Інстытут культуры Беларусі (Інбелкульт) — колішняя дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых у Беларусі. Забяспечвала павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў у сферы культуры. Размяшчаўся ў Мінску па вуліцы Каліноўскага, 12.
Гісторыя Інбелкульт створаны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2010 г. № 1263 «Аб рэарганізацыі ўстановы адукацыі „Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў“ і стварэнні дзяржаўнай установы адукацыі „Інстытут культуры Беларусі“» і на падставе загаду Міністра культуры Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2010 г. № 131.
Інбелкульт, створаны на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, выведзенага са складу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, з’яўляўся правапераемнікам Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры (БелДІПК). БелДІПК дзейнічаў з 1991 года, а ў канцы 2007 годзе далучаны да ўніверсітэта і рэарганізаваны ў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.
Інбелкульт пачаў сваю самастойную дзейнасць 13 снежня 2010 года.
У 2012 годзе выдадзены два нумары часопіса «Веснік Інстытута культуры Беларусі», выдаваўся буклет «Еўрапейскія Дні Спадчыны ў Беларусі» (2012—2013), гадавы агляд культуры (2013), манаграфія «Культура Беларусі: 20 год развіцця (1991—2011)» (2012).
У 2014 годзе супраць рэктара Канстанціна Рамішэўскага распачатая крымінальная справа за атрыманне хабару ў памеры 2000 долараў ЗША.
Інстытут культуры Беларусі ліквідаваны 21 жніўня 2017 года.
Кірункі дзейнасці Дзейнасць Інбелкульта ажыццяўлялася па двух асноўных кірунках:
распрацоўка і рэалізацыя адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў у сферы культуры; навукова-метадычная і інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі і арганізацый сферы культуры Беларусі, а таксама рэалізацыя задач, накіраваных на інфармацыйна-аналітычнае і арганізацыйна-практычнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры.
Сферы інтарэсаў супрацоўнікаў
даследаванне праблем дадатковай адукацыі дарослых у сферы культуры і розных напрамкаў развіцця сферы культуры; навукова-метадычнае забеспячэнне ўстаноў культуры ў такіх галінах як музейная дзейнасць, ахова гісторыка-культурнай спадчыны, сацыякультурная дзейнасць, традыцыйная культура і прафесійнае мастацтва, аматарская творчасць, падтрымка таленавітай моладзі, укараненне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій у вучэбны працэс у сістэме дадатковай адукацыі дарослых і дзейнасць арганізацый культуры; навукова- і вучэбна-метадычнае забеспячэнне ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сферы культуры і дзіцячых школ мастацтваў; арганізацыя міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, семінараў, выставак.
На базе Інбелкульта ажыццяўляліся:
суправаджэнне дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі; забеспячэнне работы Сакратарыята Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленню, вяртанню, сумеснаму выкарыстанню і ўвядзенню ў навуковае і культурнае абарачэнне нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за межамі Беларусі (Камісія па рэстытуцыі); навукова-метадычнае суправаджэнне работы Рэспубліканскага савета дырэктароў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці; арганізацыя і правядзенне кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне і пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічным работнікам ДШМ і УССА сферы культуры; дзейнасць галіновай службы інтэлектуальнай уласнасці ў сферы культуры.
Інфармацыйныя рэсурсы У Інбелкульце былі распрацаваны і падтрымліваліся ў актуальным стане 4 інфармацыйныя рэсурсы:
дзяржаўная інфармацыйная сістэма «Інтэграваны банк даных устаноў культуры»; галіновая інтэграваная база даных устаноў культуры; банк даных таленавітай моладзі; Нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (сайт нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі «Жывая спадчына»).
4 інфармацыйныя рэсурсы знаходзіліся ў стадыі фарміравання:
банк даных слухачоў сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі сферы культуры; архіў беларускага замежжа; рэестр музеяў Рэспублікі Беларусь; база даных народных промыслаў і рамёстваў.
Кіраўніцтва Станам на 2014 года:
Рэктар — Канстанцін Ігаравіч Рамішэўскі (з 18 верасня 2013);
Прарэктар па вучэбнай рабоце — Ірына Браніславаўна Лапцёнак; Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце — Алег Абрамавіч Галкін.
Выданні
Культура Беларусі: 20 год развіцця (1991—2011): [манаграфія] / С. П. Вінакурава К 90 [і інш.]; навук. рэд. І. І. Крук. — Мінск: Інстытут культуры Беларусі, 2012. — 327 с. : іл. ISBN 978-985-7045-06-8
Катэгорыя:Вуліца Каліноўскага (Мінск) Катэгорыя:Установы культуры Катэгорыя:Навуковыя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2010 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 2017 годзе