Этымалагічны слоўнік — тып лінгвістычнага слоўніка, у якім даюцца звесткі пра паходжанне слоў адной мовы або некалькіх роднасных моў адначасова.
Тыпы этымалагічных слоўнікаў Адрозніваюць два тыпы этымалагічных слоўнікаў: навуковыя (поўныя) і папулярныя (кароткія, школьныя).
Навуковы слоўнік характарызуецца максімальна шырокім рэестрам, дакладным аналізам розных пунктаў гледжання на этымалогію пэўнага слова, наяўнасцю бібліяграфіі. У ім фіксуецца першаснае значэнне слова, узнаўляецца яго архаічная форма, паказваецца, як утварылася слова, якая прыкмета ляжыць у яго аснове і г. д. Кожны артыкул будуецца як разгляд этымалогіі аднаго слова (каранёвага або вытворнага).
Папулярны слоўнік мае абмежаваны рэестр, вызначаецца агульнадаступным выкладам слоўнікавых артыкулаў, адсутнасцю бібліяграфічных спасылак.
Беларускія этымалагічныя слоўнікі Упершыню была пададзена беларуская лексіка на шырокім славянскім фоне ў «Этымалагічным слоўніку славянскіх моў» Ф. Міклашыча (Вена, 1886). Яна займае значнае месца і ў іншых слоўніках славянскіх моў: «Славянскі этымалагічны слоўнік» Э. Бернекера (1908—1913); а таксама фундаментальных слоўніках, работа над якімі вядзецца ў Маскве («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў: праславянскі лексічны фонд», 1974—2002, выпускі 1—29, выданне працягваецца), Кракаве («Слоўнік праславянскі», тамы 1—8, 1974—1984, 2001, выданне працягваецца), у Брне («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў», сшыткі 1—2, 1973—1980).
Значны лексічны матэрыял беларускіх гаворак упершыню ўведзены ў этымалагічныя даследаванні ў працы «Караняслоў рускай мовы, параўнаны з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі» (1842) беларуса па паходжанні Ф. С. Шымкевіча.
Спробы этымалагізацыі беларускай лексікі ёсць у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча (1870). Шырэй пададзена беларуская лексіка ў «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» М. Фасмера (тамы 1—3, 1950—1958; рускае перавыданне з дадаткамі, тамы 1—4, 1964—1973, перавыданне 1986—1987, 1996) і ў «Этымалагічным слоўніку польскай мовы» Ф. Слаўскага (тамы 1—5, 1952—1982, выданне працягваецца), «Этымалагічным слоўніку ўкраінскай мовы» (тамы 1—4, 1982—2002, выданне працягваецца).
Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тамы 1–14, 1978–2017, выданне працягваецца). Выданне мае на мэце выявіць словаўтваральныя і семантычныя архаізмы і інавацыі, у тым ліку тэрытарыяльна абмежаваныя запазычанні і калькі з іншых моў, мясцовыя наватворы, асаблівае значэнне надаецца арэальнай характарыстыцы слоў.
У кожным з тамоў каля 3 тысяч слоўнікавых артыкулаў з навуковай бібліяграфіяй па прыведзеных словах, у якой улічана манаграфічная і часопісная айчынная і замежная літаратура. Аб’ектам разгляду ў этымалагічным слоўніку могуць быць і фразеалагізмы. Напрыклад, у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава (1981) растлумачана паходжанне каля 450 устойлівых словазлучэнняў сучаснай беларускай мовы.
Крыніцы
Літаратура