У маі 2024 года зафіксавана серыя магутных сонечных бур з інтэнсіўнымі і экстрэмальнымі сонечнымі ўспышкамі і кампанентамі геамагнітнай буры. З’ява выклікала палярныя ззянні на значна больш нізкіх шыротах, чым звычайна, як у паўночным, так і ў паўднёвым паўшар’ях.
Напярэдадні, 8 мая, у сонечна-актыўнай вобласці NOAA 3664 адбыліся ўспышкі класа X1.0 і M, зафіксавана некалькі каранальных выкідаў масы ў бок Зямлі. На наступны дзень здарыліся ўспышкі класаў X2.25 і X1.12, а 10 мая — адна класа X3.98. Адначасна ў NOAA 3664 пачаўся радыяцыйны шторм нізкага ўзроўню (S1).
10 мая тры выкіды дасягнулі Зямлі, выклікаўшы моцныя і экстрэмальныя геамагнітныя штормы з яркімі і вельмі працяглымі палярнымі ззяннямі. Іх можна было ўбачыць на поўначы Індыі і каля горада Урумчы на паўночным захадзе Кітая. У Еўропе яны назіраліся з паўднёвых рэгіёнаў Харватыі і Іспаніі. У Паўночнай Амерыцы палярныя ззянні заўважаны на поўдзень да Фларыды і Мексікі. У паўднёвым паўшар’і палярнае ззянне было заўважана ў Новай Зеландыі, Аўстраліі, Чылі, Аргенціне, на поўначы Уругвая і Намібіі.
Уздзеянне з’явы адбілася на функцыяванні спадарожнікаў Starlink, паведамлялася аб парушэннях работы GPS.
Крыніцы
Катэгорыя:Май 2024 года Катэгорыя:2024 год у навуцы Катэгорыя:Сонечная актыўнасць