Крыж Адраджэ́ння Белару́сі (братоў Луцкевічаў) — дзяржаўная ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня» для Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Прызначана для адзначэння грамадзян за значны ўнёсак у нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Упершыню пачаў уручацца ў 2024 годзе.
Гісторыя У сакавіку 2024 года фізічныя экзэмпляры крыжа ўжо былі гатовы, але ўзнагарода яшчэ не ўручалася. 15 красавіка 2024 года кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская ўручыла першы крыж старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле. Афіцыйна статут узнагароды быў зацверджаны адпаведнай пастановай Кабінета 16 лістапада 2024 года.
Статут і парадак узнагароджання Згодна са статутам, крыжам узнагароджваюцца грамадзяне Беларусі, замежнікі і асобы без грамадзянства, якія зрабілі значны ўнёсак у нацыянальнае адраджэнне і развіццё краіны праз сваю дзейнасць у сферах культуры, навукі, адукацыі, палітыкі, эканомікі, спорту і ў грамадскай сферы.
Паводле дакумента, узнагародай адзначаюцца асобы за абарону інтарэсаў беларускага народа; развіццё дэмакратыі, правоў і свабод чалавека; значны ўнёсак у эканамічнае адраджэнне краіны; стварэнне пазітыўнага вобраза і замацаванне прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне. Акрамя таго, падставамі для ўручэння з'яўляюцца аказанне гуманітарнай дапамогі, актыўны ўдзел у прасоўванні беларускай мовы і культуры, выхаванне высокіх духоўных і маральных якасцяў маладога пакалення, захаванне і папулярызацыя нацыянальнай спадчыны, а таксама значныя навуковыя даследаванні. Сярод іншых заслуг адзначаюцца дасягненні ў ахове здароўя, умацаванне міжнародных сувязяў і міру паміж народамі.
Узнагарода надаецца адной і той жа асобе толькі адзін раз. Прадугледжана магчымасць пасмяротнага ўзнагароджання. Крыж выдаецца бясплатна разам з адпаведным сертыфікатам, аднак можа быць адабраны пры наяўнасці абвінаваўчых судовых выракаў за крымінальныя злачынствы.
У агульнай іерархіі нацыянальных узнагарод крыж размяшчаецца пасля Крыжа Свабоды і перад Крыжам Добрасуседства. Ён носіцца на левым баку грудзей на цывільнай вопратцы або вайсковым мундзіры пасля нацыянальных ордэнаў.
Апісанне і семантыка Крыж вырабляецца са срэбра 999-й пробы і мае памеры 33 на 33 міліметры. Ён уяўляе сабой чатырохканцовы лапчаты крыж з зубчастымі канцамі, які пакрыты сіняй эмаллю і аздоблены па баках стылізаванымі лістамі кветкі валошкі серабрыстага колеру. У цэнтры крыжа на аверсе знаходзіцца срэбраны круг з профільнымі партрэтамі братоў Івана і Антона Луцкевічаў, скіраванымі ў левы бок. Пад імі размешчаны герб Беларускай Народнай Рэспублікі, а па кайме пушчаны надпіс «ІВАН І АНТОН ЛУЦКЕВІЧЫ». Справа і злева ад герба змешчаны стужкі, стылізаваныя пад бел-чырвона-белы сцяг.
На рэверсе па цэнтры выбіты лозунг «НЯХАЙ ЖЫВЕ НЕЗАЛЕЖНАЯ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», пад якім знаходзіцца парадкавы нумар.
Узнагарода мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі з трапецападобным нізам (памер калодкі 50×28 мм). Стужка сіняга колеру мае белую аблямоўку (шырынёй 2 мм), а ў яе цэнтры размешчаны тры палосы — белая, чырвоная і белая (шырынёй па 2,7 мм кожная).
Візуальная канцэпцыя грунтуецца на традыцыйным рыцарскім крыжы, які стылізаваны пад кветку валошкі — народны сімвал Беларусі. Адпаведна падабраны і асноўныя колеры — срэбраны (белы) і сіні. Профільныя партрэты братоў Луцкевічаў аддаюць даніну павагі стваральнікам Беларускай Народнай Рэспублікі і выбітным дзеячам нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Герб «Пагоня» (узору 1918—1921 гадоў з пашпарта БНР) і стужкі ў нацыянальных колерах сімвалізуюць незнішчальную моц беларускага вызвольнага руху. Дэвіз на рэверсе з'яўляецца гістарычным лозунгам, які прагучаў 25 сакавіка 1918 года падчас прыняцця Трэцяй Устаўной граматы БНР. Срэбра ў геральдыцы традыцыйна ўвасабляе сціпласць, шляхетнасць, ахвярнасць і чысціню.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Узнагароды Беларусі Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Крыжы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Катэгорыя:Крыжы (ўзнагароды) Катэгорыя:З’явіліся ў 2024 годзе