Мікалай Мікалаевіч Уласюк (1957, г. Брэст — 25 красавіка 2024, г. Брэст) — беларускі архітэктар-рэстаўратар, краязнавец.
Біяграфія Продкі паходзяць з-пад Бельска (цяпер Польшча). Нарадзіўся ў сям’і чыгуначнікаў. Маці родам з вёскі Трасцяніца, бацька з Высокага.
Служыў на Чарнаморскім флоце. У 1979—1984 гадах вучыўся на архітэктурным факультэце БІБІ па спецыяльнасці «ландшафтная архітэктура». У 1984—2015 гадах працаваў інжынерам-будаўніком у Куставым інфармацыйна-вылічальным цэнтры Мінпрамбуда БССР, інспектарам па ахове помнікаў гісторыі і культуры Брэсцкай вобласці, архітэктарам у праектным інстытуце «Брэстграмадзянпраект», старшым архітэктарам, начальнік аддзела ў Брэсцкім філіяле інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя».
У 1997 годзе скончыў Міжнародную паўслядыпломную школу ICOMOS-IFLA (Варшава) па спецыяльнасці «ахова і рэстаўрацыя старажытных могілак».
Адначасова з 2001 года выкладаў у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка (з 2017 — кафедра архітэктуры), у 2007—2013 — старшы выкладчык, з 2013 — дацэнт кафедры.
Памёр 25 красавіка 2024 года. Пахаваны 26 красавіка.
Навуковая дзейнасць Аўтар публікацый па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны; гісторыі, архітэктуры і тапаніміі Брэста; публікацый пра метал і цэглу ў архітэктуры горада.
Аўтар кніг «Гістарычная тапанімія Кобрынскага фарштата крэпасці Брэст-Літоўск ХIХ-ХХI стагоддзяў і цяперашніх гарадскіх зямель», «Крэпасць Брэст-Літоўск: метал у архітэктуры» і «113D000743. Бедэкер» пра Трышынскія могілкі.
Высілкамі Уласюка ў 2016 годзе Трышынскія могілкі атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
Сям’я Меў сына Мікалая Мікалаевіча Уласюка (нар. 1980), таксама архітэктара.
Погляды Усе свае кнігі выдаў па-руску ў дарэформеннай арфаграфіі, бо хацеў «максімальна прытрымлівацца гістарычнай праўды». Прынцыпова выкарыстоўваў форму «Белоруссия» замест «Беларусь», якую, як лічыў, навязвалі як адзіную правільную з 1990-х гадоў.
Падтрымліваў палітыку Лукашэнкі па захаванні помнікаў Леніну і іншым савецкім дзеячам.
Лічыў, што помнікі важна захоўваць у тым выглядзе, у якім яны да нас дайшлі і не варта іх «псаваць» рэстаўрацыяй. Сябе называў архітэктарам-кансерватарам.
Катэгорыя:Архітэктары Брэста Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Рэстаўратары Беларусі Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі