Марк Д. Вайзер ( — ) — спецыяліст у галіне камп’ютарных тэхналогій, галоўны тэхнічны дырэктар (CTO) Xerox PARC. Вайзер першы ў 1988 годзе прапанаваў канцэпцыю т. зв. паўсюдных вылічэнняў, найбольш блізкай да якой у наш час можна лічыць Інтэрнэт рэчаў (IoT). У межах Сіліконавай даліны Вайзер і дагэтуль лічыцца візіянерам і празорцам у галіне камп’ютараў, яго ідэі паўплывалі на многіх сусветна вядомых спецыялістаў, звязаных з камп’ютарамі.
Маладосць і адукацыя Вайзер нарадзіўся ў Чыкага, штат Ілінойс, у сям’і Дэвіда і Одры Вайзер. Дзяцінства правеў у Стоні-Брук, Нью-Ёрк. Пасля заканчэння школы Вайзер паступіў у каледж, каб вывучаць філасофію, але правучыўся толькі два курсы, а пасля быў адлічаны з-за немагчымасці плаціць за вучобу. Пасля адлічэння ен пайшоў працаваць праграмістам у горадзе Эн-Арбар (штат Мічыган), дзе адначасова наведваў заняткі па праграмаванню. Дзякуючы гэтаму ен быў залічаны адразу на магістарскую праграму Мічыганскага ўніверсітэта, дзе вывучаў камп’ютарныя навукі. У 1976 годзе там жа ен атрымаў ступень магістра, у 1979 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
Кар’ера Пасля атрымання доктарскай ступені Вайзер выкладаў інфарматыку ва ўніверсітэце штата Мэрыленд у Каледж-Парку і стаў намеснікам старшыні кафедры камп’ютарных тэхналогій у 1986 годзе. У 1987 годзе Вайзер далучыўся да PARC (тады Xerox PARC) і стаў кіраўніком лабараторыі інфарматыкі ў 1988 годзе. У 1996 годзе ён стаў галоўным тэхналагічным дырэктарам PARC.
У дадатак да сваёй працы ў галіне інфарматыкі, Вайзер у вольны час быў барабаншчыкам рок-групы Severe Tire Damage, якая была першай групай, якая вяла жывыя трансляцыі праз Інтэрнэт.
Памяць У Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі існуе стыпендыяльны фонд імя Марка Вайзера, які звязаны з даследаваннямі ў галіне вылічальнай тэхнікі. У 2001 годзе Асацыяцыя вылічальнай тэхнікі і аперацыйных сістэм (SIGOPS) заснавала спецыяльную прэмію імя Марка Вайзера для навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннямі аперацыйных сістэм.
Крыніцы