Багуслаў Семірадскі, Багуслаў-Руфін Стэфанавіч Семірадскі (; — 1864) — каталіцкі дваранін Расійскай імперыі, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Мінска (1863).
Біяграфія Належаў да шляхецкага (дваранскага) роду Семірадскіх. Каталік. Па прафесіі быў лекарам. Жыў у Мінску і быў вольнапрактыкуючым доктарам у Мінскай губерні.
Адносіўся да мінскай інтэлігенцыі. 18 мая 1861 г. у Мінску вядомы мінскі фатограф Антон Антонавіч Прушынскі (1826—1895) зрабіў фотаздымак групы прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі, многія з якіх пазней прынялі ўдзел у рэвалюцыйных гуртках і Студзеньскім паўстанні (1863—1864).
Стаў членам паўстанцкага камітэта ў Мінску. Падчас Студзеньскага паўстання (1863—1864), пасля арышту паўстанцкага начальніка Мінска Пятра Чакатоўскага, Багуслаў Семірадскі атрымаў ад Чакатоўскага мандат кіраўніка мінскай паўстанцкай арганізацыі (паўстанцкага начальніка Мінска).
Быў схоплены расійскімі ўладамі падчас лекарскай дапамогі аднаму паўстанцу, западозраны расійскімі ўладамі ў «палітычнай нядобранадзейнасці». Прысуд Семірадскаму быў адносна лёгкі, бо Семірадскі тлумачыў сваю дапамогу паўстанцу клятвай Гіпакрата, што ён павінен дапамагаць параненым: Семірадскі быў высланы (да 1 чэрвеня 1864 г.) «адміністрацыйным парадкам» пад нагляд паліцыі ў Ніжагародскую губерню.
Пазней выявілася, што Багуслаў Семірадскі быў не проста лекар, але і паўстанцкі начальнік Мінска. Тады на загад віленскага ваеннага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва Багуслава Семірадскага павезлі з Ніжагародскай губерні ў Вільню на допыт. Паводле інфармацыі Якуба Гейштара і З. Клюкоўскага, па дарозе на допыт у Вільню, баючыся новых катаванняў, Багуслаў Семірадзкі проста атруціўся — скончыў жыццё самагубствам.
Літаратура Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с. Матвейчык Д. Ч. Паўстанне 1863—1864 гг.: крыніцы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (агульны агляд) // Архівы і справаводства. — 2013. — № 1. — С. 66—77. Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s. Klukowski, Z. Lekarze zesłańcy po powstaniu 1863 r. // Lekarz Wojskowy. — 1927. — Т.IX. — S.20. НГАБ. Ф.319, воп.2, спр.2946, арк. 22, 95, 117 адв.
Багуслаў Катэгорыя:Медыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Паўстанцкія начальнікі Мінска Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Самазабойцы