Нефрома згладжаная, або Нефрома гладзенькая (Nephroma laevigatum) — від лішайнікаў сямейства пельтыгеравых.
Апісанне Слаявіна лістападобная, дыяметрам 90-120 мм, тонкая, з кароткімі лопасцямі, якія звычайна грабеньчата налягаюць адна на адну. Верхняя яе паверхня карычнева-шэрая, гладкая, бліскучая, часам ізідыёзная або нясе рэгенерацыйныя лускавінкі. Ніжняя паверхня светлая, к цэнтру часта цямнее, шэрая або светлая, на ўсім працягу голая або больш-менш апушаная, часам з рассеянымі рызінамі ў вузкіх пучках. Апатэцыі часта шматлікія, даўжынёй да 3,5-5 мм і шырынёй да 4-8 мм, гарызантальна прымацаваныя, з чырванавата-карычневым, карычневым, плоскім або некалькі выгнутым дыскам. Асяродачны слой белы, жоўты, часам ярка-жоўты. Слаявіна ўтрымлівае рэчыва нефрамін.
Пашырэнне Пашырэнне: Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Аўстралія. Вядомы ў Эстоніі, Украіне (Крым), на Камчатцы; у Беларусі зрэдку трапляецца асобнымі экземплярамі, рэлікт субакіянічнай флоры атлантычнага перыяду галацэну. Расце на галінах елкі ў старых хвойных і хвойна-шыракалістых лясах, знаходзіцца пад пагрозай знікнення не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах Еўропы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Літаратура Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Катэгорыя:Пельтыгеральныя