Віктар Міхайлавіч Лук’янаў () — беларускі мастак, акварэліст, ганаровы грамадзянін Наваполацка (1998).

Біяграфія Нарадзіўся 27 лютага 1940 года ў в. Уласава Віцебскай вобласці.

Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча ў 1956 гозде і мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава ў 1967 годзе.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1964 года. У 1970-я гады Віктара Лук’янава запрасілі прыехаць у горад Наваполацк, які актыўна забудоўваўся, і заняць там пасаду галоўнага мастака.

У 1973 годзе стаў членам Беларускага саюза мастакоў.

У 1998 годзе прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Наваполацка».

Памёр 18 кастрычніка 2024 года.

Творчасць Працуе ў тэхніцы акварэлі і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Станковым творам уласцівыя лірычная і сімвалічна-рамантычная вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонаў кантрастаў, насычаныя колеры.

Ужо студэнтам актыўна браў удзел у выставах і сур’ёзна захапіўся акварэллю. Менавіта акварэль ён называў сваёй улюбёнай тэхнікай, якой валодаў віртуозна.

Віктар Міхайлавіч шмат працаваў над афармленнем грамадскіх будынкаў Наваполацка. Ім і яго калегамі выкананыя вітражы ў паліклініцы № 1 і рэстаране «Белы востраў», пано ў кінатэатры «Мінск» і прафілакторыі завода БВК, мазаікі на фасадах дзіцячых садкоў і многае іншае.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Віцебскім краязнаўчым музеі, Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Многія карціны набыты мастацкімі музеямі і карціннымі галерэямі Расіі і Польшчы. Яго працы ўпрыгожваюць беларускую ўрадавую рэзідэнцыю, знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Японіі, ЗША, Італіі, Швецыі, Турцыі, Ізраілі, Германіі, Расіі.

Сярод прац: тэматычныя кампазіцыі «Браслаўскія рыбакі» (1975), «На ўдарнай будоўлі» (1976), трыпціх «На віцебскім дывановым» (1978), «Сураж-Віцебск» (1984); пейзажы «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «Зямля Полацкая — старажытная і юная» (1972), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Першы снег» (1998), «Старажытнасць» (1999), «Да Раства выпаў снег…» (2005); нацюрморты «Хлеб» (1970), «Палявыя кветкі» (1987), «Матылёк» (1990), «Самавары» (1997), «Восеньскія кветкі» (1999). Аўтар манументальных роспісаў «Памяць» у Музеі баявой славы (г. Полацк, 1972), «Легенда аб старым Полацку» (кафэ «Віцязь», 1979), «Белая Русь» (кінатэатр «Мінск», 1981).

Літаратура

Лукьянов Виктор Михайлович // Почетные граждане города Новополоцка / [сост. С. Б. Филиппенкова; ред. совет: Н. М. Марченко, В. К. Мартыненко, М. В. Караваева]. — Новополоцк : ПГУ, 2015. — С. 26.

Зноскі

Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Наваполацка