце Арэнбургскай губерні (цяпер — Кугарчынскі раён Рэспублікі Башкартастан) як селяне вёскі Арлоўка Стэрлітамацкага павету Уфімскай губерні (цяпер — Аургазінскі раён Башкартастану). У 1909—1913 — у сяле Верхатор Стэрлітамацкага павету, дзе Нічыпар Працэнка служыў фельчарам Пашкоўскага прыёмнага пакою на медзеплавільным заводзе. У 1917 годзе сям’я жыла ў сяле Васкрасенскае.

У 1915 годзе скончыла пачатковую школу ў сяле Верхатор, у 1918 — два класы вышэйшай навучальнай вучэльні ў сяле Мелеуз. У 1919—1921 працавала справаводцам-машыністкай аддзелу народнай адукацыі Юрматынскага кантону з цэнтрам у Васкрасенскім.

Прыкладна ў 1918—1919 годзе засталася сіратой. Выйшла замуж за Яфіма Захарава з Мелеузу, актыўнага ўдзельніка ўсталявання савецкай улады ў сяле, чальца прэзідыума Мелеузаўскага валасного выканкаму, пазней — сакратара прэзідыума кантоннага выканкаму ў Стэрлітамаку. З ім мела двух дзяцей: Кірыла 1922 года нараджэння, які памёр у маленстве, і Яўген 1923-га. Канчаткова разышлася з мужам у 1928—1929.

З 1923 года жыла і выкладала ў дзіцячым прытулку ў Верхаторы. Прайшла трохмесячныя педагагічныя курсы і пачала настаўнічаць у вёсцы Патапаўка. У 1924—1926 настаўнічала ў Мелеузе, затым — у сяле Талалаеўка. Скончыла рабфак (рабочы факультэт) на доме. У 1929 працавала сакратаркай-машыністкай акруговай больніцы ў Хаджэнце Узбекскай ССР (цяпер — Таджыкістан).

Да грамадскай дзейнасці Захарава далучылася праз жаночыя дэлегацкія сходы. У 1926 прынятая кандыдатам ва Усесаюзную камуністычную партыю (бальшавікоў) (ВКП(б)), у 1928 — членам.

У 1929—1932 навучалася на настаўніцу гісторыі сярэдніх школаў у Пермскім педагагічным інстытуце. На трэцім курсе пачала выкладаць у савецкай партыйнай школе. Па сканчэнні ВНУ, была ўзятая на працу ў Пермскі аперсектар АДПУ ў якасці памочніцы ўпаўнаважанага. У лістападзе 1934 года на сваё асабістае жаданне і паводле стану здароўя была звольненая і з’ехала ў Башкартастан, дзе працавала ў сельскагаспадарчым тэхнікуме ў сяле Ермалаеўка Куюргазінскага раёну, была членам пленума мясцовага райкаму ВКП(б).

Праз сухоты сына з’ехала на Каўказ — у Кіславодск. У кастрычніку 1935 года стала настаўніцай у мясцовай СШ № 12, а ў жніўні 1937-га — дырэктаркай СШ № 14. Уваходзіла ў пленум мясцовага гаркама ВКП(б). У жніўні 1938 года пераехала ў Варашылаўск (цяпер Стаўрапаль), дзе яе працавала ў Арджанікідзаўскім краёвым камітэце ВКП(б) інструктарам аддзела школ. Пасля ліквідацыі аддзела працавала лектарам аддзела партарганізацыі, узначальвала рэўкамісію краёвай партканферэнцыі ВКП(б).

У гады Другой сусветнай вайны

У сакавіку 1940 камандзіраваная ў Беласток Беларускай ССР. 6 верасня 1940 была прызначаная лектарам аддзелу прапаганды і агітацыі Беластоцкага абкаму КП(б)Б. У чэрвені 1941 скіраваная чытаць лекцыі ў сяло Крынкі (цяпер горад Сакольскі павет Падляскага ваяводства Польшчы), дзе яе заспеў напад Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня 1941 года. Разам з савецкім партаактывам скіравалася на ўсход.

У снежні 1941 пасялілася ў вёсцы Варатынь Бабруйскага раёна. Там, паводле ўспамінаў, арганізавала невялікую падпольную групу і ўсталявала сувязь з 539 партызанскім атрадам. У снежні 1942 сышла ў партызанскую зону, дзе звязалася з партызанамі Рагачоўскага раёну. У лютым 1943 года прыйшла ў 255-ы партызанскі атрад, прызначаная лектар Рагачоўскага падпольнага РК КП(б)Б. З 1 лістапада 1943 камісар 255-га партызанскага палка — адзіная жанчына-камісар палка сярод партызанаў БССР. Займалася выхаваннем камуністаў і камсамольцаў, надзяляла асаблівую ўвагу жаночым пытанням.

8 красавіка 1944 года была цяжка параненая: падчас бамбавання лагеру атрымала раненне ў правае плячо з пераломам, быў раздроблены локаць. 15 траўня 1944 эвакуяваная ў Доўск, адкуль скіравалася ў Гомель для сустрэчы з старшынёй Савету народных камісараў БССР Панцеляймонам Панамарэнкам, якому апавяла пра цяжкае становішча партызанскай брыгады.

Пасля скіраваная на лекаванне ў Маскву, дзе перанесла дзве аперацыі, але раздробленая рука так і не аднавілася. Сама яна стала інвалідам трэцяй групы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 15 жніўня 1944 узнагароджаная Ордэнам Леніна «за ўзорнае выканнанне заданняў ураду па развіцці партызанскага руху ў Беларусі і дасягнутыя поспехі ў змаганні з нямецкімі захопнікамі». 4 лістапада 1944 года камісар «за доблесць і мужнасць, праяўленыя ў партызанскім змаганні з нямецка-фашысцкімі захопнікамі», была ўзнагароджаная Беларускім штабам партызанскага руху медалём «Партызана Айчыннай вайны» 1-й ступені. Таксама атрымала медалі «За перамогу над Нямеччынай» і «За доблесную працу».

Двойчы была прыстаўленая да Ордэна Чырвонай зоркі, але ў першы раз узнагароджаная не была, бо «дзейнасць і роля перабольшаныя». У другі ж было вырашана абмежавацца ордэнам Леніна.

Па другой сусветнай вайне

16 ліпеня 1945 прызначаная намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б. 17 чэрвеня 1945 скіраваная дэлегатам ад БССР у Міжнародны антыфашысцкі жаночы камітэт у Маскве. Пасля чаго яна ад яго імя ў складзе савецкай дэлегацыі наведала Антыфашысцкі кангрэс жанчын у Югаславіі. 6 жніўня 1945 узнагароджаная югаслаўскім ордэнам «Братэрства і адзінства».

У студзені 1948 стала загадчыцай сектара ўпраўлення па праверцы партыйных органаў. 15 чэрвеня звольненая «ў мэтах больш правільнага выкарыстання» і ўзначаліла Дом-музей І з’езда РСДРП у Мінску.

У 1947 годзе абраная дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (пераабраная ў 1951 і 1955 гадах) ад Воранаўскага раёну. У 1947—1959 намесніца старшыні Прэзідымуа ВС БССР.

8 сакавіка 1960 года была ўзнагароджаная ганаровай граматай ВС БССР з нагоды 50-годдзя Міжнароднага жаночага дня. 6 красавіка 1985 — Ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

У 1960-я выйшла замуж за сакратара Рагачоўскага падпольнага райкаму Івана Зуевіча. Памерла ў 1990-я гады.

Літаратура

Максім Гацак Аляксандра Захарава. Штрыхі да параднага партрэту. Башкірская ўкраінка ў Савецкай Беларусі (на правах рукапісу) Academia.edu, 2026.

Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 3-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 4-га склікання