Меда́ль Францы́ска Скары́ны — дзяржаўная ўзнагарода ў Нацыянальнай сістэме ўзнагарод Беларусі (дэмакратычных сіл), распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня» для Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Прызначана для адзначэння грамадзян за выдатныя заслугі і значны ўнёсак у развіццё беларускай навукі, адукацыі і культуры. Фармальна зацверджана 16 лістапада 2024 года пастановай кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай.
Медаль разглядаецца як альтэрнатыўны і ачышчаны ад дыскрэдытацыі пераемнік арыгінальнага Медаля Францыска Скарыны, які быў заснаваны ў 1989 годзе ў БССР.
Статут і парадак узнагароджання Згодна са статутам, медаль уручаецца беларускім і замежным грамадзянам, якія працуюць у галіне навукі, адукацыі і культуры, за выдатныя заслугі ў прафесійнай дзейнасці і значны асабісты ўнёсак у павелічэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларускага народа.
Узнагарода можа надавацца адной і той жа асобе толькі адзін раз, аднак пры паўторным учынку дае магчымасць намінацыі на больш высокія нацыянальныя ўзнагароды. Дапускаецца пасмяротнае ўзнагароджанне. Разам з медалём выдаецца сертыфікат. Асоба можа быць пазбаўлена ўзнагароды пры наяўнасці абвінаваўчых судовых выракаў за крымінальныя злачынствы.
У агульнай іерархіі Нацыянальнай сістэмы ўзнагарод медаль Францыска Скарыны размяшчаецца пасля Медаля Сцяга і перад Медалём «Гонар і Годнасць». Медаль носіцца на левым баку грудзей на цывільнай вопратцы або вайсковым мундзіры.
Апісанне і семантыка Медаль мае круглую форму (дыяметр 32 мм) і залацісты колер. Ён вырабляецца з латуні з пакрыццём золатам 999-й пробы.
На аверсе (ліцавым баку) медаля ў цэнтры змешчаны рэльефны партрэт беларускага першадрукара Францыска Скарыны, выкананы на аснове яго гравюры з «Бібліі Рускай». Злева і справа ад партрэта па крузе выбіты надпіс «ФРАНЦЫСК СКАРЫНА».
На рэверсе (адваротным баку) у цэнтры барочнай тарчы (шчыта) размешчаны асабісты мяшчанскі герб Францыска Скарыны: выява злучаных антрапаморфных Сонца і месяца.
Узнагарода мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі з трапецападобным нізам (памер калодкі 50×28 мм). Стужка медаля мае сіні колер, у цэнтры якой пушчаны вертыкальны беларускі арнамент жоўтага колеру (шырынёй 14 мм).
Візуальная канцэпцыя ўзнагароды (у прыватнасці, блакітны і жоўты колеры стужкі) адлюстроўвае геральдычныя колеры мяшчанскага герба Скарыны (блакіт і золата). Арнамент на стужцы ўзяты з ручніка, які прысутнічае на гравюрным партрэце Скарыны, і падкрэслівае этнічнае паходжанне першадрукара. Блакітны колер дадаткова сімвалізуе неба Беларусі, а золата ў геральдыцы азначае славу, гонар і багацце.
Гісторыя і прычыны стварэння Медаль быў створаны Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі як альтэрнатыва афіцыйнаму дзяржаўнаму Медалю Францыска Скарыны, які ўручаецца ў Рэспубліцы Беларусь.
Згодна з афіцыйнай пастановай Кабінета ад 16 лістапада 2024 года, арыгінальныя Медаль і Ордэн Францыска Скарыны на працягу 1995—2023 гадоў былі істотна дыскрэдытаваныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Стваральнікі новай узнагароды адзначылі, што ў парушэнне статута старымі медалямі ўзнагароджваліся людзі, якія адкрыта варожа ставіліся да Беларусі і беларускай культуры (напрыклад, расійскія эстрадныя выканаўцы), што выглядала як «абраза і здзек з Беларусі».
У сувязі з гэтым АПК абвясціў аб скасаванні ўсіх узнагароджанняў старым медалём за перыяд 1994—2023 гадоў. Сілу захавалі толькі тыя ўзнагароджанні, якія былі здзейснены ў 1989—1993 гадах. Асобы, узнагароджаныя пазней, пасля працэдуры верыфікацыі павінны будуць альбо страціць свае ўзнагароды, альбо атрымаць медаль новага ўзору.
Гісторыя ўручэнняў Яшчэ да афіцыйнага зацвярджэння канчатковага статута Аб'яднаны пераходны кабінет пачаў праводзіць урачыстыя ўзнагароджанні.
Першае ўзнагароджанне адбылося 21 лютага 2024 года (на Дзень роднай мовы). За ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы медалямі былі адзначаны: Вінцук Вячорка — мовазнавец; Уладзімір Някляеў — грамадска-палітычны дзеяч, паэт, празаік; Эльжбета Смулкова — беларусістка, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі; Івонка Сурвіла — старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі; Сяргей Шупа — перакладчык, журналіст; Яшчэ чатыры асобы былі ўзнагароджаны непублічна з меркаванняў бяспекі.
Наступнае ўзнагароджанне адбылося 24 снежня 2024 года. Медалі атрымалі: Наталля Гардзіенка — гісторык беларускай дыяспары; Лявон Юрэвіч — грамадскі дзеяч, даследчык беларускай эміграцыі; Наталля Каляда — сузаснавальніца і выканаўчая дырэктарка «Беларускага свабоднага тэатра»; Мікалай Халезін — журналіст, сцэнарыст, мастацкі кіраўнік «Беларускага свабоднага тэатра»; Адна асоба была ўзнагароджана непублічна з меркаванняў бяспекі.
22 студзеня 2025 года было прынята рашэнне аб узнагароджанні двух журналістаў. 23 сакавіка 2025 года ўзнагарода была ўрачыста ўручана: Ніне Баршчэўскай — заснавальніцы беларускай службы Польскага радыё, доктарцы філалогіі, прафесарцы Варшаўскага ўніверсітэта.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Медалі Беларусі Катэгорыя:Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2024 годзе