«Сяля́нская гу́тарка» — грамадска-палітычная і літаратурная газета групоўкі інтэлігенцыі праўрадавай арыентацыі (Арганізацыя беларускіх беспартыйных актывістаў), якая выдавалася на беларускай мове з 28 жніўня па 31 снежня 1923 года ў горадзе Гродна. Рэдактар-выдавец І. Савіцкі. Сувыдавец Яўген Міткевіч.
Вядома 5 нумароў газеты. Арыентавалася на сялянскія масы. Рэпрэзентавалася выдаўцамі як орган незалежнай думкі, заклікала беларускія палітычныя сілы да салідарнасці. Сцвярдждалася, што «ў цяжкім становішчы беларусаў пад Польшчай вінаваты самі беларусы». Газета выступала супраць палітыкі і тактыкі беларускіх паслоў (Беларускага пасольскага клуба) ў польскім сойме і крытыкавала іх за радыкалізм, не прымала класавую і нацыянальную барацьбу. Ідэйна працягвала лінію газеты «Беларускі шлях».
У газеце былі змешчаны артыкул «Рэвалюцыя ў Германіі» Е. Любачкіна, ліст Я. Міткевіча, допісы і карэспандэнцыі са Свержаня, Слоніма, Навагрудка, Гайнаўкі, Крынак, творы Янкі Лучыны, Якуба Коласа, З. Бядулі, А. Петрашкевіча, Х. Чарнышэвіча і іншых аўтараў.
Літаратура
Класавая барацьба
Катэгорыя:Газеты Польшчы на беларускай мове Катэгорыя:Газеты Заходняй Беларусі Катэгорыя:Газеты Гродна на беларускай мове