Ту́рцыя (), афіцыйна Турэ́цкая Рэспу́бліка, а гутаркова: Турэ́ччына — краіна, якая знаходзіцца на паўвостраве Малая Азія ў заходняй Азіі і, часткова, ва ўсходняй частцы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе.
Па даных перапісу 2016 года насельніцтва Турцыі складае каля 80 млн. жыхароў. Стамбул — самы буйны горад у краіне з насельніцтвам каля 14 млн. чалавек, Анкара — другі па велічыні горад і сталіца дзяржавы.
Турцыя мае стратэгічна важнае размяшчэнне паміж Еўропай і Азіяй. Краіна мае сухапутныя межы з Грузіяй на паўночным усходзе, Арменіяй, Азербайджанам і Іранам на ўсходзе, Іракам і Сірыяй на поўдні, Грэцыяй на захадзе і Балгарыяй на паўночным захадзе. Турцыя складаецца з сямі рэгіёнаў: Мармуроваморскага, Чарнаморскага, Эгейскага, Міжземнаморскага, Цэнтральнай Анатоліі, Усходняй Анатоліі і Паўднёва-Усходняй Анатоліі. На поўначы краіна абмываецца Чорным морам, на захадзе — Эгейскім морам, а на поўдні — Міжземным морам. Сухапутная мяжа Турцыі мае даўжыню 2628 км, а берагавая лінія — 7168 км. Праліў Басфор, Мармуровае мора і праліў Дарданэлы, якія разам утвараюць Турэцкія пралівы аддзяляюць Фракію ад Анатоліі, а таксама еўрапейскую частку краіны ад азіяцкай.
Турцыя ёсць адным з арыгінальных членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, член НАТА і адна з заснавальніц АЭСР, АБСЕ, АІС і Групы дваццаці. У 1949 годзе была адным з першых членаў Савета Еўропы. У 1963 годзе стала асацыяваным членам ЕЭС. Мытны саюз паміж Еўрапейскім саюзам і Турцыяй створаны ў 1995 годзе.
Турцыя прэтэндуе быць рэгіянальным лідэрамТурция на пути к региональному лидерству.
Гісторыя Малая Азія была калыскай мноства культур і дзяржаў старажытнасці. Засяленне гэтай тэрыторыі адбылося каля 13 тысяч гадоў назад. Так званы «ўрадлівы паўмесяц», у якім адбыўся пераход ад збіральніцтва да культурнага земляробства, часткова ляжыць у вобласці сёняшняй Турцыі. У тыя часы туркі яшчэ не жылі на гэтай тэрыторыі. Сельджукі былі першай турэцкай дынастыяй, арміі якой захапілі ў XI стагоддзі частку Армянскага нагор’я і падпарадкавалі сабе ў далейшым большую частку Візантыйскай імперыі і Арменіі.
Старажытнасць З палеаліту Турцыя была населена рознымі старажытнымі анаталійскімі цывілізацыямі: эалійцамі, дарыйцамі, іанічнымі грэкамі, фракійцамі, армянамі і асірыйцамі.
Грэка-Рымская эпоха Пасля заваяванняў Аляксандра Вялікага рэгіён быў элінізіраваны ў складзе Рымскай імперыі і, пазней, у складзе Візантыйскай імперыі.
У XI стагоддзі ў рэгіён пачалі эміграваць туркі-сельджукі, пачаўшы працэс атурэчвання, які быў паскораны перамогай туркаў над візантыйцамі ў бітве пад Манцыкертам ў 1071 годзе — Анатолія апынулася ў Сельджукскай імперыі, дзе і была да мангольскага нашэсця.
У 1243 годзе пад уплывам заваёўных паходаў Чынгізхана, з Харасана на захад рушыла арда турак-агузаў колькасцю прыкладна 50 тысяч чалавек пад кіраўніцтвам хана Сулеймана; пры яго сыне Эртагруле заваёўны рух працягваўся, агузы далучыліся да ваенных аперацый сельджукаў супраць Візантыі і аселі на землях паміж Ангорай і Брусай.
Асманская імперыя Сын Эртагрула Асман стаў заснавальнікам Асманскай імперыі — магутнай дзяржавы. У 1350 годзе асманы аб’ядналі Анатолію і стварылі імперыю, якая ахапіла большую частку паўднёва-усходняй Еўропы, часткі заходняй Азіі і паўночнай Афрыкі, стаўшы моцнай дзяржавай Еўразіі і Афрыкі ў раннім Новым часе. Імперыя дасягнула піку сваёй магутнасці ў XVI стагоддзі, асабліва падчас праўлення Сулеймана Пышнага з 1520 да 1566 года.
Пасля другой Асманскай аблогі Вены 1683 года і канца Вялікай турэцкай вайны ў 1699 годзе Асманская імперыя ўступіла ў працяглы перыяд заняпаду. На пачатак XX стагоддзя адставанне Асманскай імперыі ў навуковым, тэхнічным і эканамічным развіцці ад еўрапейскіх краін стала катастрафічным. На ўскраінах імперыі ўзмацніліся сепаратысцкія памкненні і дзяржава пачала паступова страчваць свае тэрыторыі. Рэформы Танзімата, накіраваныя на мадэрнізацыю, апынуліся недастатковымі ў большасці абласцей і не змаглі спыніць распад імперыі.
Лавіруючы паміж Германіяй і Велікабрытаніяй імперыя ўцягнулася ў Першую сусветную вайну на баку Цэнтральных дзяржаў і ў канчатковым выніку прайгралала.
Падчас вайны асманскі ўрад здзейсніў этнічныя чысткі супраць сваіх армянскіх, асірыйскіх і пантыйскіх грэчаскіх грамадзян. Пасля вайны ў выніку аддзялення тэрыторый і народаў, якія ўваходзілі ў склад Асманскай імперыі, дзяржава распалася на некалькі новых краін.
Турэцкая рэспубліка Паводле мірнага пагаднення Асманская імперыя павінна была быць расчлененая, прычым адзін з буйнейшых гарадоў Малай Азіі Ізмір быў абяцаны Грэцыі. Захоп Ізміра грэчаскай арміяй у 1919 годзе паклаў пачатак Вайне за незалежнасць. Вайна за незалежнасць Турцыі, ініцыяваная Мустафом Кемалем Атацюркам і яго паплечнікамі ў Анатоліі, прывяла да стварэння сучаснай Турэцкай рэспублікі ў 1923 годзе з Атацюркам ў якасці першага прэзідэнта.
Турэцкія нацыяналісты на чале з Мустафой Кемалем адмовіліся прызнаць мірны дагавор і сілай выгналі грэкаў з краіны. Да 18 верасня 1922 Турцыя была вызваленая ад захопнікаў. Лазанскім мірным дагаворам 24 ліпеня 1923 былі прызнаныя новыя граніцы Турцыі. 29 кастрычніка 1923 была абвешчана Турэцкая рэспубліка.
Перыяд з 1923 па 1946 адзначыўся вялікімі ўнутранымі пераўтварэннямі ў жыцці турэцкага грамадства. Пад кіраўніцтвам кемалісцкай Рэспубліканскай народнай партыі былі праведзеныя мадэрнізацыя, вестэрнізацыя і секулярызацыя. Гэты перыяд характарызуецца аднапартыйнай палітычнай сістэмай у краіне.
Падчас Другой сусветнай вайны Турцыя падпісала мірны дагавор з Германіяй і заставалася нейтральнай амаль да канца вайны. У лютым 1945 Турцыя абвясціла вайну Германіі і Японіі, але гэта было ў значнай ступені сімвалічным актам. Тым не менш, за гэты крок Турцыя была дапушчана да падпісання Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і стала членам ААН у якасці яе заснавальніка.
З 1946 пачаўся сучасны перыяд гісторыі Турцыі. У краіне сфарміравалася дэмакратычная шматпартыйная палітычная сістэма. Асобнымі эксцэсамі былі ваенныя перавароты ў 1960 (сістэма вярнулася пад цывільны палітычны кантроль у 1961), 1971 (улада ваенных да 1973) і 1980 (фармальна дэмакратычныя выбары адбыліся ў 1983, але кіраўнік путча генерал Эўрэн заставаўся прэзідэнтам да 1989). 1980-я азнаменаваліся хуткім эканамічным ростам у краіне. У 1987 Турцыя падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.
У 1997 некаторыя ваенныя, заклапочаныя ісламскімі сімпатыямі ўрада Н.Эрбакана, накіравалі яму мемарандум з патрабаваннем адстаўкі, якую той і здзейсніў. Гэта сітуацыя атрымала назву постмадэрнісцкага путча. Разам з тым становішча з павышэннем уплыву прыхільнікаў пераменаў у палітычным жыцці Турцыі захоўваецца, дзяржаўныя органы і ўзброеныя сілы, закліканыя захоўваць традыцыі свецкай дзяржавы, што закладзеныя Атацюркам, з відавочнай цяжкасцю стрымліваюць працэс узмацнення значнай часткі турэцкага народа, якой не падабаецца такая палітычная сітуацыя, аб чым сведчаць выбранне праісламскіх палітыкаў на вышэйшыя пасады ў дзяржаве (Р. Т. Эрдаган — прэм'ер-міністрам у 2003, А.Гюль — прэзідэнтам у 2007).
Дзяржаўны лад і палітыка
Выканаўчая ўлада
Заканадаўчая ўлада
Колер Партыя Месцаў Урадавая партыя Партыя справядлівасці і развіцця316 Апазіцыйныя партыі Рэспубліканская народная партыя131 Дэмакратычная партыя народаў52 Партыя нацыяналістычнага руху36 Добрая партыя5 Незалежныя1 Свабодна9 Усяго месцаў550
Знешняя палітыка
Дачыненні з Беларуссю Турцыя першай з замежных дзяржаў прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Гэта адбылося 16 снежня 1991. Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 25 сакавіка 1992Аб 10-годдзі ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай// Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі. Дата доступу: 27 мая 2009.
Пасольства Турцыі ў Беларусі (Мінск) адкрыта ў 1992. Пасольства Беларусі ў Турцыі (Анкара) адкрыта ў 1997. У гарадах Адана, Анталья, Бурса, Ізмір і Стамбул працуюць ганаровыя консулы Рэспублікі Беларусь.
У ліпені 1996 адбыўся афіцыйны візіт у Турцыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, падчас якога быў падпісаны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай (уступіў у сілу ў красавіку 2000). У лістападзе 1999 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прымаў удзел у саміце АБСЕ ў Стамбуле.
Ажыццяўляецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва, праходзяць рэгулярныя беларуска-турэцкія палітычныя кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Створаны двухбаковыя камісіі: савет дзелавога супрацоўніцтва; эканамічная міжурадавая камісія; па турызму; па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву; па міжнародных аўтамабільных зносінах; па лініі МУС; па консульскіх пытаннях; па супрацоўніцтве ў галіне абароннай прамысловасці.
Турцыя ўваходзіць у лік краін — значных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. Па аб’ёме тавараабароту яна займае 15-е месца ў агульным спісе краін, з якімі Беларусь ажыццяўляе знешнегандлёвыя аперацыі, і 11-е месца сярод краін, якія не ўваходзяць у СНД. Доля Турцыі ў агульным аб’ёме знешняга гандлю Беларусі склала 3,7 % (2008).
Аснову беларускага экспарту ў Турцыю ў складаюць стальныя загатоўкі, калійныя і азотныя ўгнаенні, ільняныя тканіны, сінтэтычныя і штучныя ніткі, сінтэтычныя валокны, паўпрычэпы. З Турцыі ў Беларусь паступалі дубленая скура, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, трыкатажнае палатно, станкі і абсталяванне, тканіны, літыя вырабы з чорных металаў, цытрусавыя плады, таматы.
З пачатку 1990-х гадоў агульны аб'ём турэцкіх інвестыцый у эканоміку Беларусі перавысіў $720 млн. У нашай краіне дзейнічае звыш 30 прадпрыемстваў з удзелам турэцкага капіталу.
Турцыя і Еўрасаюз У цяперашні час Турцыя вядзе з Еўрасаюзам перамовы аб уступленні ў гэта палітыка-эканамічнае ўтварэнне. У 1963 годзе Турцыя падпісала з папярэднікам ЕС — Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю — дагавор, у якім прызнавалася права краіны ўступіць у саюз. У 1978—1979 гадах Турцыю запрашалі ўступіць у ЕЭС сумесна з Грэцыяй, але яна адмовілася. Пасля ваеннага перавароту 1980 года Еўропа спыніла адносіны з Анкарой, і перамовы аднавіліся толькі пасля 1983 года. Тым не менш, на саміце 1997 года ЕС адмовіўся прызнаць Турцыю кандыдатам на ўступленне ў ЕС — гэта права яна атрымала толькі ў 2000 годзе пры ўмове, што краіна, у прыватнасці, рэфармуе заканадаўства аб абароне правоў чалавека. У жніўні 2002 года праграму рэформаў зацвердзіў парламент Турцыі, і ў кастрычніку 2004 года Еўракамісія рэкамендавала пачаць перамовы аб уступленні Турцыі ў ЕС.
Турэцка-еўрапейскія адносіны ўскладняе нежаданне Турцыі прызнаць Кіпр, які ў маі 2004 года уступіў у Еўрасаюз. Кіпрскі канфлікт, у прыватнасці, з’яўляючыся асноўнай прычынай, якая супрацьдзеіць Турэцкаму ўступленні ў ЕС, не можа знайсці свайго рашэння з 1974 года. У 1974 годзе Турцыя акупавала паўночную частку вострава для абароны турэцкага насельніцтва Кіпра пасля прыходу да ўлады ў Грэцыі радыкальнага рэжыму «чорных палкоўнікаў», і з тых часоў яе ўрад не прызнае легітымнасць ўрада паўднёвай — грэчаскай часткі. Курдскае пытанне таксама з’яўляецца адным з ключавых пры абмеркаванні наступнай еўраінтэграцыі Турцыі. Еўропа патрабуе большай рэгіяналізацыі і аўтанамізацыі курдаў, а таксама захаванне іх правоў у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі. Таксама прычынай таго, што Еўрасаюз адмаўляецца прыняць Турцыю ў члены ЕС, з’яўляецца ўмова, пастаўленая Францыяй, якую турэцкі ўрад адмаўляецца выконваць: прызнанне генацыду армян 1915 года ў Асманскай Імперыі. З іншага боку, Турцыя пашырыць унутраны рынак ЕС і прадаставіць кваліфікаваную працоўную сілу еўрапейскім кампаніям, якія пакутуюць ад імклівага старэння карэннага насельніцтва. Паводле даных BBC да 2014 года доля насельніцтва маладзей 14 гадоў складзе каля 25% ад ўсяго насельніцтва краіны.
Адміністрацыйны падзел