Бярозаўка (таксама Рудня) — месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1937—1939 гг., размешчанае каля Рудні Міхалкаўскага сельсавета, на дарозе ў бок Мазыра.

Пра брацкія магілы непадалёк ад вёскі Рудня на ўскрайку дарогі вядома вельмі мала. Падчас масавага тэрору ў 1937—1938 гг. Мазырскае ўпраўленне савецкай дзяржбяспекі выкарыстоўвала гэту аддаленую мясцовасць для забойства палітычных вязняў. У пачатку 1990-х гг. брацкія магілы былі даследаваны і сёння лічацца адзінымі афіцыйна прызнанымі ў Мазырскім раёне. Колькасць ахвяр дакладна невядома. Паводле даных кнігі «Памяць», тут было расстраляна 558 чалавек. У агульнай магіле пахаваныя свяшчэннамучанік Алексій Магільніцкі, протаіерэй Уладзімір Серабракоў і святар Уладзімір Чулкевіч.

З сярэдзіны 1990-х гг. тут пастаўлены пяціметровы каменны чатырохканцовы крыж, які пазначае брацкую магілу ахвяр НКУС. На папярэчнай бэльцы можна прачытаць лічбы «1937» і «1939», якія акружаны стылізаваным цярновым вянком. Крыж узвышаецца ў канцы невялікай умацаванай пляцоўкі. Пра ахвяр нагадвае невялікая мемарыяльная дошка чорнага колеру, якая прымацавана да двухяруснага пастаменту. Надпіс на ёй выкананы на беларускай мове: Штогод 19 кастрычніка, напярэдадні дня памяці свяшчэннамучаніка Алексія, прэсвітара Лельчыцкага, каля памятнага крыжа святаром храма Святога Архангела Міхаіла ў Рудні праводзіцца літыя па бязвінна забітых.

Катэгорыя:Рудня (Міхалкаўскі сельсавет) Катэгорыя:Помнікі Гомельскай вобласці Катэгорыя:Помнікі ахвярам сталінскіх рэпрэсій