Трансмісі́йнае ма́сла — нафтавае ці сінтэтычнае змазачнае масла, прызначанае для закрытых зубчастых перадач усіх відаў (рэдуктараў, каробак перадач, раздатачных каробак, галоўных перадач вядучых мастоў і іншых) у шырокім дыяпазоне тэмператур і нагрузак.

Вырабляюць трансмісійнае масла на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем прысадак (процізадзірных, антыакісляльных, проціпенных і іншых).

У гідрадынамічных і гідрааб’ёмных перадачах трансмісійнае масла выконвае функцыі асяроддзя, якое перадае магутнасць і запаўняе сістэмы рэгулявання. Адкрытыя зубчастыя перадачы змазваюць асабліва вязкімі астаткавымі нафтавымі масламі з прысадкамі.

Разнавіднасцю трансмісійнага масла з’яўляецца гіпоіднае масла, прызначанае для змазкі гіпоідных перадач. Яно мае прысадкі, што хімічна ўзаемадзейнічаюць з матэрыялам і ўтвараюць злучэнні, якія выконваюць функцыі процізадзірных пакрыццяў.

Крыніцы

Літаратура

ГОСТ 17479.2-85 Масла трансмиссионные. Классификация и обозначение.

Спасылкі Их миссия — трансмиссия // Журнал «За рулём»

Катэгорыя:Антыфрыкцыйныя матэрыялы Катэгорыя:Нафтапрадукты