Карты Лапіных — ігральныя карты, якія выраблялі на гродзенскай фабрыцы ў 1920—1940 гадах. Былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны.
Фабрыка Лапіных Першая ў Гродне картачная мануфактура з’явілася ў Гродне ў 1770-х гадах. Яе заклаў гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. Яна існавала мінімум дзесяць гадоў. Але дасюль невядомы асартымент той мануфактуры.
Фабрыка Лапіных (Першая краёвая фабрыка ігральных карт братоў Лапіных («Аляксандр Лапін і кампанія»)) працавала ў Гродне ў перыяд 1920—1940 гадоў. Яна размяшчалася ў будынках на сучаснай вуліцы Будзёнага 54 і 56. Зараз там размяшчаецца «Белмытсэрвіс».
У восені 1939 года фабрыку братоў Лапіных нацыяналізавалі, а яе гаспадары загінулі ў гродзенскім гета падчас нямецкай акупацыі горада. Пасля 1944 года фабрыку сарыентавалі на выраб прапагандысцкіх матэрыялаў: партрэтаў савецкіх кіраўнікоў і плакатаў на тэму жыцця працоўных у СССР.
Ігральныя карты, якія друкавалі на фабрыцы былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю.
Калода «з каралямі» У асартыменце былі так званыя «народныя» калоды — на якіх былі выявы шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, «прускія», «барочныя», а ў гады нямецкай акупацыі на фабрыцы Лапіных друкавалі «рэйнскія» ігральныя карты. На чырвоным тузе ў кожнай калодзе размяшчаўся лагатып Фабрыкі Лапіных.
Падобная фабрыка была не адзінай на тэрыторыі міжваеннай Польшчы. Але калода з выявай каралёў — унікальная, бо яе распрацавалі і друкавалі толькі ў Гродне. У каралях калоды можна ўбачыць рэальных гістарычных асобаў: Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага. Дамы і валеты з гэтай калоды не адносяцца да гістарычных асобаў, але выявы караля, валета і дамы адной масці выяўлены ў адной стылістыцы, характэрнай для свайго стагоддзя.
Калода «з каралямі» адносілася да брыджавых карт. Звычайна яны пачыналіся з шасцёркі, але гэта калода пачыналася з сямёркі. Таксама ў калодзе прысутнічаў джокер — не звыклая асаблівасць брыджавых карт.
Аднаўленне ігральнай калоды «з каралямі» у XXI стагоддзі Падчас рэканструкцыі будынкаў, дзе раней размяшчалася фабрыка, гродзенскі журналіст выдання «Твой стыль» знайшоў у будаўнічым смецці некаторыя карты Лапіных, у тым ліку неразрэзаныя аркушы. Знаходкі перадалі ў гісторыка-археалагічны музей.
Тады ў Гродне пачалася цікавасць да карт Лапіных. Ужо ў 2017 годзе творчае згуртаванне і распрацоўшчыкі настолак «А-Чатыры» аднавілі калоду карт Лапіных «з каралямі». З-за таго, што карты былі знойдзены ў дрэнным стане, творчаму згуртаванню трэба было адмалёўваць усіх персанажаў ўласнаруч мастаком.
Таксама не атрымалася знайсці адпаведнік каробкі, у якой захоўваліся карты. Таму, для новай калоды, згуртаванне распрацоўвала новуюю каробку. Яны спрабавалі арыентавацца на стылістыку друкаванай прадукцыі тых часоў і вінтажныя вокладкі калод карт розных выдавецтваў. На новай каробцы размясцілі элементы дызайну, якія запазычылі з прадукцыі фабрыкі Лапіных — лагатым, віньеткі, шрыфтавыя кампазіцыі.
Прэзентацыя адноўленай калоды карты адбылася ў ліпені 2017 года ў гродзенскім Новым замку.
Памяць Карт Лапіных захавалася мала. Калоду так званых «рэйнскіх» карт, меў былы віцэ-мэр Гродна Аляксандр Мілінкевіч, які ў 2017 годзе перадаў яе творчай групе «А-Чатыры», якая займалася выданнем адноўленай калоды карт Лапіных.
Мілінкевічу гэтая калода дасталася ад бацькі, якому калоду падарыў кіраўнік фабрыкі Лапін, з якім яны жылі па суседстве.
Крыніцы
Катэгорыя:Ігральныя карты