Бе́лая Русь — беларускае грамадскае аб’яднанне, створанае ў 2007 годзе. Падтрымала прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка ў парламенцкіх выбарах 2008 года, а таксама яго ўдзел у выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе і наступных палітычных кампаніях.

Ад заснавання аб’яднанне ўзначальваў Аляксандр Радзькоў, у 2018—2022 гадах — Генадзь Давыдзька, з 2022 года — Алег Раманаў.

18 сакавіка 2023 года на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску стварылі палітычную партыю «Белая Русь». Старшынёй партыі выбраны старшыня грамадскага аб’яднання Алег Раманаў. Грамадскае аб'яднанне працягвае існаваць паралельна.

Кіраванне З’езд. Склікаецца раз у 5 год. Правамоцны пры наяўнасці 2/3 прадстаўнікоў. Простай большасцю галасоў абірае склад Савета і Цэнтральнай кантрольнай камісіі, ухваляе кірункі дзейнасці і змены Статута. Савет. Збіраецца штогадова. Абірае старшыню і Прэзідыум. Выконвае пастановы З’езда, вызначае набыццё і выкарыстанне маёмасці. Ухваляе каштарыс прыбыткаў і выдаткаў, надзяляе маёмасцю суполкі. Прэзідыум. Праводзіць пасяджэнні кожны квартал. Стварае і скасоўвае суполкі, прымае ды выключае членаў. Вядзе супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, СМІ і ўрадавымі ўстановамі. Вызначае колькасць, парадак і аплату працы супрацоўнікаў. Стварае і скасоўвае падпарадкаваныя ўстановы, прызначае і ўзнагароджвае іх кіраўнікоў. Цэнтральная рэвізійная камісія. Збіраецца штогадова. Сочыць за выкананнем пастановаў З’езда і каштарыса прыбыткаў і выдаткаў.

Спасылкі Афіцыйны сайт грамадскага аб’яднання «Белая Русь»