«На́ша сло́ва» — нелегальны рукапісны часопіс на беларускай мове. Выпускаўся ў 1925 годзе выдавецкім таварыствам «Згода» ў Слуцку. Выйшлі два сшыткі, з якіх захаваўся першы. Аўтарамі выдання былі Рыгор Казак, Мікалай Казак, Нічыпар Мяцельскі, Міхась Макарэня, Міхась Дземідовіч, якія карысталіся псеўданімамі. У выдання было два лозунгі: «Няхай жыве вольная Беларусь!» і «Роднае слова — пашырайся». Мэтай рукапіснага часопіса было высвятленне розных галін літаратуры. Першы нумар часопіса складаўся з уступу і раздзелаў «Сучаснае становішча», «Апісаньне прыроды», «Заданьні (што трэба рабіць беларусу)», «Вершы і апавяданьні». Іван Саверчанка адзначае, што ў выданні асобнае месца займалі публіцыстыка, аналітычныя і праграмныя артыкулы, якія крытыкавалі бальшавіцкую ўладу. Вершы, якія асуджаюць бальшавікоў, маюць пафас нацыянальна-патрыятычнага характару. Акрамя паэзіі ў выданні таксама сустракаюцца проза, пейзажная лірыка і філасафічныя разважанні.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:1925 год у Беларусі