Вы́мна — возера ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Вядома пад назвай Вымна спартыўнае. Возера размешчана ў 20 км на ўсход ад горада Гарадок у басейне ракі Лужаснянка.
Апісанне Плошча паверхні — 7,24 км², даўжыня берагавой лініі 22,6 км. Берагавая лінія звілістая. Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Найбольшая глыбіня 7,8 м, сярэдняя — 4,4 м, глыбіні да 2 м займаюць 14 %, да 5 м — 51 % плошчы возера. Дно плоскае, літараль вузкая, пясчаная. З глыбіні 1,5—2 м дно засланае гліністым глеем, з 5 метраў — сапрапелем. Возера эўтрофнае, слабапратокавае. Злучана пратокамі з азёрамі Вослепна (Слепня) і Арлейка, выцякае рака Лужаснянка. У разводдзе Вымна ручаём злучаецца з возерам Захбейка.
На возеры размешчаны 7 астравоў агульнай плошчай 8,7 га.
Паблізу возера размешчаны вёскі Хабаты, Ходарава.
Пляцоўка для АЭС У 1980-я гады паўночны бераг возера Вымна праектаваўся як пляцоўка для адной з найбуйнейшых у свеце атамных электрастанцый — Віцебскай АЭС магутнасцю 8000-10 000 МВт. Каб забяспечыць такі аб’ект вадой для ахалоджвання, плошчу натуральнага возера планавалі павялічыць у некалькі разоў, пабудаваўшы спецыяльны трубаправод для перакідвання вады з Дзвіны. Праект быў адменены пасля аварыі на ЧАЭС.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Азёры Гарадоцкага раёна Катэгорыя:Басейн Лужаснянкі