«Стоп таракан!» — беларускі палітычны лозунг. Таксама вядомая форма «Стоп таракан — No pasaran!». Упершыню з’явіўся падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі на прамой трансляцыі блогера Сяргея Ціханоўскага. Таракан са слогана з’яўляецца аналогіяй на Аляксандра Лукашэнку. Пазней лозунг неаднаразова скандаваўся на пікетах і акцыях пратэсту.
Гісторыя Слоган узнік пасля сустрэчы Сяргея Ціханоўскага з жыхаркай Глыбокага Людмілай Барэйка. У сваім апавяданні пра жыццё ў Беларусі на прамой трансляцыі яна згадала казку Карнея Чукоўскага «Тараканішча». Аповед стаў алегорыяй на страх, які ахапіў беларусаў за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі.
Мянушкай «Таракан» беларускія пратэстоўцы пачалі называць Аляксандра Лукашэнку напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Таксама Ціханоўскі адзначаў, што Лукашэнка падобны да героя казкі «Тараканішча» сваімі кусцістымі вусамі.
«Стоп таракан!» стаў лозунгам палітычнай кампаніі Сяргея. Ён заклікаў прыходзіць на пікеты з тапачкамі, каб «прыплюхнуць таракана». Пазней кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына ўспрыняла фразу як пагрозу забойствам у свой адрас. Пасля таго, як Ціханоўскага не дапусцілі да выбараў, выраз стаў лозунгам прэзідэнцкай кампаніі яго жонкі Святланы Ціханоўскай.
Падчас пратэстаў супраць арышту Ціханоўскага і іншых кандыдатаў, іранічны лозунг стаў адным з лозунгаў пратэсту. У чэрвені 2020 года пад хэштэгам «#стоптаракан» праводзіўся інтэрнэт-флэшмоб, у якім карыстальнікі выказвалі сваю незадаволенасць станам спраў у краіне. Лозунг скандаваўся на пікетах і акцыях пратэсту, а таксама з’яўляўся на плакатах і таблічках у трамваях.
Людміла Барэйка, аўтарка лозунгу, была вымушаная пакінуць Беларусь. 8 мая 2024 года яе завочна асудзілі па артыкуле аб паклёпе, а 9 кастрычніка таго ж года амніставалі і знялі судзімасць.
Аналіз «Стоп таракан!», імаверна, стаў першым прэцэдэнтным (аўтарскім) лозунгам-цытатай, уведзенай у грамадскі абарот ў Беларусі ў 2020 годзе. Слоган выказвае негатыўны пасыл да ўлады, персаналіям-антыгероям. Па некаторых ацэнках, лозунг з’яўляецца дэгуманізавальным.
Ацэнка Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман канстатаваў, што «Стоп таракан» стаў адзіным лозунгам Сяргея Ціханоўскага, і што ён змог эфектыўна каналізаваць настроі грамадзян краіны.
Некаторымі супрацоўнікамі беларускай міліцыі лозунг быў ацэнены як супрацьпраўны, антыўрадавы і дыскрымінуючы ўладу.
Літаратура
Катэгорыя:Палітычныя лозунгі Беларусі Катэгорыя:Пратэсты ў Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі