Хасэ Антоніа Агірэ Лекубе (баск. José Antonio Aguirre y Lecube; 6 сакавіка 1904, Більбаа, Іспанія — 22 сакавіка 1960, Парыж, Францыя) — іспана-басконскі палітык, дзеяч баскскага нацыяналізму, першы прэзідэнт (леендакары) Краіны Баскаў (1936—1960).

Біяграфія Сярэднюю адукацыю атрымаў у першай у краіне ікастоле — школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся на баскскай мове. Атрымаў юрыдычную адукацыю.

У 1920 годзе памёр яго бацька, і Агірэ разам з вялікай сям’ёй пераехаў у Алгорту. У 1926 годзе, пасля арміі, уладкаваўся ў юрыдычную фірму, пазней адкрыўшы ўласную. Паралельна пачаў удзельнічаць у кіраванні сямейнай фабрыкай па вытворчасці шакаладу, дасягнуўшы ў гэтай справе значных поспехаў. Атрымаў вядомасць дзякуючы палітыцы па павышэнні дабрабыту рабочых. Як юрыст Алігарэ нярэдка аказваў дапамогу прадстаўнікам бедных класаў. Ён таксама быў футбалістам, гуляў за клуб Атлетык Більбаа.

У канцы 1920-х гадоў далучыўся да Баскскай нацыяналістычнай партыі.

Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі Агірэ застаўся верны Другой Рэспубліцы, сфармаваў у Краіне Баскаў урад з прадстаўнікоў розных палітычных сіл: баскскіх нацыяналістаў, сацыялістаў, левых нацыяналістаў, левых і цэнтрысцкіх рэспубліканцаў, камуністаў.

Летам 1937 года, калі паўстанцы прарвалі абарону вакол Більбаа, Агірэ быў вымушаны бегчы ў Каталонію; пасля паражэння Рэспублікі эміграваў у Францыю. Адтуль у 1940 года уцёк у Швецыю праз Бельгію (дзе хаваўся ў езуіцкім каледжы) і Германію (дзе пражыў чатыры месяцы, пакінуўшы сям’ю ў Лёвене). У 1941 годзе разам са сваёй жонкай і дзецьмі адправіўся ў Бразілію.

Далей жыў у Бразіліі, Уругваі, Аргенціне. Потым пераехаў у ЗША, дзе выкладаў у Калумбійскім універсітэце. Некалькі разоў выязджаў у краіны Лацінскай Амерыкі. Вёў антыфашысцкую агітацыю сярод баскскіх дыяспар. Быў удзельнікам першай канферэнцыі ААН. У 1946 годзе пераехаў у Францыю, стварыўшы так званы «баскскі ўрад у выгнанні». Супрацоўнічаў з ЦРУ па пытаннях барацьбы з камунізмам у краінах Лацінскай Амерыкі. У апошнія гады жыцця шмат займаўся грамадскай дзейнасцю, арганізаваў Міжнародны кангрэс баскскіх партый.

Памёр у Парыжы ад сардэчнага прыступу, быў пахаваны ў прыходзе царквы Сен-Жан.

Крыніцы

Літаратура Anasagasti, Iñaki, ed. Conversaciones sobre José Antonio Aguirre. Bilbao: Idatz Ekintza, 1983.

Катэгорыя:Ігракі ФК Атлетык Більбаа Катэгорыя:Палітыкі Іспаніі Катэгорыя:Постаці Краіны Баскаў Катэгорыя:Удзельнікі грамадзянскай вайны ў Іспаніі (рэспубліканцы) Катэгорыя:Палітыкі-эмігранты Катэгорыя:Дзеячы нацыяналізму