Бібліятэка Слонімскага кляштара канонікаў латэранскіх — бібліятэка, якая існавала пры Слонімскім кляштары канонікаў латэранскіх з сярэдзіны XVII стагоддзя да сярэдзіны XIX стагоддзя. Дакументальныя дадзеныя пра бібліятэку паходзяць пачынаючы з пачатку XVIII стагоддзя. У 1704—1706 гадах тут было 293 кнігі ў 316 тамах, пераважалі прапаведніцкія, гістарычныя і аскетычныя творы (асобна пазначаны рукапісы і забароненыя кнігі). Зафіксаваны выдаткі кляштара на пераплётныя работы і закупку кніг, у т.л. пропаведзяў у Кракаве. Хоць з XVIII стагоддзя канонікі трымалі павятовую і парафіяльную школы, кляштарная бібліятэка не вызначалася велічынёй, таму можна меркаваць, што школы трымалі ўласныя бібліятэкі. У 1820 годзе ў бібліятэцы 243 кнігі, у т.л. лацінскіх і польскіх пропаведзяў, аскетычных і антычных твораў. У 1830 годзе было 400 кніг, у 1836 годзе — 779 кніг.
Літаратура
Pietrzkiewicz I. Biblioteki klasztorów słonimskich w świetle zachowanych inwentarzy XVIII—XIX ww. // Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. СПб., 2005. Вып. 3.
Катэгорыя:Бібліятэкі Беларусі Катэгорыя:Культура Слоніма Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Зніклі ў XIX стагоддзі Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі