Балеа́рскія астравы (, ) — архіпелаг на захадзе Міжземнага мора. Уваходзіць у склад Іспаніі і мае статус аўтаномнай супольнасці. Агульная плошча — 4 992 км². Насельніцтва (2018 г.) — 1 128 908 чалавек.

Сталіца і найбуйнейшы горад — Пальма-дэ-Мальёрка.

Геаграфія Балеарскі архіпелаг месціцца на захадзе Міжземнага мора. Выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 290 км. Бліжэйшы да мацерыка востраў Івіса знаходзіцца за 86 км ад Пірэнейскага паўвострава. Складаецца з 2 груп астравоў: Гімнесійскай і Пітыускай. Першая ўключае буйныя астравы Мальёрка (, літаральна «бо́льшы») і Менорка (, літаральна «меншы»). У склад другой уваходзяць астравы Івіса і Фарментэра. Агульная колькасць астравоў і скал — 151.

Асноўныя Балеарскія астравы Назва Каардынаты Плошча, км² Гімнесіі Мальёрка 3640,16 Кабрэра 15,69 Менорка 695,7 Пітыускія астравы Івіса 571,76 Фарментэра 82,49

Мальёрка, Кабрэра і Пітыускія астравы з’яўляюцца вяршынямі падводнага падняцця, якое ў сваю чаргу па паходжанню звязана з горнай сістэмай Кардыльера-Бетыка на поўдні Пірэнейскага паўвострава. Яны сфарміраваны пераважна ў Мезазойскую эру. Для Меноркі характэрны палеазойскія адкладанні. Вядомыя карысныя выкапні: медзь, срэбра, галіт, вапняк.

Найбуйнейшы востраў Мальёрка знакаміты разнастайнымі пейзажамі. Паўночны захад пакрыты гарамі. Самая высокая Пуч-Маёр дасягае 1436 м. Астатняя частка вострава ўяўляе сабой даліну з невялікімі ўзвышшамі. На астатніх астравах высокіх гор няма, аднак паверхня надзвычай камяністая. З-за друзлых глеб і спякотнага лета часцяком адчуваецца недахоп пітной вады. Нават у наш час на Балеарскіх астравах няма стандартызаванага водазабеспячэння. Мясцовая вада ўтрымоўвае вялікую колькасць кальцыя і соляў. Архіпелаг знакаміты пляжамі, якія прыцягваюць вялікую колькасць турыстаў.

Для Балеарскіх астравоў характэрны міжземнаморскі клімат. У Пальма-дэ-Мальёрка ў лютым сярэдняя дзённая тэмпература трымаецца на ўзроўні +11,9 °C, у жніўні — +26,2 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 449 мм.

Прырода Флора Балеарскіх астравоў налічвае 1500 відаў. 150 з іх — эндэмікіFlora and fauna of the Balearic Islands — Via Gallica, у тым ліку 32 віды папарацяў і 31 від архідэйFlora and fauna of the Balearic Islands. Распаўсюджаныя расліны: хвоі, дуб, ражковае дрэва, сунічнае дрэва, пальмета, дзікая спаржа, наперстаўка, фіялкі і г. д. Дзікія расліны лепей захоўваюцца ў горных раёнах, а таксама на дробных астравах.

Наземная фаўна бяднейшая за кантынентальную, аднак і тут вылучаюцца 300 відаў эндэмікаў — 2 віды яшчарак, амфібіі, шматлікія насякомыя і слімакі. Сысуны прадстаўлены дзікамі і вожыкамі. Вельмі разнастайны птушыны свет. Балеарскія астравы насяляюць буравеснікі, фламінга, чорны свіргуль, скапа і інш. Прыбярэжныя балоты і саланчакі сезонна вабяць пералётных птушак.

Навакольныя воды славяцца чысцінёю. Лічыцца, што прычынай таму з’яўляецца водарасць Posidonia oceanica, якая стварае шырокія падводныя лугі, ачышчае ваду і з’яўляецца кормам для марскіх чарапах і рыб. Каля астравоў сустракаюцца акулы, баракуды, вугры, сальпыTypes of species you will spot diving in the Balearic Islands. Берагі наведваюць цюлені-манахі.

Кіраванне Балеарскія астравы з’яўляюцца аўтаномным рэгіёнам Іспаніі. Аўтаномія вызначаецца статутамі аб аўтаноміі 1983 г. і 2007 г. Статут аб аўтаноміі 2007 г. вызначае балеарцаў як адну з нацый Іспаніі.

На мясцовым узроўні дзейнічаюць астраўныя рады Мальёркі, Меноркі, Івісы і Фарментэры, якія адначасова з’яўляюцца заканадаўчымі і выканаўчымі органамі ўлады.

На рэгіянальным узроўні заканадаўчая ўлада належыць парламенту Балеарскіх астравоў (, ), куды выбіраюцца 33 дэпутаты ад Мальёркі, 13 дэпутатаў ад Меноркі, 12 дэпутатаў ад Івісы, 1 дэпутат ад Фарментэры. Парламент прымае рэгіянальныя законы, прызначае ўрад і зацвярджае бюджэт Балеарскіх астравоў, звяртаецца ў Канстытуцыйны суд (Трыбунал) Іспаніі, выбірае прэзідэнта аўтаномнай супольнасці.

Выбраны парламентам Балеарскіх астравоў і прызначаны каралём Іспаніі прэзідэнт аўтаномнай супольнасці фарміруе рэгіянальны орган выканаўчай улады — урад Балеарскіх астравоў (, ). Члены ўрада не павінны ўваходзіць у склад парламента Балеарскіх астравоў. Яны адказваюць за выдаткі бюджэту, развіццё эканомікі, навукі і інавацый, сацыяльны лад.

Сталіца аўтаноміі — горад Пальма-дэ-Мальёрка.

Эканоміка

Балеарскія астравы — адзін з найбольш важных турыстычных рэгіёнаў ЕС. Так, у 2016 г. яго наведалі 15 мільёнаў іншаземных турыстаўBALEARIC ISLANDS REGIONAL CONTEXT SURVEY. Астравы прыцягальныя дзякуючы сухому міжземнаморскаму клімату, пляжам, прыродным і гістарычным аб’ектам. Большасць турыстаў прыязджае з мая да кастрычніка.

Прамысловасць і транспарт шчыльна звязаны з развіццём турызму. На Балеарскіх астравах працуюць 3 міжнародныя аэрапорты і 7 портаў, што абслугоўваюць рэгулярныя марскія лініі.

Сельская гаспадарка арыентавана на вытворчасць засухаўстойлівых культур — садавіны, гародніны, збожжавых, цытрусавых, маслін, міндаля, ражковага дрэва. На востраве Менорка развіта жывёлагадоўля. З канца XX ст. робяцца захады для павелічэння значнасці арганічнай сельскай гаспадаркі.

Хаця рыбалоўства доўгі час лічылася важным традыцыйным заняткам, у наш час яно адыгрывае пэўную эканамічную ролю толькі на востраве Мальёрка. У 2015—2016 г. было зарэгістравана 35 рыбалоўных суднаў ад 5 м да 12 м у даўжынюBalearic Islands boat seine fisheries: the transparent goby fishery an example of co-management. Яны выходзілі на здабычу пераважна ўзімку і ўвосень. У большасці выпадкаў рыбаловы кааперуюцца для куплі судна і яго абслугоўвання.

Узровень эканамічнага развіцця і жыцця на Балеарскіх астравах адзін з найвышэйшых у Іспаніі. У 2017 г. гадавы валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва дасягаў 28 957 міжнародных долараўBalearic Islands. Разам з гэтым, назіраліся спад эканамічнага росту і дэфіцыт бюджэту.

Вядомыя асобы Росі дэ Пальма

Спасылкі Урад Гісторыя Турызм Даведнік для вандроўніка Энцыклапедыя

Катэгорыя:Астравы Іспаніі Катэгорыя:Аўтаномныя супольнасці Іспаніі

Катэгорыя:Правінцыі Іспаніі Катэгорыя:Архіпелагі паводле алфавіта