Нараўлянскі вал — тэктанічная структура ў Мазырскім, Ельскім, Нараўлянскім, Калінкавіцкім, Хойніцкім і Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці, у межах усходняй часткі Нараўлянскага горста і скляпеннай часткі Хойніцкага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну.
Выцягнуты ў субшыротным напрамку на 75 км, шырыня 6-8 км. Уключае Кустоўніцкі і Нараўлянскі крыптадыяпіры, Усходне-Кустоўніцкі і Усходне-Нараўлянскі дыяпіроіды, Паўднёва-Хойніцкае і Мікуліцкае несаляныя падняцці. Амплітуда падняццяў мяняецца ад 100 да 400 м, памяншаецца ва ўсходнім напрамку. Амплітуда Нараўлянскага вала таксама ў цэлым памяншаецца на ўсход ад 1000-1400 да 100 м.
Вал выразны ў надсалявых дэвонскіх і каменнавугальных адкладах, затухае ўверх па разрэзе. Пахаваны пад трыясавымі і вышэйляжачымі адкладамі. Па міжсалявых і падсалявых адкладах валу адпавядае Нараўлянская зона прыразломных падняццяў і блокавыя структуры Хойніцкага падняцця. Скляпенні верхнефаменскіх саляных падняццяў размешчаны над узвышанымі прыразломнымі часткамі падсаляных блокаў або ссунуты ад іх на 1-2 км.
Нараўлянскі вал прыразломны, у заходняй частцы саляны, сфарміраваўся ў выніку блокавых рухаў і праяўлення саляной тэктонікі ў познадэвонскі (данкова-лебядзінскі) і каменнавугальны час.
Літаратура
Катэгорыя:Геалогія Брагінскага раёна Катэгорыя:Геалогія Ельскага раёна Катэгорыя:Геалогія Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Геалогія Мазырскага раёна Катэгорыя:Геалогія Нараўлянскага раёна Катэгорыя:Геалогія Хойніцкага раёна Катэгорыя:Прыпяцкі прагін